На майскія святы беларусы едуць не толькі смажыць шашлыкі, але і наведаць бацькоўскія і дзедаўскія хаты, каб навесці парадак на падворку, пасадзіць агарод або проста адпачыць у родных мясцінах. У вясковай хаце абавязкова ёсць традыцыйная печ. Якую страву можна смачна прыгатаваць у печы? Канечне ж «бабку»! Гэты ласунак дапаможа набрацца сілы пасля цяжкай фізічнай працы або папросту прынясе гастранамічнае задавальненне вам і вашым блізкім.
Страва часоў «Старога Запавету»
У беларускай традыцыйнай кухні «бабкай» называлі запяканку пэўнай формы з бульбы ці цеста і з начыненнем. «Бабкі» здобныя пяклі на царкоўныя святы, дадавалі ў іх разынкі ці арэхі і палівалі салодкай поліўкай. Называць запяканку з бульбы «бабкай» пачалі ў другой палове ХІХ стагоддзя, хіба па пэўным падабенстве да «бабкі» здобнай. Раней бульбяную «бабку» называлі пудынгам.
«Бабку» з бульбы любілі не толькі літвіны, але яўрэі, палякі, русіны і летувісы. Гэтую страву падавалі часта ў шынках. Шынкары-яўрэі называлі яе «кугель», паколькі ласунак паходзіў з Цэнтральнай Еўропы. А ўвогуле яўрэі лічылі, што «бабкі» — іх страва, а гатавалі яны іх яшчэ з часоў «Старога Запавету», але не з бульбы, а іншых відаў гародніны.
Калі бульба стала папулярнай клубневай раслінай у нашых продкаў, то елі «бабку» даволі часта: на святы, выходныя ці на звычайную вячэру. Да гарачай «бабкі» падавалі смятану або запівалі малаком.
«Бабку» з бульбы раней запякалі выключна ў печы ў чыгунным посудзе або чыгунку, мы пастараліся паўтарыць традыцыйны рэцэпт бабкі.
Як прыгатаваць традыцыйную беларускую «бабку»?
Спачатку трэба пачысціць бульбу і цыбулю, натаркаваць гародніну на дробнай тарцы. Калі вільгаці вельмі шмат, то частку варта зліць. Затым перайсці да прыгатавання начынення. Узяць сыры свіны бачок, парэзаць яго кубікамі. Наліць крыху алею ў чыгунны посуд і паставіць яго разагравацца ў печ. Калі алей і посуд добра прагрэліся — абсмажыць там бачок да стану залацістых скварак. Замест бачка можна выкарыстоўваць салёнае ці вэнджанае сала, або грыбы з цыбуляй, ці не дадаваць нічога, калі не ўжываеце мяса. Пакуль абсмажваецца начыненне — вернемся да бульбы.
У бульбяное цеста ўбіць яйка, дадаць солі і перцу па смаку, крыху мукі і добра перамяшаць бульбяную масу з іншымі інгрэдыентамі.
У разагрэты чыгунок са шкваркамі перакласці бульбяную масу і добра ўсё перамяшаць. Затым зачыніць чыгунок накрыўкай і паставіць у печ на 40–50 хвілін, у залежнасці ад жару ўнутры печы. Калі гатуеце ў духоўцы, то запякайце «бабку» пры 180 градусах прыкладна столькі ж часу. Як «бабка» запяклася, то дайце ёй крыху астыгнуць і падавайце са смятанай. Смачна есці!
Што спатрэбіцца на 4 порцыі:
Цыбуля — 100 грамаў
Бачок — 100 грамаў
Алей — 30 мілілітраў
Яйка — адна штука
Мука — дзве сталовыя лыжкі
Соль, перац і смятана — па смаку
*Калі гатуеце ў духоўцы, то запякайце пры 180 градусах 40-50 хв.
Іншыя відэарэцэпты серыі «Гатуем з "Будзьма"»