Роўна паўстагоддзя таму, у гэтыя самыя дні, у беларускай сталіцы мела адбыцца навуковая канферэнцыя, якая была прысвечана этнагенезу беларусаў. Аднак бяскрыўднае мерапрыемства было раптам адменена ўладамі ў апошні момант. Спрабуем разабрацца з тым, што ж магло тады так насцярожыць савецкіх чыноўнікаў.
Крыніца: history-belarus.com
Перадгісторыя
Здаецца, сёння ніводзін адукаваны чалавек не будзе ставіць пад сумнеў балцкі складнік у этнагенезе беларусаў. Так або іначай яго прызнаюць як афіцыйныя гісторыкі, гэтак і незалежныя даследчыкі. Са скрыпам аб балцкім субстраце гавораць нават расійскія калегі, якія ўсё адно не могуць ніяк развітацца з укаранёным міфам аб трыадзінстве. Але так было не заўжды.
Як памятаем яшчэ са школьнай праграмы, галоўнымі плямёнамі, што бралі ўдзел у этнагенезе, былі крывічы, дрыгавічы і радзімічы. Нібыта славяне з паходжання, якія і сталі асновай для пазнейшых беларусаў. У пачатку ХХ стагоддзя менавіта ім адводзілася вядучая роля не толькі з навуковых прычынаў, але таксама і з палітычных — на гэтыя тры племені ніхто з суседзяў асабліва і не прэтэндаваў, таму іх можна было смела браць ва ўжытак.
Пра магчымы балцкі субстрат тады яшчэ не асабліва ведалі, а гаварылі пра тое, што беларусы могуць быць роднасныя літоўцам і латышам, хіба што адзінкі. Сярод іх быў той жа Вацлаў Ластоўскі, які ў першай палове 1920-х гадоў жыў у Коўне і меў шчыльныя кантакты з літоўцамі. Прычым як на асабістым узроўні, так і на грамадскім.
Чытайце таксама: Навошта Ластоўскі прыдумаў Крыўю?
Навука разбурае міфы
Усё змянілася карэнным чынам у паваенны перыяд. Гістарычная навука ў Савецкім Саюзе, нягледзячы на ўсе магчымыя абмежаванні і ідэалагічныя бар’еры, крочыла наперад. І ўжо да пачатку 1970-х гадоў пачала назірацца вельмі дзіўная сітуацыя: з аднаго боку, публічна дэкларавалася старая байка аб «трыадзіным» народзе, але з іншага, у навуковых выданнях пісалася адваротнае.
Крыніца: history-belarus.com
Прычым рабілі тое не толькі і не столькі беларускія даследчыкі, колькі расійскія — найперш Валянцін Сядоў і Уладзімір Тапароў. Следам за імі ішлі менш вядомыя савецкія навукоўцы, якія вельмі асцярожна сцвярджалі — беларусы не чыстыя славяне, як прынята меркаваць, але маюць выразны балцкі складнік.
Такая тэза безапеляцыйна руйнавала рэанімаваны ў сталінскія часы імперскі міф аб «трыадзінстве», з якога вынікала, што расійцы, украінцы і беларусы з’яўляюцца прадстаўнікамі аднаго народу, які ў выніку гістарычных калізій распаўся на тры галіны. Прычым расійцам у гэтым канструкце адводзілася галоўная роля, а двум астатнім народам — роля «малодшых» братоў.
Фота: Ісак Сербаў. Крыніца: history-belarus.com
Але глыбокі аналіз матэрыяльнай і духоўнай культуры — спеваў, казак, фальклору, арнаментаў на рушніках і адзенні, археалагічных знаходак неаспрэчна даводзіў адваротнае:
беларусы самабытны народ, які мае выразную балцкую існасць, хай сабе і схаваную за налётам славяншчыны.
Кульмінацыяй гэтых працэсаў можна назваць навуковую канферэнцыю «Этнагенез беларусаў», якая мела адбыцца ў Мінску 3–6 снежня 1973 года і сабраць даволі аўтарытэтных даследчыкаў з Масквы, Ленінграда, Кіева, Вільні і нават Тбілісі. Але ў выніку яна не адбылася, бо была забаронена камуністычнымі ўладамі ў самы апошні момант.
