Дзе ўзяць грошы на беларусізацыю?

Каб адрадзіць беларускую мову, напэўна, ёсьць дзьве ўмовы. Па-першае, перастаць яе душыць, перасьледаваць, рэпрэсаваць. Ну й па-другое, патрэбная беларусізацыя — адмысловая дзяржаўная палітыка па адраджэньні й пашырэньні сфэры ўжытку беларускае мовы. Тым часам рупліўцы расейшчыны ўжо каторы год цьвердзяць, маўляў «на эту вашу мову нету денег, сперва нужно зажить хорошо, а потом уже можно и за мову взяться». Узброіўшыся элемэнтарнай лёгікай і калькулятарам, Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» разьбіраецца, наколькі гэта наагул выгодная справа — беларусізацыя, і дзе на яе ўзяць грошай.

4.jpgБеларускамоўны Валера Руселік — у часе падарожжа па Ісьляндыі. Фота з архіву аўтара

Праз усе гады майго беларускамоўнага блёгерства я неаднойчы сутыкаўся і працягваю сутыкацца з парадамі рабіць свой кантэнт... па-расейску. Маўляў, і аўдыторыі будзе больш, і праглядаў, і грошай ад манэтызацыі.

І наагул, працягваюць гэтыя дзіўныя людзі, якім аніяк не дае спакою памер маёй аўдыторыі і манэтызацыі майго кантэнту, беларуская мова — даўно ўжо мёртвая, няма чаго за яе чапляцца. І пагатоў — АД-РА-ДЖАЦЬ!

Ну чаго далёка хадзіць — вось вам адзін з апошніх камэнтароў на мой папярэдні тэкст, прысьвечаны патрэбе адраджэньня беларускае мовы на дзяржаўным узроўні. Мова і правапіс камэнтару пакідаю бязь зьменаў:

"В чем смысл перехода на мову и да кто будет покрывать экономические убытки с этим связанные? Экономические расходы — начнем с детства — дет сад на беларуском — все книги учебные материалы аудио видео — это все надо или перевести или создать новое на беларуском, все это надо опять напечатать. издать. вся документация, переобучение персонала. школа универ — вся литература учеб материалы документы переподготовка всего состава преподавателей. Государство — вся документация во всех отраслях весь гос аппарат обучить, весь гос сектор. даже названия улиц переименовать вывески документы и т. д. Дальше пропаганда бел мовы — сколько денег нужно чтобы переубедить людей переходить на бел мову и уж тем более учить на ней своих детей. Развлечения — те же фильмы все нужно переводить — объемы маленькие потребления — соответственно это будет убыточно. и так любая отрасль по сути.

объясните зачем тратить деньги на бесперспективный беларуский язык, и при этом еще нести убытки и сопротивление общества если можно перейти на английский? язык — это просто средство коммуникации и все — оно средство должно быть максимально эффективным.

Да несомненно всевозможные тутаки волынки да и драники на бел мове вкуснее — но это расходы и расходы в нищей стране, люди просто активней будут уезжать вот и все (те же страны Балтии — не особо народ задерживается) Плюс убытки по населению как восполнять? одно дело страна англоговорящая больше можно эмигрантов привезти если что — а в беларускоязычную кто приедет? итак люди бегут — назад вернутся единицы. Нужно думать ведь на десятилетия вперед а то и на столетия — все эти убытки ненужные на старте не дадут поднять экономику (наоборот) а экономика это фундамент любого государства основа его независимости и суверенитета. нет экономики нет государства...

Создать искусственоо? Так не приживется. и Вопрос — где на искусственно взять денег. Осветите пожалуйста в своем выпуске за счет чего вы собираетесь финансировать свое видение беларуской Беларуси?»

Выбачаюся за гэткую вялікую цытату. Ну але ж чаго зь песьні словы выкідваць, праўда?

Скажу адразу: падобныя пытаньні — безадносна канкрэтна аўтара зацытаванага мною вышэй камэнтара — асабіста ў мяне пакідаюць уражаньне альбо недалёкасьці тых, хто іх агучвае, паўтараючы чужыя прапагандысцкія штампы, альбо сьведамай крывадушнасьці.

Ну але пытаньне ёсьць — давайце пашукаем адказы.

1.jpgАдзін з камэнтароў, аўтар якога намагаецца пераканаць у эканамічнай немэтазгоднасьці адраджэньня беларускае мовы ў Беларусі. Скрын з youtube. com/daroha

Па-першае, «альбо мова, альбо каўбаса» — гэта самая што ні ёсьць закарэлая маніпуляцыя. Ну бо можна падумаць, нібы ўсе беларускамоўныя — жабракі і пра каўбасу могуць адно марыць, а вось каб гаварылі па-расейску, то мелі б поўныя кішэні грошай і паляндвіцаў! Магчыма, кагосьці расчарую, але гэта ня так.

