«Калі ласка, вазьміце мае грошы». Як беларусы ў эміграцыі арганізавалі летнік для дзяцей у Белавежскай пушчы

На Падляшшы, побач з Белавежскай пушчай, адбываецца беларускі дзіцячы летнік «Зубровыя сцежкі». Там адпачываюць дзеці беларускіх эмігрантаў з Польшчы і Літвы. Магчымасць правесці летнік з’явілася дзякуючы беларусам, якія зафундавалі 1,5% ад сваіх падаткаў у праект Svae. «Будзьма Беларусамі» паразмаўляла з арганізатаркай летніка Марыяй Грыц пра летнік і пра тое, ці гатовыя беларусы дасюль падтрымліваць данатамі і ахвяраваннямі беларускія праекты за мяжой.

Першы з трох заездаў пачаўся 17 ліпеня. У летнік прыехалі 18 дзяцей ад дзевяці да 17 гадоў.

Maryja Hryc
Арганізатарка летніка Марыя Грыц. Фота аўтара

Ідэя арганізаваць летнік у Марыі ўзнікла на падставе ўласнага досведу. «У эміграцыі мала якія сем’і могуць дазволіць сабе нянечку для дзяцей, ці маюць магчымасць, каб бабуля прыехала ці далучылася ўвогуле», — кажа Марыя. — То бок бацькі застаюцца сам насам з дзецьмі. А час ад часу гэта сем’і, дзе хтосьці ў зняволенні. Усе абавязкі па даглядзе за дзецьмі кладуцца на адну ці дзве асобы. А трэба неяк працаваць, выжываць, наладжваць усялякія працэсы«.

Калі пачынаецца лета, то ў бацькоў звычайна паўстае пытанне: «А што рабіць з дзецьмі?». Гэта звязана з тым, што садкі і школы закрываюць на лета. У такім выпадку, на думку Марыі, бацькам не зразумела, «ці ты выдаткоўваеш увесь свой час на тое, каб даглядаць дзіцё, але за якія грошы тады жыць? Альбо ты працуеш, а тваё дзіцё сядзіць у тэлефоне ці камп’ютары і ты маеш пачуццё віны».

На думку Марыі, летнік не вырашае праблему глабальна:

«Два летнія месяцы — гэта сур’ёзны выклік для бацькоў. Але, калі хаця б падчас нашага заезду бацькі могуць пабыць самі, папіць яшчэ цёплай гарбаты, парадзіць з нейкімі сваімі пытаннямі альбо элементарна адгараваць сваё становішча, гэта ўжо вельмі добра».

«Калі ласка, вазьміце мае грошы, толькі скажыце куды і калі прыехаць»

Летнік арганізавалі не за грантавыя ці фондавыя грошы. Паводле слоў Марыі, гэта прыклад таго, што дзякуючы беларусам і беларускам у эміграцыі з’явілася «гэта неверагодная летняя авантура для дзетак і для мяне таксама».

«На платформе Svae ёсць праект «Будуй сваё». Яго сэнс у тым, што ў Польшчы і ў Літве людзі, сплачваючы падаткі, могуць ахвяраваць 1,5% у агульны слоік. І тыя, хто скінуўся, вырашаюць на што іх выдаткаваць,» — патлумачыла Марыя.

Яна прапанавала выдаткаваць сабраныя грошы на арганізацыю дзіцячага летніка. Праект перамог у галасаванні. 

«Бо нават дарослыя людзі пісалі, што вельмі хочуць патрапіць на такі адпачынак. З такой жа праграмай і лакацыяй: «Калі ласка, вазьміце мае грошы, толькі скажыце куды і калі прыехаць»».

Znački
Значкі з лагатыпам летніка. Фота аўтара

Марыя разумее, што ў людзей ёсць попыт не толькі на адпачынак для дзяцей, але і для дарослых. «Прыехаць, пабыць у цішы. Паглядзець, як ходзіць бусел, як спіць зубр. Проста адключыцца хаця б на выхадныя. Мне пісалі людзі, у якіх няма дзяцей, і казалі: «Калі ў мяне няма яшчэ дзяцей, то лічыцца, што я яшчэ не зусім дарослы. Вазьміце мяне хаця б валанцёрам».

