1 лістапада гурт «Балцкі Субстрат» у межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» выступіў са спецыяльнай праграмай «Пархвенаўскія Дзяды» ў Параф’янаве (Докшыцкі раён, Віцебскай вобласці).
Напярэдадні 2 лістапада – часу, калі заміраюць душы ў чаканні сустрэчы з мінулым, калі ў касцёлах узносяць малітвы за ўсіх памерлых ды просяць дапамогі ў зямным жыцці ва ўсіх святых… Менавіта ў такі час фолк-гурт «Балцкі Субстрат» выправіўся з адпаведнай праграмай «Пархвенаўскія Дзяды» на поўнач Беларусі — Докшыччыну, а калі яшчэ больш дакладна — у мястэчка Параф’янава.
Параф’янава для кагосьці вядома як чыгуначная станцыя на шляху Мінск-Полацк, для кагосьці, як для пілігрымаў з яшчэ большай поўначы Беларусі, як адзін з апошніх пунктаў на шляху да санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, для кагосьці — як месца нараджэння вядомага амерыканскага кампазітара беларускага паходжання — Вярнона Дзюка.
У параф’янаўскім сельскім доме культуры ў гэты ціхі лістападаўскі вечар было па-восеньску трапётка ды гарманічна. Для жыхароў Параф’янава музыкі і гралі, і спявалі, і віктарыну ладзілі, і паэзіяй натхнялі.
Якраз у віктарыне, якую праводзіў Максім Іўкін, і згадваўся Уладзімір Дукельскі, які пазней узяў псеўданім Вярнона Дзюка, і Зоф’я Януковіч-Паблоцкая, якія паходзяць з пархвенаўскага краю.
Зямля гэтая — параф’янаўская, ці пархвенаўская, як часта дагэтуль называюць яе мясцовыя жыхары, жывапісная, на прыгажосці яе нараджаліся і ўзрасталі многія добрыя душы, што засталіся ў гісторыі нашай Беларусі, і якія варта прыгадаць напярэдадні Дзядоў, напярэдадні Дня памяці ўсіх памерлых добрым спевам, добрым словам і ціхай малітвай, што і дапамаглі зрабіць музыкі і салісты з «Балцкага Субстрату»: Максім Іўкін, Ганна Амозава, Таццяна Амяльяненка і Віктар Сямашка.
Аксана Ючкавіч
Тэгі: Параф’янава