Барбара Радзівіл — жанчына, чые адносіны з каралём сталі самым гучным раманам таго перыяду і ледзь не развалілі Рэч Паспалітую.
Як толькі яе ні называлі: і «польскай Месалінай», і «вялікай блудніцай», не забываючы таксама распавесці, колькі мужчын — ад шляхціца да дваровага слугі — прайшлі праз яе ложак. А нехта назваў «Джульетай беларускага сярэднявечча». Мастакі малявалі яе партрэты, паэты складалі вершы, а сотні актрыс марылі ўзнавіць яе выяву на сцэне. Пра Барбару Радзівіл распавядае «Салідарнасць».
Польская актрыса Ганна Дымна ў ролі Барбары
Першы шлюб камяком
Дзяцінства шляхетнай прадстаўніцы роду Радзівіл прайшло гэтак жа, як і ў іншых дзяўчынак вышэйшага саслоўя: у занятках танцамі, музыкай, літаратурай. Вялікая княгіня Барбара нарадзілася ў 1520 годзе ў сям’і слаўнага военачальніка, які атрымаў за свае шматлікія перамогі мянушку Геркулес. Ды і далейшы лёс таксама не прадвяшчаў сюрпрызаў. Дзяўчыну чакаў дынастычны шлюб, здольны ўмацаваць палітычнае і фінансавае становішча.
Так і сталася. 17-гадовую Барбару выдалі замуж за графа Станіслава Гаштольда — прадстаўніка шляхетнага беларускага роду. Лёс і нявесты, і жаніха вырашалі без іх.
Нядзіўна, што асаблівага шчасця гэты шлюб не прынёс нікому. Муж так і не ацаніў ні прыгажосці, ні розуму, ні іншых добрых якасцяў Барбары. Ён неаднаразова здраджваў сваёй маладой жонцы і наогул мала надаваў увагі.
Зрэшты, пражылі яны зусім нядоўга. Праз некалькі гадоў шлюбу Станіслаў Гаштольд памёр.
Апрануўшы жалобны ўбор, маладая ўдава перабралася жыць у Вільню да свайго брата Мікалая Радзівіла Рудога, які атрымаў гэтую мянушку, каб яго адрознівалі ад стрыечнага брата, сябра і амаль аднагодкі Мікалая Радзівіла Чорнага.
Але жалоба рана ці позна заканчваецца, асабліва калі побач кіпіць свецкае жыццё, а ты маладая прыгажуня, якая прагне кахання і забаў. Барбара стала ахвотна наведваць балі, якія часцей за ўсё праводзіліся ў каралеўскім замку, які належыць вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту, сыну караля Рэчы Паспалітай.
Там і закруціўся іх раман. Прыгажосць, грацыя, вясёлы нораў і розум пакарылі спадкаемцу прастола, які, дарэчы, на той момант увогуле быў жанаты. Яго жонка Элізабэт Габсбург з’яўлялася спадчынніцай слаўнага роду, аднак, не адрознівалася ні асаблівым розумам, ні выразнай знешнасцю, вельмі часта хварэла і відавочна прайгравала ў параўнанні з Барбарай. Каб мець магчымасць бесперашкодна сустракацца з новай каханай, Жыгімонт, ніколькі не саромеючыся, прызначыў Барбару фрэйлінай сваёй жонкі. Двор не быў здзіўлены. Усё добра ведалі звычкі Жыгімонта, бо ні для каго не з’яўлялася сакрэтам, што каралева Бона ледзь не з дзяцінства балавала сына паслугамі наложніц.
Але Барбара была больш чым палюбоўніца. Іх адносіны развіваліся настолькі бурна, што калі жонка Жыгімонта памерла ад хваробы, ён не пасаромеўся з’явіцца на яе пахаванні ў суправаджэнні маладой фрэйліны. Усе былі ў шоку.
Пасля смерці жонкі Жыгімонта становішча былой фрэйліны, якой вялікі князь адкрыта аддаваў перавагу перад іншымі прыдворнымі дамамі, стала двухсэнсоўным. Каб не запляміць сваё імя ў вачах свету, Барбара была вымушана перастаць наведваць вялікакняскі двор.