Беларусы дасюль гатовыя данаціць, але пытанне з чым ты прыходзіш да людзей

На думку Марыі, у 2020 — 2022 гадах у беларусаў была неймаверная хваля жадання кудысьці данаціць і штосьці рабіць. «Але вельмі наіўна лічыць, што праз пяць гадоў будзе тое ж самае». Ёй падаецца, што хваля прайшла, але, «калі паглядзець праўдзе ў вочы, то краўндфаўндынгавыя пляцоўкі працавалі і да 2020 года. Людзі збіралі на свае праекты. Таму мне падаецца, што агульны ўзровень людзей да самаарганізацыі і да таго, каб ахвяраваць свае грошы, пастаянны».

«Тут гісторыя пра тое, што ты прапануеш. То бок, калі трэба дапамагчы чалавеку аднавіць здароўе, зубы і зрок пасля пяцігадовага зняволення, то не стаіць пытанне данаціць ці не», — кажа Марыя. — Таксама мой праект шмат людзей падтрымала, бо людзі разумець ці гэта гісторыя вартая іх укладання. Тут пытанне не ў тым, гатовыя [данаціць — Будзьма Беларусамі] ці не, а з чым ты прыходзіш да людзей.

«Для звычайных людзей няшмат варыянтаў»

Першапачаткова Марыя планавала, што будзе аддаваць прыярытэт сем’ям з досведам зняволення ці тым, у каго зараз хтосьці зняволены альбо людзям, якія прымалі ўдзел у вайсковых дзеяннях. Але апынулася, што для іх ёсць розныя прапановы. Тады яна пабачыла, наколькі вялікі попыт у людзей, якія не трапляюць у гэтую групу, на якую звычайна звяртаюць увагу пры прапанове дапамогі.

«У мяне была фантазія, што ў мяне будуць асобныя групы. Калі я пачала займацца гэтай справай, я даведалася, што ёсць альтэрнатыўныя прапановы, але менавіта для звычайных людзей няшмат варыянтаў», — распавядае Марыя. — Таму спачатку я думала, што гэта будуць два заезды для сем’яў палітзняволеных і вайскоўцаў з Літвы і Польшчы, а трэці ўжо для ўсіх беларусаў у эміграцыі. Але потым пачаўся такі броўнаўскі рух, што хтосьці перадаваў сваё месца запісанае. Ці загадзя папярэджвалі, што не паедуць і знаходзілі чалавека на гэтае месца, каб мне не прыходзілася шукаць.

Таму беларуская салідарнасць праяўлялася на кожным кроку. Гэта была неймаверная падзея».

Dom
Дом, у якім жывуць дзеці. Фота аўтара

У выніку Марыя прапаноўвала звычайным людзям таксама далучыцца і адправіць сваіх дзяцей у летнік. «Я столькі добрых слоў і падзяк пачула, за тое што я раблю. Гэта проста неймаверна», — сказала арганізатарка летніка.

«Дзеці не рабілі выбару. Іх проста ўзялі і звезлі ў чужую краіну»

Паводле слоў Марыі, яна хацела дапамагчы бацькам, але з другога боку, ёй «вельмі
балюча за тое, праз што цяпер праходзяць дзеці. Бацькі былі вымушаныя ўзяць і звезці іх у чужую краіну, ад сяброў, ад утульнай норкі. Зразумела, што так склаўся лёс і гэта дзеля іх дабрабыту, але ж гэта не быў іх вольны выбар».

Марыя хацела паказаць дзецям, што яны не самі тут. У іх ёсць атачэнне і такія ж дзеці, «якія ідуць складаным шляхам, і што нармальна трымацца разам і разам ісці ды пераадольваць розныя складанасці».

«І ўрэшце рэшт, хай бы яны пабудавалі свой нетворкінг. Бо невядома, калі гэта скончыцца, а яны будуць мець сваю зусім маладзенькую сетку кантактаў», — лічыць Марыя.

Беларусь гэта не толькі страты, рэпрэсіі і Лукашэнка

Таксама Марыя адзначае, што дзеці даволі палітызаваныя, і варта гэта разбавіць іншымі ўражаннямі, каб для іх беларускасць не была толькі пра страты, рэпрэсіі і Лукашэнку. Каб дзеці разумелі, што беларускасць — «гэта класна, весела і цікава. Гэта паўстанцы, міфічныя нячысцікі, прыгожыя выяўленчыя акалічнасці, маляванка з выцінанакай, прырода ды рамёствы. То бок паказаць, што гэта не толькі гора, але і кайф».

