У ідэальным свеце гісторыя літаратурнага праекта пачынаецца з прэс-рэліза, гучнай імпрэзы ці, на скрайні выпадак, вельмі шумнага банкета. У Беларусі ж амаль усё па традыцыі пачынаецца са сваркі. Сваркі непрадказальнай, бязлітаснай і жорсткай. Так, на жаль, атрымалася і запускам паэтычнага інтэрнэт-часопіса Taubin, дзе ўсё пачалося... з назвы. Пра тое, як каманда выдання перажыла той траўматычны і безумоўна вельмі каштоўны вопыт адстойвання права «Таўбіным» звацца, чым жыве сёння і якія планы мае на будучыню, мы гутарым з адной са стваральніц віртуальнага часопіса Taubin, паэткай і рэдактаркай Крысцінай Бандурынай.
Фота Алены Казловай
— Цяпер ужо, калі дыскусіі вакол назвы крыху сціхлі, можна ўсю гэтую гісторыю згадаць больш спакойна. Як увогуле зʼявілася ідэя даць паэтычнаму інтэрнэт-часопісу ў якасці назвы прозвішча расстралянага беларускага творцы?
— Назву для праекта мы выбіралі вельмі доўга. Заўсёды хочацца прыдумаць нешта арыгінальнае, а на той час нічога нечаканага да галавы не прыходзіла. Думалася толькі пра банальшчыну ці нешта пафаснае. А паколькі я не адна ў камандзе, то з выбарам было яшчэ складаней. Трэба ж параіцца, і каб абраны варыянт усім спадабаўся. Адзінае, у чым мы сыходзіліся з самага пачатку, гэта ў тым, што раз мы літаратурны часопіс, то ў назве мусіць быць нейкая сувязь з літаратурай. Пачалі перабіраць імёны-прозвішчы пісьменнікаў, праглядалі назвы зборнікаў, твораў. Так ні на чым не спыніліся. А потым для Ночы расстраляных паэтаў я рыхтавала цыкл тэкстаў і, калі пісала пра Таўбіна, перачытвала яго вершы. Тады нечакана падумалася, што Таўбін — добры варыянт для назвы інтэрнэт-часопіса.
— Вас настолькі ўразілі яго вершы? Лёс?
— Ды нават не скажу дакладна. У прынцыпе, раней не мела сантыментаў да папярэднікаў і не адчувала пэўнай блізкасці з вершамі і перажываннямі прадстаўнікоў не свайго пакалення. А тут раптам падумала, што раз мне ён вельмі блізкі стаў, то можа стаць такім і для іншых. Само па сабе прозвішча класнае, яно так і просіцца на вокладку. Таўбін быў выдатным паэтам, пісаў на дзвюх мовах, добра перакладаў. А паколькі ў нас такая канцэпцыя, што мы не робім акцэнту толькі на беларускіх тэкстах, друкуем таксама пераклады, то ў адной асобе Юлія Таўбіна знайшлі падабенства і са сваёй камандай, агульнымі пачуццямі. Калі я прапанавала «Таўбін» як назву, усе пагадзіліся, потым пайшла да сваякоў паэта па сімвалічны дазвол на выкарыстанне імя. Хацелася ўсё зрабіць па-чалавечы.
— У той момант быў страх, што нешта можа пайсці не так менавіта з пункту гледжання назвы?
— У прынцыпе, сваякі — адзіныя людзі, каго справа выкарыстання імені паэта мусіла неяк кранаць ці выклікаць нейкія пачуцці. Але нават ведаючы таксічнае асяроддзе літаратараў, я не чакала такой хвалі негатыву, што ўзнялася літаральна на пустым месцы. Што ў нас зʼявяцца рыцары-абаронцы імёнаў, якія будуць паводзіцца пры гэтым зусім не па-рыцарску.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
— Як вы на гэтыя закіды на той момант рэагавалі?