Майстар-клас «Як выйсці замуж за прынца»
Некаторы час Барбара жыла ў свайго брата, а потым пераехала ў замак, які стаў яе ўласнасцю пасля смерці мужа. Аднак Жыгімонт знайшоў магчымасць наведваць яе і там. Па Вільні пайшлі плёткі. І браты Барбары, Руды і Чорны, абараняючы гонар сястры, узялі з сына караля слова, што ён больш не будзе сустракацца з Барбарай. Жыгімонт Аўгуст пакляўся, але...
Ян Мацейка. Жыгімонт Аўгуст з Барбарай у Радзівілаўскім палацы ў Вільні (1867)
Трэба сказаць, што Жыгімонт, якога пасля смерці бацькі чакала польская карона, быў чалавекам бязвольным і слабахарактарным. Яго маці каралева Бона круціла ім, як хацела. Ну, а тое, што падуладна адной жанчыне цалкам можа быць падуладна і іншай. У абдымках Барбары Жыгімонт адчуваў сябе вольным ад мацярынскага ўплыву. І складана было гэтым не скарыстацца.
А тут яшчэ і стала вядома, што каралева-маці актыўна занялася пошукам нявесты для свайго сына. Барбара і яе браты зразумелі, што дзейнічаць трэба неадкладна. «Сямейная рада» распрацавала хітры план.
У адну з начэй, калі Жыгімонт зазірнуў на агеньчык да Барбары, думаючы, што браты Радзівілы з’ехалі на паляванне, дзверы яе спальні нечакана адчыніліся ў самы непрыдатны момант, і ў пакой уварваліся ўзброеныя шаблямі Руды і Чорны.
Вялікаму князю нагадалі пра яго слова гонару і пацікавіліся, як ён збіраецца змыць ганьбу і са свайго імя, і з імя шматпаважаных Радзівілаў? Таму не заставалася нічога іншага, як прасіць рукі іх сястры. Тут жа з’явіўся і ксёндз, і сведка, родная сястра Барбары. Другім сведкам стаў Мікалай Чорны.
Шлюб вырашылі на нейкі час захаваць у таямніцы. Але не атрымалася.
Палюбоўніца караля і конюха
Трэба сказаць, што шлюб будучага караля і Барбары быў на руку шляхце Вялікага княства Літоўскага. Хоць і існавала адна дзяржава — Рэч Паспалітая, — паміж шляхтай Польшчы і Вялікага княства ўвесь час ішла барацьба за ўплыў у палітычным жыцці.
Зразумела, што, калі чуткі пра жаніцьбу Жыгімонта і Барбары прасачыліся, у княстве гэтаму факту вельмі ўзрадаваліся, бо бачылі ў шлюбе вялікага князя з прадстаўніцай беларускага роду залог сваёй шчаслівай будучыні. А вось сярод польскай шляхты энтузіязму не назіралася. Яны моцна перажывалі, што Вялікае княства Літоўскае можа аддзяліцца ад Польшчы (усе ведалі, што Радзівілы — прыхільнікі поўнай незалежнасці Літвы ад Польшчы). Больш за ўсіх была ўражаная ўчынкам сына каралева Бона. Яна патрабавала неадкладна ануляваць шлюб. У ход пайшла цяжкая артылерыя. Сярод аргументаў было тое, што Барбара «ліцвінка», а жанчыны гэтых тэрыторый адрозніваюцца асаблівай распустай — так, прынамсі, лічылі ў польскім каралеўстве. Каб не быць галаслоўнымі, «добразычліўцы» (з лёгкай рукі каралевы-маці) паднеслі Жыгімонту спіс былых палюбоўнікаў Барбары.
Па ўспамінах відавочцаў, выглядаў гэты спіс даволі доўгім. Былі там не толькі шляхцічы, але і манахі (!), мяшчане, сяляне, конюхі. У пераліку палюбоўнікаў значыўся нават стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны. Зрэшты, Жыгімонта Аўгуста гэта не спыніла.
Калі ж кароль Жыгімонт I Стары памёр, яго сын афіцыйна аб’явіў аб сваім шлюбе і папрасіў прызнаць Барбару вялікай княгіняй. Літоўскі сейм выканаў гэтую просьбу з вялікім задавальненнем. А вось у Польшчы ён такой радасці не сустрэў. Адзін з магнатаў яму прама заявіў: «Я хутчэй пагаджуся бачыць на польскім троне султана турэцкага, чым Барбару Радзівіл!». Каталіцкае духавенства нават прапанавала Жыгімонту развесціся, а грэх за парушэнне шлюбнага зароку падзяліць паміж усімі падданымі дзяржавы.