Dzieci dasliedujuć rasliny ŭ Bielaviežaskaj puščy
Дзеці даследуюць расліны ў Белавежаскай пушчы. Фота аўтара

У праграме летніка Марыя рабіла акцэнт на культурніцкі складнік. Бо для яе вельмі істотна, каб наша гісторыя перадавалася далей, «таму тут максімальна разнастайныя культурніцкія мерапрыемствы.

«Гэты летнік мы ладзім каля Белавежскай пушчы, і тут вялікі экалагічны складнік. Таму што, нягледзячы на тое, праз якія часы мы ідзем, усё адно класна, калі ёсць нейкі грунт, які больш менш стабільны», — лічыць Марыя.

«Белавежская пушча — гэта і беларуская гісторыя, а Падляшша — месца, дзе жыве беларуская нацыянальная меншасць у Польшчы. Таму я спадзяюся, што ў нас ёсць такое месца, дзе мы можам не адчуваць сябе чужымі».

Дзеці дзяўблі борць, займаліся ганчарствам і размалёўвалі шоперы

Падчас першага заезду да дзяцей прыязджаў бортнік. Які распавёў пра пчол, а таксама прывёз з сабой борць і паказаў, як нашыя продкі рабілі іх з драўляных калодаў.

«Марко [бортнік — Будзьма Беларусамі] — проста легендарная асоба, мне падаецца. Бортніцтва мала таго, што ў спісе нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА, дык яно амаль нідзе не засталося, акрамя беларускага Палесся. А гэта жывы чалавек, які не па кніжках вучыўся бортніцтву, а гэта традыцыя, якую яму перадалі бацькі і дзяды. І таму яго расповед пра дзікіх пчол выклікаў фурор. А ўлічваючы тое, што ён прывёз з сабой калоду, з якой робяць борць, і даў дзецям яе падзяўбаць — гэта проста візгатанне і захапленне», — распавяла Марыя.

Таксама да дзяцей прыязджаў ганчар, які распавёў дзецям пра беларускія і падляшскія ганчарныя традыцыі. «Мы займаліся інтуітыўнай лепкай. У кожнага атрымалася нешта сваё, адно на адно непадобнае. Гэта была вельмі класная практыка, бо было бачна, у каго якія думкі і які стан».

Акрамя таго, падчас летніка дзецям расказалі пра маляваныя дываны, выяўленчыя традыцыі і музей маляванкі ў Заслаўі. Пасля расповеду дзеці самастойна размалёўвалі шоперы паводле матываў маляванкі.

«Мы глядзелі, якія бываюць формы, якое напаўненне выявы і як яно ўжываецца — жывёлы, птушкі, ягады. Усё пайшло зусім не па плану і творчасць вырвалася за межы прапанаванага майстар-класа. Бо дзеці пачалі рабіць трафарэты на сваіх цішотках і пераасэнсаванне традыцый адбывалася наўпрост на маіх вачах», — распавяла Марыя.

Таксама да дзяцей прыязджаў рэканструктарскі клуб Invictus 1863 і распавядаў пра часы Паўстання Кастуся Каліноўскага. «Распавялі пра розныя акалічнасці жыццёвыя і побытавыя. Не сухія нейкія факты з падручніка, а гэта была жывая гісторыя. А калі кіраўнік клуба Васіль Калач паказваў, як страляць са зброі, то проста быў фурор».

Klub histaryčnaj rekasntrukcyi Invictus 1863
 Клуб гістарычнай рэкаснтрукцыі Invictus 1863. Фота аўтара

«Усё што ты бачыш — тое, што выхоплівае святло ліхтарыка»

Паводле слоў Марыі, вельмі класная атрымалася начная экскурсія. Ёй вельмі хацелася, каб дзеці навучыліся слухаць прыроду і назіраць за ёй.