— Яны ж робяць нам рэкламу! У пэўным сэнсе я разумею іх пазіцыю, але мне смешныя закіды ў бок выдавецкай ініцыятывы «Пфляўбаўм», я пра яе ў той час нават не думала. Толькі калі прыйшла з праектам да Андрэя Хадановіча, ён сказаў: «Было б крута, калі б не «Пфляўбаўм». Але гэта той самы выпадак, калі «фарш немагчыма пракруціць назад», бо дамен на той момант ужо быў зарэгістраваны. Таму я выбачылася перад прадстаўніцамі выдавецкай ініцыятывы. Нягледзячы на тое, што дазвол на выкарыстанне прозвішча ад сваякоў быў больш сімвалічны, чым неабходны з пункту гледжання закону — самі па сабе імёны не зʼяўляюцца абʼектам аўтарскага права, — я папрасіла сваякоў аформіць усё пісьмова. Дакумент вісіць на сайце — так што, спадзяюся, у тых, хто сумняецца ў маёй сумленнасці, пытанняў не ўзнікне. Дзяцей ў Таўбіна не было, але гэта яго спадкаемцы, і яны маюць яго прозвішча.
— Рэакцыя беларускай публікі заўсёды непрадказальная, але самі для сябе вы ў чым бачылі слабое месца праекта менавіта з пункту гледжання «крытыкаў з сацсетак»?
— Не хацелася б у будучыні ўзбагачаць свой вопыт выпадкамі перажывання хейту і спрэчак у сацсетках, але думаю, што мяне гэтая гісторыя многаму навучыць. Па-шчырасці, я чакала, што зачэпяцца за мову, калі пабачаць, што мы публікуем і рускамоўныя вершы. Але не, зачапіліся за назву. Думаю, прэтэнзіі да мовы яшчэ наперадзе, і там будзе намнога больш негатыўных закідаў, пойдзе ў ход больш цяжкая артылерыя.
— Чаму запусцілі часопіс менавіта на Каляды, перад Новым годам?
— На гэты конт не было ніякай свядомай стратэгіі. Проста я вельмі даўно хацела запусціць такі сайт, але не ведала як. Паколькі прывыкла ўсё рабіць сама, то трэба было спачатку ўсяму навучыцца. Таму калі прыйшоў Артур Камароўскі — цяпер мой са-рэдактар — і сказаў: «Я дамовіўся, давай рабіць», — то не магла адмаўляцца. Гэта ж даўно была мая мара! У прынцыпе размова гэтая была летам. Нам дапамагаў спецыяліст, які прынамсі распрацаваў сам сайт. Але не ведаю, што мы рабілі гэтыя паўгода, бо дэдлайн быў на Раство і мы катастрафічна не паспявалі.
— Хто яго вам паставіў?
— Я сама (смяецца). Такую дату выбралі, бо былі падрыхтаваныя пераклады калядных вершаў Бродскага і іх трэба было паставіць у час. Праваслаўнае Раство пакінула для сябе як самы апошні варыянт, але камандзе пра гэта не сказала, і мы ўсё дарабілі да 25 снежня.
— Наколькі патрэбны сучаснай Беларусі такі часопіс?
— Падаецца, у Беларусі ўвогуле на хапае такіх пляцовак. І я тут не прэтэндую на нейкую выключнасць ці абранасць. Наадварот, чым больш будзе падобных праектаў, тым лепш.
Культура мусіць развівацца, пашыраць свае ўплывы, расці як якасна, так і колькасна.
У нас ёсць «Літраж», але ён не ў Беларусі, і пра яго далёка не ўсе ведаюць. Я вельмі парадавалася, калі пабачыла новае літаратурнае выданне «Маскарад».
фота Кацярыны Корж
— Іншае пытанне: ці варта і патрэбна рабіць часопіс на паперы ў наш час? Мо, гэта стане наступным крокам?
— Часопіс існуе выключна на нашы грошы. Гэта хобі, якое зараз займае больш часу, чым сама праца. Ва ўсялякім выпадку рэсурсаў на папяровае выданне ў мяне не было, і я не гатовая іх кожны месяц шукаць. Таму адназначна сайт, а не штомесячнік. Ні ў мяне, ні ў Артура няма ні часу, ні сіл збіраць кожны раз нумары, як гэта робіцца ў класічным папяровым літаратурна-мастацкім часопісе. Таму мы вырашылі: хай гэта будзе платформа, куды можна ў любы момант выкласці тэксты, не прывязваючы да нейкіх дат, падзей, тэмаў, выдавецкіх планаў, фінансавых справаздач.
— І ёсць што ставіць?