Выбар паміж мовай і каўбасой — абсурдны і маніпулятыўны. Ну бо можна ж насамрэч быць беларускамоўным і пры гэтым — жыць добра. Палепей за многіх расейскамоўных.

Дасягнуць посьпеху, у тым ліку фінансавага, аднолькава могуць і беларускамоўныя, і расейскамоўныя. Прыкладаў — процьма. Між тым гэтае правіла працуе толькі на ўзроўні асобна ўзятых людзей: кожны каваль свайго шчасьця. А вось вы мне назавеце хаця б адзін прыклад, калі тыя, хто адмовіўся ад свайго на карысьць расейшчыны і пагатоў увайшоў у склад Расеі — і стаў жыць лепей! Ну хоць адзін самы лядашчы прыклад дайце!

Па-другое, я ніколі не разумеў, чаму мы заўжды павінны кіравацца не пасьпяховымі, а няўдалымі прыкладамі. Вось, маўляў, іншыя спрабавалі адрадзіць сваю мову, але ў іх нічога не атрымаліся — толькі грошы змарнавалі: «Все ирландцы патриоты как один, и гэльский наш не замай, но говорить на нем — хоть тресни! — не собираются несмотря на десятилетия обучения в школах и миллионы потраченные на его популяризацию».

І хоць сытуацыя з ірляндзкай мовай (якая насамрэч адрозьніваецца ад гэльскае — мовы горнае Шатляндыі) куды складанейшая й мае шмат сваіх нюансаў, але добра, давайце спрашчаць. Вось у ірляндцаў не атрымалася альбо атрымалася ня надта добра — і? Чаму мы павінны параўноўваць сябе зі імі, а ня з тымі, у каго як раз-ткі атрымалася? Да прыкладу, чаму б нам не параўнаць сябе з Ізраілем? Вы ж ведаеце, што іўрыт, носьбітамі якога сёньня зьяўляюцца каля 10 мільёнаў чалавек і які зьяўляецца адной з афіцыйных моваў Ізраілю, стаў практычна мёртвым яшчэ ў ІІ стагодзьдзі нашае эры, страціўшы сваю функцыю размоўнае мовы? Аднак напрыканцы ХІХ стагодзьдзя настаўнік Лейзер-Іцхок Пэрэльман (дарэчы, наш з вамі зямляк, нарадзінец Віцебшчыны), вядомы больш як Бэн-Егуда, узяў і адрадзіў гэтую старажытную мову.

Якая цудоўная гісторыя, праўда? Чаму б нам ня ўзяць за прыклад яе?

Па-трэцяе, наконт абмежаванасьці дзяржаўных рэсурсаў. Дык давайце далёка не хадзіць і задамо пытаньне наконт мэтазгоднасьці адраджэньня мовы ўласна ізраільцянам. У каго-каго, а ў іх сытуацыя яшчэ зусім нядаўна была ну дакладна ня лепшая за нашую. Мільёны забітыя, астатнія раскіданыя па сьвеце. Пры гэтым адусюль гнаныя стагодзьдзямі. Гістарычная зямля — пад чужой уладай, усё зьнішчана-выпалена. Голы пясок. Сваёй дзяржавы няма. І вось на тле гэтага ўсяго яны адраджаюць сваю мову. Навошта? Няўжо ж няма больш куды скіраваць свае надзвычай абмежаваныя рэсурсы?

Няўжо яны памыляліся? А што, калі — не? Што, калі жыды цудоўна разумелі, што няма мовы — няма народу? І хто-хто, а яны, перажыўшы Галякост, ужо ж дакладна хацелі жыць, праўда? Жыць як асобы. Жыць як народ.

І ўзяліся да адраджэньне сваёй мовы.

Ну і давайце сёньня параўнаем узровень жыцьця ў Ізраілі і ў Беларусі. Колькасьць насельніцтва — прыкладна аднолькавая, каля 9 мільёнаў. Пры гэтым Ізраіль, які ў дзесяць разоў меншы за нашую краіну, уваходзіць у 30-ку наймагутнейшых эканомік сьвету. Летась ВУП Ізраілю склаў больш за $610 мільярдаў (гэта $53 тысячы на аднаго жыхара). У Беларусі ж ВУП за мінулы год склаў каля $90 мільярдаў — гэта амаль у сем разоў менш.

