Праваабаронцы прэзентавалі Дапаможнік па мірных сходах для беларусаў і беларусак за мяжой

Валанцёрская службы «Вясны» прэзентавала Дапаможнік па мірных сходах для беларусаў і беларусак за мяжой. Яму прысвечаны адмысловы сайт.

Dapamožnik pa mirnych schodach dlia bielarusaŭ i bielarusak za miažoj

Раней, амаль два гады таму, Валанцерская службы «Вясны» пачала рыхтаваць Дапаможнік па мірных сходах для беларусаў і беларусак за мяжой. Ён, як адзначалася, павінен будзе адказваць на найбольш актуальныя пытанні, як арганізоўваць мірныя сходы за мяжой і ўдзельнічаць у іх.

Сярод тых, хто мае дачыненне да гэтай дзейнасці — Святлана Галаўнёва, юрыстка па правах чалавека, экспертка ў галіне права на мірныя сходы. Яна распавяла пра тое, як прыйшла ідэя зрабіць такі Дапаможнік.

Sviatlana Halaŭniova

«Агулам, у «Вясны» і Валанцёрскай службы «Вясны» накапілася шмат кампетэнцый у сферы свабоды мірных сходаў, паколькі валанцёры «Вясны» раней назіралі мірныя сходы ў Беларусі, а «Вясна» заўсёды абараняла права на ўдзел у мірных сходах і дапамагала удзельнікам і ўдзельніцам, якія сутыкнуліся з затрыманнямі і іншымі парушэннямі іх свабоды мірных сходаў, — кажа Святлана Галаўнёва. — Таму мы падумалі, што калі зараз шмат беларусаў і беларусак жыве ў эміграцыі, то хутчэй за ўсё ёсць вялікая патрэба неяк саарганізоўвацца і рабіць супольныя акцыі — але можна быць не заўсёды зразумела, як іх рабіць, і таму па выніку гэта можа абмяжоўваць людзей, бо людзі знаходзяцца ў эміграцыі, людзі не ведаюць часта добра мовы краіны сваёй эміграцыі, мясцовага заканадаўства, і часта можа быць такая сітуацыя, што ты не ўпэўнены, ці ты ўсё правільна робіш альбо не. І таму гэта як такая вялікая перапона для таго, каб рэалізоўваць сваё права збірацца, выказвацца і быць разам з беларускай супольнасцю.

Мы вырашылі, што можам паспрабаваць дапамагчы ў гэтым, і вывучыць усё за людзей — вывучыць усё рэгуляванне, паспрабаваць разабрацца ў практыцы і распавесці, як жа арганізаваць мірныя сходы, каб такая магчымасць была не толькі ў нейкіх вялікіх дыяспаральных арганізацый, дасведчаных у такіх справах, а ў прынцыпе ў кожнага і ў кожнай, хто захоча зрабіць сваю невялічкую акцыю, датычную тэмы беларускасці ці недатычную».

У Дапаможніку абраныя пакуль тры краіны — Грузія, Польша і Літва. Менавіта там адбылася найбольшая міграцыя беларусаў. Надалей гэты пералік краін плануецца пашыраць.

«Але для таго, каб і зрабіць тое, што мы зрабілі па трох краінах, і пашыраць гэты Дапаможнік, нам заўсёды трэба ведаць практыку, і таму мы як збіралі, так і збіраем досвед розных людзей як у арганізацыі сходаў, так і ўдзелу ў іх: з чым яны сутыкнуліся, наколькі пазітыўны гэты быў досвед, наколькі просты ці няпросты. Таму думаем, што ў будучыні можа закрыем яшчэ нейкую краіну, напрыклад Латвію, ці іншую, дзе жыве шмат беларусаў і беларусак», — адзначае юрыстка.

Dapamožnik pa mirnych schodach dlia bielarusaŭ i bielarusak za miažoj

Галоўныя ўдзельнікі і удзельніцы стварэння Дапаможніка — гэта валанцёры і валанцёркі «Вясны». Яны вывучалі рэгуляванне па мірных сходах у кожнай з трох прадстаўленых краінаў.

«А па некаторых краінах трэба было вывучаць рэгуляванне ў кожным асобным горадзе. Напрыклад, па Літве мы ахапілі ўсе буйныя гарады, і гэта была аграменная праца — разабрацца ва ўсім, — падзялілася Святлана Галаўнёва. — Бо, як апынулася (што цікава было падчас гэтай працы), заканадаўства часам у нават еўрапейскіх краінах бывае не самае простае, не самае празрыстае.

Але, што безумоўна, адрознівае ад Беларусі ў пазітыўны бок, што нават калі і заканадаўства не самае простае і зразумелае, то часцей за ўсё большасць пытанняў будзе проста вырашацца на практыцы і, хутчэй за ўсё, праблемаў не будзе. Але так, была вялікая праца — усё гэта вывучыць, ўсё зразумець, як працуе на практыцы. І гэтым займаліся нашыя валанцёры і валанцёркі».

Па пытанню мірных сходаў Польшчы праваабаронцы шмат узаемадзейнічалі з партнёрскай арганізацыяй Amnesty International Polska, і ў тым ліку з яе прадстаўнічкай Йаанай Расткоўскай.

«Чытайце наш Дапаможнік, мы вельмі шмат вывучалі ўсё, што датычыцца ўсіх нюансаў арганізацыі розных сходаў — і на невялічкую колькасць чалавек, і на вялікую, і спантанных, і запланаваных неспантанных. Звычайна для такіх сходаў, як маршы, дзе калонна рухаецца ці нават можа выходзіць на праезную частку, больш жорсткія рэгуляванне — трэба ўзгадняць такія выпадкі, але мы вывучалі, як гэта рабіць, бо мы вырашылі не спыняцца толькі на самых простых варыянтах арганізацыі сходу ў кожнай з краін (напрыклад, у Польшчы гэта быў бы спантанны сход, а ў Літве — сход на невялікую колькасць людзей), але і пайсці глыбей і разабрацца, як арганізаваць больш складаны сход, на большую колькасць людзей», — адзначыла Святлана Галаўнёва.