— Пакуль што ёсць. Але стараюся захоўваць перыядычнасць і не змяшчаю ўсё адразу. Публікую нешта раз на тры дні. Насту Кудасаву, Георгія Барташа і Андрэя Хадановіча я прасіла даслаць тэксты даўно, яшчэ ўлетку, і яны паўгода чакалі публікацыі. «Канстытуцыю» Ганны Янкуты папрасіла ўжо напярэдадні старту. Падборку Дзмітрыя Рубіна падрыхтаваў Артур. Прызнаюся, не чакала, што з самага пачатку будзе столькі працы. Але літаральна закопваюся ў вершы і ў сам сайт. Нейкія тэхнічныя дробязі даводзіцца выпраўляць па ходзе. Атрымліваецца не ідэальна, я нервуюся. На пошту таксама пішуць аўтары, мяне гэта радуе. І на падыходзе некалькі падборак з пошты.
У планах друкаваць як мага больш тэкстаў беларускіх паэтаў — як вядомых, так і невядомых. Але паглядзім, як пойдзе пасля ўсіх гэтых спрэчак, ці будуць згодныя аўтары друкавацца ў нас.
— Яшчэ адно пытанне пра нашу сучасную Беларусь. Ці страшна, трывожна займацца культурніцкім праектам, які можа камусьці падацца не толькі культурніцкім?
— У нас была размова з камандай пра гэта. Артур у Грузіі, з кімсьці мы вырашылі пакуль узяць паўзу з прычын бяспекі. З дызайнерам дамовіліся, што я чакаю, пакуль ён зʼедзе, і тады выкладваю ўсё, што мне захочацца паставіць, адказваць за гэта буду толькі я. Разумею, што ўжо столькі нагаварыла, што і без гэтага сайта могуць прыйсці ў любы момант. Вочы баяцца, а рукі робяць, як кажуць. Разам з тым, у нас у камандзе няма галоўнага. Мы абмеркавалі з Артурам адразу, што ў нас не будзе іерархій і ўсё будзем вырашаць супольна. А з кім супрацоўнічаць, каго ставіць на сайт, кожны вырашае сам. Мы давяраем адно аднаму.
фота Кацярыны Корж
— Вы пішаце ў маніфесце праекта Taubin: «Мы не ўмешваемся ў дзейнасць літаратурных суполак і плыней, не абмяркоўваем нашых калег і каляжанак у публічнай прасторы і не канкурыруем з іншымі культурнымі ініцыятывамі». Але ж гэта адмаўляе ўсе правілы паводзінаў у беларускім літпрацэсе! Калі сурʼёзна, то ці доўга зможаце пратрымацца на пазіцыях нейтралітэту?
— Калі мяне чамусьці і навучыла існаванне ў сучасным літаратурным беларускім працэсе, то гэта таму, што ўсе скандалы, спрэчкі ўзнікаюць з-за таго, што нехта некаму нешта не тое сказаў. Што трэба было камусьці больш «заслужанаму» саступіць. Але я не лічу гэта правільным.
Пасля скандалу з удзелам Беларускага ПЭН-цэнтра і Паўла Севярынца мне стала зразумела, што трэба нам распрацаваць нейкі этычны кодэкс літаратара. Таму я і напісала гэты маніфест. І можаце лічыць, што пісала яго для сябе самой. Як напамін, у якой прасторы я хацела б жыць і працаваць. Пакуль што пераймаюся, але спадзяюся, што мне хопіць мазгоў і вытрымкі далей проста працягваць рабіць сваю справу, не зважаючы на людзей, якія жадаюць нам ад пачатку «пайсці ўслед за нябожчыкамі». Для мяне гэта стымул рабіць наадварот.
— Але ж нягледзячы на ўсе сваркі, арышты, вялікую хвалю эміграцыі, татальную трывожнасць і дэпрэсію, беларуская культура жыве. Гэта нешта парадаксальнае.
— Мне кожны раз радасна і прыемна бачыць новыя праекты. Сапраўды, аказалася, што культура ў 2021 годзе жыла, нягледзячы ні на што.
Калі самі творцы закатаныя ў асфальт, але ўсё адно нешта выдаецца, выходзіць, пішацца, здымаецца. Гэта нашмат лепш, чым калі б мы ўсе проста склалі лапкі і далі мярзотнікам магчымаць зрабіць з намі што заўгодна. Таму яшчэ больш не разумею людзей, якія мусілі б з намі быць па адзін бок, але на пустым месцы разводзяць нейкія сваркі. Калі няма куды падзець агрэсію — памалаці грушу ў спортзале. Навошта выліваць яе на іншых?
Марына Весялуха для budzma.org