Бо савецкія бонзы пабаяліся ўздыму беларускага нацыяналізму…
Рэдкі выпадак для беларускай гісторыі, калі мерапрыемства так і засталося неўвасобленым, але матэрыялы аб ім захаваліся. Звычайна, як ведаем, бывае роўна наадварот — нешта было, адбывалася, але нічога з той пары так і не засталося. Ні матэрыяльных артэфактаў, ні ўспамінаў непасрэдных удзельнікаў, якія з часам ператвараюцца ў маўклівых сведкаў.
Нягледзячы на тое, што тая канферэнцыя так і не адбылася, ужо былі падрыхтаваныя і невялікім накладам надрукаваныя тэзісы дакладаў, якія мелі прагучаць на ёй. Тое самае, што і цяпер — у кагосьці з навукоўцаў яны складаюць усяго паўстаронкі, а ў кагосьці старонку. Але і гэтага было дастаткова, каб за савецкім часам любыя згадкі і публікацыя тых тэзісаў былі пад забаронай.
Галоўную ролю ў тым зборніку крыху больш чым на 200 старонак можна зноў жа адвесці Валянціну Сядову. Бо ягоны тэкст вельмі цяжка назваць тэзісамі — гэта сапраўдны навуковы артыкул. Высновы ў якім аднак былі несуцяшальнымі для савецкіх ідэолагаў, бо паводле гэтага вядомага навукоўца атрымлівалася, што беларусы не зусім чыстыя славяне, як было прынята лічыць раней, але маюць выразны балцкі кампанент.
Валянцін Сядоў. Фота: arheologija.ru
Гэта дашчэнту разбурала выключна штучны міф аб «славянскім братэрстве», які спрабавалі ўкараніць і пры Сталіне, і пры Хрушчове, і пры Брэжневе, і пры іншых кіраўніках СССР. І ў выніку прывяло да з’яўлення руху, які выступаў за этнічную і культурную самабытнасць беларусаў, але ўжо ў пазнейшы час.
Балты вяртаюцца з небыцця
Павольна, але няўмольна балцкі складнік вярнуўся спачатку на старонкі навуковых выданняў, а потым і ў культурніцкую прастору. Ужо пасля атрымання незалежнасці беларускія даследчыкі пачалі даводзіць, што беларусы — гэта балты-аўтахтоны, якія ўсяго толькі былі асіміляваныя прышлымі славянамі.
Так, вядомы беларускі генетык і антраполаг Аляксей Мікуліч сцвярджаў, што
генетычнае аблічча беларускага этнасу заставалася нязменным цягам прамінулых 130 пакаленняў. Гэта азначае, што беларусы захавалі генафонд тых, хто жыў на нашых землях ад пачатку.
Аляксей Мікуліч. Фота з Вікіпедыі
Высновам гэтага доктара біялагічных навук можна цалкам давяраць, бо ён займаўся даследаваннямі генетычнага фонду беларусаў амаль паўстагоддзя, Звяртаючы найперш сваю ўвагу на жыхароў сельскай мясцовасці. А як вядома, сельская грамада куды больш устойлівая за гарадскую — гэта ўжо элементарныя азы генеалогіі.
На культурніцкім полі яшчэ з часоў перабудовы пачалося вяртанне архаікі — герметычных арнаментаў, што калісьці насілі нашыя продкі на сваім адзенні, старадаўніх спеваў, сакральных святаў і музыкі. Самы паспяховы бадай што прыклад, які адразу ж згадваецца — аднаўленне дударскай традыцыі, якая насамрэч была літаральна вернута з нябыту.
На ідэалагічным фронце паўсталі нешматлікія, але даволі яскравыя прыхільнікі незалежнасці і самабытнасці, якія даволі ёміста, але пры гэтым вельмі лаканічна сфармулявалі думку, маўляў «беларусы — гэта не славяне, але славянамоўныя балты». Вядома, тое таксама быў значны перакос, але ўжо ў іншы, адваротны бок. Але трэба прызнаць, што без яго не з’явілася б цікавасці і да нашай даўніны.
Усё гэта хутчэй за ўсё было б проста немагчыма без той канферэнцыі, што мелася адбыцца ў снежні 1973 года ў Мінску, аднак так і не адбылася. Нібыта шараговая падзея, якая была паклікана сабраць навукоўцаў з розных куткоў савецкай імперыі, стала нечакана куды больш значнай падзеяй для цэлай нацыі.
Ф. Т., budzma.org