«Мы хадзілі ноччу слухаць соў. Совы не захацелі спяваць, але было цікава, як дзеці адчуваюць сябе, калі трэба пасядзець моўчкі і ў цемры», — распавядае Марыя. — Спачатку іх было не супакоіць, а калі супакоіліся, яны пачалі ноччу даследаваць лес. То бок дзе яны сядзелі, на паваленых дрэвах, пачалі разглядаць: «А што гэта за кара? А які вялікі смоўж. А гэтая ягадка — маліна ці не?». То бок гэта адбывалася ноччу, калі ўсё што ты бачыш — гэта тое, што выхоплівае святло ліхтарыка ў цябе на галаве. І яны занурыліся ў такі цікавы стан даследавання таямніц пушчы. Мяне саму гэта вельмі ўразіла».

Načny pachod u lies
Начны паход у лес. Фота аўтара

Акрамя гэтага, для дзяцей запланавалі падобную практыку, але раніцай. Калі іх на світанку павядуць на вышку для птушкавання, каб паглядзець на птушак. А пад канец заезду дзяцей павязуць у Белавежскую пушчу.

«Ёсць Белавежская пушча, якая ў нас за плотам, а ёсць рэзерват. Там можна хадзіць толькі па адной сцежцы і з чалавекам, які будзе суправаджаць. Гэта будзе спрадвечны, сапраўдны лес, які ёсць на баку Беларусі і на баку Польшчы. Але гэта тыя ж самыя расліны і тыя ж самыя дрэвы, што і на радзіме».

«Літаральна за плотам гуляюць зубры»

Самае галоўнае правіла летніка — не выходзіць за тэрыторыю базы. За парушэнне — дзіця адразу выключаць з лагера, бо літаральна за плотам гуляюць зубры і буслы.

«Калі бусламі мала каго можна здзівіць, то, калі ты бачыш сапраўдную велізарную жывёліну — гэта вельмі моцна ўражвае», — кажа Марыя. — Літаральна ўчора, калі апусцілася смуга, да нас прыйшоў зубр. І мне падаецца, дзеці зрабілі каля мільярда фотаздымкаў. Настолькі гэта іх уразіла. У метрах 50, можа, стаяў глядзеў на нас, а мы на яго з-за плота».

Zubr
Зубр у полі за тэрыторыяй летніка. Фота аўтара

«Старэйшыя дзеці самастойна бяруць апеку над малодшымі»

Марыя планавала, што ў летніку збяруць дзяцей ад 12 да 16 гадоў, каб былі агульныя інтарэсы. Але ў летнік прыехалі і малодшыя дзеці васьмі — дзевяці гадоў.

«Калі ў сем’ях трое дзетак і двух узяць у летнік, а дзевяцігадовую малышку не ўзяць. Ну як гэта? Як ты ёй патлумачыш, што твае старэйшыя з’язджаюць весяліцца. Мяне вельмі проста прадавіць у гэтым плане», — усміхаецца Марыя.

Паводле яе слоў, у малодшых дзетак свая праграма і свая атмасфера. Марыя на свае вочы пабачыла, як працуе сістэма мантэсоры, «калі малыя цягнуцца за старэйшымі, а старэйшыя самастойна бяруць апеку над малодшымі».

У арганізацыі летніка ўдзельнічае больш за 50 чалавек

На пытанне, наколькі складана арганізаваць падобны летнік, Марыя адказала коратка: «Складана».

Марыя адзначыла, што ёй вельмі пашчасціла з камандай. Бо, на яе думку, набраць людзей, якім можна даверыць дзяцей — гэта той яшчэ выклік. «У мяне вельмі надзейныя гэтыя людзі — гэта нашыя важатыя, нашая фея-кухарка. І калі штосьці адбываецца, яны настолькі хутка рэагуюць і падтрымліваюць. Бяруць на сябе ініцыятыву і адказнасць».

Haspadynia kuchni hatuje viačeru
Гаспадыня кухні гатуе вячэру. Фота аўтара

«Найперш, для мяне самая вялікая праблема — мая недастаткова добрая польская мова. Таму што, нягледзячы на тое, што ўсе ўдзельнікі і ўдзельніцы летніка з Беларусі, нейкія арганізацыйныя моманты, кшталту арэнды аўтобуса, паездкі ў Белавежскую пушчу, закупаў харчавання і тэхнічныя моманты трэба вырашаць з мясцовым насельніцтвам», — распавяла Марыя. Са складаннем дамоў, рахункаў і вырашэннем юрыдычных пытанняў на дапамогу Марыі прыйшла фундацыя «Тутака».

