(Ня)зручная Беларусь. Хто гаспадар нашага лёсу?

Ужо не ўпершыню ў сваёй гісторыі, Беларусь і сёньня стаіць перад найцяжэйшай задачай — выжыць. Краіна ўцягнутая ў крывавую вайну Расеі супраць Украіны, і пэрспэктыва, што ня сёньня дык заўтра гэтая вайна пагрукае ракетамі і бомбамі і ў наш Дом — цалкам сабе рэальная. Пры гэтым іншая вайна, якая, зрэшты, амаль ніколі й не спынялася цягам апошніх стагодзьдзяў, даўно разьлілася вогненным гноем па Беларусі. Гэта, як вы ўжо, напэўна, здагадаліся, — вайна супраць усяго беларускага. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік паглыбляецца ў гэты антыбеларускі гной у пошуках спосабу выжыць і ачысьціць нашую краіну ад яго.

Нібы сьляды ад стрэлаў у патыліцу

Гэта першае, што падумалася, калі быў пабачыў у Інтэрнэце здымак зь месца на Менскай кальцавой дарозе, дзе яшчэ нядаўна стаяў указальнік на Курапаты. Цяпер замест шыльды, на якой было напісана «Месца гібелі ахвяр палітычных рэпрэсіяў ва ўрочышчы Курапаты 1930-1940 гг.», засталіся толькі дзьве дзіркі ў зямлі.

Нібы адтуліны ў тысячах і тысячах прастрэленых чарапоў, знойдзеных непадалёк.

Kurapaty
Фота ўчастку Менскай кальцавой дарогі з шыльдай пра Курапаты, а таксама ўжо безь яе. Фота з тг-каналу Вольгі Бондаравай

Паказальна, што гэты здымак найперш зьявіўся ў тэлеграм-канале сумнавядомае рускамірскае дзяячкі і адкрытае беларусафобкі Вольгі Бондаравай. Публікацыя традыцыйна поўная злараднае жоўці і крыўляньня ня толькі з памяці ахвяраў сталіністаў, але і зь беларускае мовы.

Дарэчы, у тымсама тэлеграм-канале побач — публікацыі ў аналягічным стылі, у якіх паліваюцца памыямі Кастусь Каліноўскі і ягоныя паплечнікі-паўстанцы, а таксама «інвэнтарызуюцца» шыльды й памятныя знакі, прысьвечыныя ўдзельнікам антырасейскага паўстаньня 1863-1864 гг. Улічваючы, што менавіта беларусафобка Бондарава спрычынілася да зьнікненьня шэрагу мэмарыяльных знакаў, прысьвечаных беларускім нацыянальным героям, у тым ліку каліноўцам і Тадэвушу Касьцюшку ў Горадні, бюсту паэткі Ларысы Геніюш у Зэльве, а таксама да зьнішчэньня Музэю гісторыі Беларусі ў Старых Дарогах і г.д., нескладана здагадацца, да чаго гэтая «інвэнтарызацыя» шыльдаў каліноўцаў вядзе.

Ну бо што Кастусь Каліноўскі, што Ларыса Геніюш, што сотні тысяч бязьвінна забітых чэкістамі людзей у Курапатах (і дзясятках падобных месцаў па ўсёй краіне) — усе яны самім сваім існаваньнем як раз-ткі й замінаюць беларусам, паводле мараў розных бондаравых, у дружным парыве зьліцца з расейцамі ў адзіную й непадзельную біямасу.

Яно ж неяк нязручна — добраахвотна станавіцца тымі, хто забіваў тваіх блізкіх толькі за тое, што яны не хацелі быць адным цэлым са сваімі забойцамі, праўда?

Apahanieny vandalami kamień-pomnik u Kurapatach
Апаганены вандаламі камень-помнік у Курапатах з нанесеным імі надпісам «Вернем практику НКВД», 2020 г. Фота з сацыяльных сетак

Нязручную гісторыю — толькі пад нож

Для нязручнай гісторыі ва ўладаў ёсьць толькі адна прапанова — стрэл у патыліцу. Дзірка ў зямлі. Ці вы думаеце, што былі нейкія іншыя прычыны крыжалому ў Курапатах альбо масавага зьнішчэньня польскіх вайсковых могілак у Беларусі?

Не, даражэнькія, нязручную гісторыю — толькі пад нож, пад бульдозэр. Зьнішчыць, расстраляць, растаптаць, вырваць з коранем. А замест вырваных — напісаць новыя старонкі куды больш зручнай гісторыі адзінае й безапэляцыйна расейскае Саюзнае дзяржавы.

Зрэшты, ня варта сябе цешыць ілюзіямі, што толькі гісторыяй усё і скончыцца. Нібы каменьчык у боце, муляе стаць стоадсоткавымі расейцамі й нашая з вамі родная беларуская мова. Нашая культура і традыцыі. Нашая народная памяць. Тое, што ўласна й робіць нас з вамі беларусамі, цудоўным адметным і самабытным народам. Тое, што нас, раскіданых сёньня па ўсім сьвеце, лучыць па-над межамі, задзіночвае, натхняе на штосьці супольнае.

А таму й лёс нязручнай мове, культуры, традыцыям, народнай памяці падрыхтаваны беларусафобамі тойсама, што й нашай гераічнай, пакручастай і гэткай нязручнай для іх гісторыі.

Стрэл у патыліцу. Дзірка ў зямлі.

Valiera Rusieli
 Валера Руселік. Фота з асабістага архіву аўтара

Што застаецца рабіць

Ну добра, вось сьмяротны вырак сфармуляваны і агучаны. Дык і што ж нам цяпер рабіць? Скласьці рукі і чакаць сваёй чаргі — альбо ў расейскі пашпартны стол, альбо ў жоўты пясочак?

Вядома ж, не. Варта памятаць адную простую, але вельмі важную рэч: усялякую гісторыю — і зручную, і нязручную — ствараюць людзі. Штодня. Кожны з нас. У тым ліку — ты і я.

Гэта наш з табою выбар — урэшце, пачаць размаўляць па-беларуску, падтрымліваць беларускія ініцыятывы, вывучаць беларускую гісторыю, захоўваць беларускія традыцыі й выхоўваць у іх нашых дзяцей, супраціўляцца акупантам і забойцам, бараніць сваё, ствараць новае, пашыраць беларускую прастору.

Быць беларусамі.

Валера Руселік, Budzma.org