Але кароль быў непахісны, заявіўшы, што лепш пяройдзе ў пратэстантызм, чым адмовіцца ад Барбары і парушыць дадзеныя ёй перад Богам абяцанні.
7 снежня 1550 года Барбара была каранавана і абвешчана каралевай Польскай дзяржавы.
Хто забіў Барбару?
На жаль, атрымліваць асалоду ад ролі каралевы ёй прыйшлося нядоўга. Неўзабаве яна захварэла і літаральна праз год пасля каранацыі памерла.
Яна памірала пакутліва, але стойка. Сучаснік пісаў:
«Няма нікога, хто верыў бы, што яна можа жыць, аднак да гэтага часу яна не перастае фарбаваць твар, каб падманваць нас да свайго апошняга ўздыху».
Страшныя нарывы пакрылі некалі бездакорную скуру Барбары. У апошнія дні агоніі яны лопаліся, і пакой, дзе ляжала няшчасная, напаўняў смурод, якога не вытрымлівалі ні яе служанкі, ні дактары. І толькі верны муж да канца заставаўся ля ложка паміраючай жонкі.
Ёзэф Зімлер. Смерць Барбары Радзівіл (1860)
Некаторыя лічылі, што прычынай смерці Барбары стаў сіфіліс. Жыгімонт быў упэўнены, што ў смерці жонкі вінаватая яго маці — Бона Сфорца, у чыіх жылах цякла кроў Борджыя і Медычы, самых вядомых еўрапейскіх атрутнікаў. Баючыся гневу сына, каралева Бона з’ехала да сябе ў Італію — далей ад граху. Не дапамагло. У 1557 годзе каралеву, якой ішоў 61-ы год, зарэзаў малады палюбоўнік-грэк.
Аднак і меркаваны сіфіліс, і рэальная Бона апынуліся ні пры чым. У 1925 годзе польскі даследчык В. Зембіцкі, які вывучыў масу сапраўдных дакументаў і сведчанняў, прыйшоў да высновы, што Барбара памерла ад раку. Параўнальна нядаўна яго дыягназ пацвердзіла група польскіх урачоў, якія вярнуліся да гэтага пытання.
Барбара не была змешчаная ў Кракаўскі магільны склеп польскіх каралёў. Жыгімонт быў катэгарычна супраць, заявіўшы: «Не прынялі, не любілі яе тут пры жыцці, не пакіну яе тут і мёртвай». Цела Барбары было пахавана ў Вільні каля касцёла св. Станіслава.
Чорная панна Нясвіжа
Пра каханне Жыгімонта Аўгуста да памерлай Барбары сведчыць цудоўная легенда пра Чорную панну, якая блукае па Нясвіжскім замку. Быццам бы падчас аднаго са сваіх наездаў у Нясвіж, да брата Барбары Мікалая Чорнага, кароль прывёз з сабой чарнакніжніка, які паабяцаў выклікаць яму дух жонкі. І яму ўдалося.
Войцэх Герсан. Прывід Барбары Радзівіл (1886)
Але здарылася нядобрае. Па правілах спірытычнага сеансу, кароль не павінен быў дакранацца да здані Барбары. Аднак не ўтрымаўся. Як толькі ў пакоі з’явіўся дух Барбары, Жыгімонт кінуўся да яе з крыкам «Басенька мая...». У той момант, як ён дакрануўся да яе, у пакоі прагрымеў выбух, пайшоў трупны пах...
З таго часу прывід Барбары не можа знайсці сабе спакою.
Нягледзячы на моцную тугу па Барбары, Жыгімонт усё ж паспрабаваў шчасця ў трэцім шлюбе — з роднай сястрой яго першай жонкі Кацярынай Аўстрыйскай. Аднак неўзабаве растаўся з ёй і нават пачаў клопаты аб разводзе. Нешчаслівы ў сямейным жыцці, страціўшы надзею пакінуць пасля сябе законнага спадчынніка, кароль атачыў сябе ведзьмакамі і алхімікамі, спадзеючыся, што яны адновяць яго разбуранае ад нястрыманасці здароўе.
Але цудаў не бывае. 7 ліпеня 1572 года кароль памёр, не дажыўшы адзін месяц да свайго 52-годдзя. Разам з ім перапынілася мужчынская лінія дынастыі Ягелонаў.
Дух Жыгімонта, таксама самотны і няшчасны, блукае па Кракаўскім замку.