«Гэта няпросты шлях. Агулам ва ўсёй гэтай арганізацыі ўдзельнічае больш за 50 чалавек, і я не лічу бацькоў».

«Класна, што дзеці вучацца самастойнасці»

Для некаторых дзяцей — гэта першы самайстойны выезд, і Марыя бачыць, наколькі за тыдзень дзеці сталі самастойныя.

«Калі ў цябе ў апекунах твае бацькі, якія мусяць працаваць, то прасцей даць тэлефон. Гэта не прэтэнзія, бо я сама разумею, што бывае такі стан, калі няма моцы ўстаць з працоўнага крэсла», — адзначае Марыя. — І я бачу, наколькі за тыдзень дзеці любога ўзросту сталі самастойныя. Яны даглядаюць сябе, мы абмяркоўваем, што такое ўзаемная павага. Бо ў першы дзень я думала, што гэта відавочна, а на другі дзень у нас ужо было пасяджэнне і мы абмяркоўвалі, што такое межы, павага, чаму нельга браць чужыя рэчы і што такое чужыя рэчы. Нават элементарна запамінаць, у якім адзенні ты ходзіш. Бо мы сабралі, папралі адзенне, а потым не ведалі чые кофты, бо ніхто не прызнаваўся. Гэта побытавыя рэчы і класна, што дзеці вучацца такой самастойнасці».

Сярод ідэй — рабіць сямейныя заезды і арганізаваць зімнік

Марыя не плануе ў наступным годзе зноў удзельнічаць у праекце «Будуй сваё». Але мае думкі рабіць летнік камерцыйна.

«Можа быць, не поўны кошт, а знайсці нейкіх партнёраў і донараў. Але мне падаецца, што і праграма, і прапанова настолькі класныя, што могуць мець поспех».

Марыя марыць, каб гэта не была разавая гісторыя, і плануе працягваць рабіць гэтую справу, але ўжо больш прафесійна і больш грунтоўна. «Я ўспрымаю гэты давер людзей, якія прагаласавалі за мой летнік, напэўна, як інвестыцыю. Можа, яны так не думаюць, але я адчуваю такую адказнасць».

Сярод ідэй у Марыі — паездкі выхаднога дня, калі можна сабраць невялікую групу і прыехаць у летнік. Каб пятніцу і суботу чымсьці займацца, а ў нядзелю раз’язджацца. Таксама як ідэю Марыя разглядае так званы зімнік — на зімовыя канікулы.

«Шмат бацькоў да мяне звярталася, чые дзеці зусім маленькія: «Ці можна арганізаваць ім адпачынак не дзеля таго, каб пабыць бацькам сам насам, а дзеля таго, каб у дзяцей былі сябры», — сказала Марыя.

Dom
У дамку дзе жывуць дзеці. Фота аўтара

На яе думку, малодшым дзецям яшчэ складаней захаваць сваю ідэнтычнасць і перажыць летнія часы. Таму, яна разглядае магчымасць рабіць сямейныя заезды. «Каб мне не перадавалі апеку, а каб я магла, напрыклад, займаць чымсьці дзяцей, пакуль, бацькі моўчкі пасядзяць і паглядзяць на зуброў».

Марыя не ўпэўнена, што гэта будзе вялікая і грунтоўная гісторыя на ўсё лета, напрыклад, 10 заездаў. «Але тое, што праект будзе працягвацца ў розных формах і тут будуць збірацца людзі рознага ўзросту, розных інтарэсаў. Нават у бок рэтрыту для дарослых людзей без дзяцей. Каб мы на ўваходзе склалі свае мабільныя тэлефоны і забралі іх праз 1,5 дні».

У «Зубровых сцежак» ёсць старонка ў Instagram і Марыя прапануе сачыць за абвесткамі і ўсімі навінамі летніка там.

Гэты праект — пацвярджэнне, што сіла беларусаў у салідарнасці

Марыя цалкам згодная з тым, што сіла беларусаў у салідарнасці, бо «калі б не была, мы б зараз тут не былі. 

Мой праект — пацвярджэнне, што сіла і салідарнасць могуць неймавернае. Напрыклад, тры разы 18 дзяцей могуць з’ездзіць на ўскрайкі цывілізацыі, паглядзець на жывёл і даведацца класныя штукі пра Беларусь».


Антон Шаранкевіч, Budzma.org