Пры гэтым я ведаю гісторыі перасяленьня зь Беларусі, а таксама папросту паездкі на заробкі ў Ізраіль. А вось у адваротным кірунку — ня ведаю аніводнага выпадку. А вы?

2.jpg«Бацька іўрыту» Эліэзэр Бэн-Егуда. Фота: wikipedia.org

Па-чацьвёртае, чаго мы ўсё пра Ізраіль ды пра Ізраіль — давайце згадаем і іншыя краіны. З году ў год першыя радкі ў рэйтынгу  краінаў паводле ўзроўню жыцьця і ўзроўню шчасьця займаюць пераважна скандынавы. Летась першыя чатыры месцы падзялілі паміж сабою Фінляндыя, Данія, Ісьляндыя і Швэцыя. Згаданы вышэй Ізраіль, дарэчы, апынуўся на 8-м месцы. А вось нашую краіну экспэрты ААН у свой рэйтынг нават не ўключылі. І ўжо не ўпершыню.

Пры гэтым усе самыя заможныя і самыя шчасьлівыя краіны сьвету ня толькі маюць уласныя мовы, але і старанна іх разьвіваюць, укладваючы ў сваю культуру зноўку ж рэкордныя грошы з бюджэту. Вось вы ў курсе, што, да прыкладу, у Ісьляндыі кожны дзясяты жыхар — пісьменьнік? Адна з самых шчасьлівых і заможных краін у сьвеце — краіна літаратуры! Хаця, здавалася б, нават 400 тысяч насельніцтва не назьбіраецца — чаго тую ісьляндзкую мову падтрымліваць і разьвіваць, лепш ангельскую ці кітайскую!

Але ж не, шануюць і захоўваюць сваю. І жывуць добра і шчасьліва.

Па-пятае, нават расейцы, у мову якіх мяне ўвесь час намаўляюць перайсьці — і тыя разумеюць сілу слова. Ці вы думаеце, чаму, захапіўшы ўкраінскі Марыюпаль, першай справай акупанты... замянілі літару «і» на «и» на тамтэйшым прыдарожным знаку? Ну няўжо ж больш анічым не было заняцца? Няўжо ж больш не было куды прыкласьці рукі, час і грошы? Якая ў гэтым была эканамічная мэтазгоднасьць?

Дарэчы, вось у Расіі змагаюцца з замежнымі словамі — на ўзроўні законаў, падпісаных Пуціным. Ану-ка, хто патлумачыць эканамічную мэтазгоднасьць гэтага змаганьня?

3.jpgЗамена дарожных знакаў у акупаваным расейцамі ўкраінскім Марыюпалі

Ідзем далей. Па-шостае, калі адмяняем культуру як непатрэбнае марнаваньне бюджэтных грошай, то чаго спыняцца-та? Давайце тады адменім і пэнсіі, ільготы, розныя сацыяльныя выплаты: ну бо навошта проста так раздаваць грошы, праўда? Усё адно тыя ж пэнсіянэры збольшага не працуюць, адпаведна — не зарабляюць. Сядзяць на шыі!

Давайце таксама зачынім усе рэабілітацыйныя цэнтры для хворых і інвалідаў, у тым ліку для дзяцей — ну бо, зноўку ж, разбазарваньне і без таго абмежаваных фінансавых рэсурсаў! А яшчэ лепш — павыганяйма ўсіх пацыентаў з тых рэабілітацыйных цэнтраў і паздавайма памяшканьні, да прыкладу, пад казыно для расейскіх крымінальнікаў. Ненуачо, павязуць у Беларусь грошы — выгодная справа!

Па-сёмае, мне заўжды было сьмешна чытаць камэнтары з гэткім паказушным клопатам пра народныя грошы, якія — крый Божа! — нейкія адраджэнцы змарнуюць на беларускую мову, на «этот никому не нужный мёртвый язык».

Вось толькі чамусьці ў гэтых камэнтатараў не назіраецца клопату пра тое, куды народныя грошы марнуюцца і без падтрыманьня ўсялякай там беларускай мовы. Убухваць мільёны на розныя брсмы, на аўтапрабегі ябацек, на армаду розных безыдэйных ідэолягаў і прапагандыстаў, на залатыя ўнітазы ў дваццаці рэзыдэнцыях, на псэўданародныя сходы — вось на ўсю гэтую ху... лухту вам народных грошай не шкада?

Альбо вось міністар адукацыі Андрэй Іванец сабраўся зрабіць Беларусь пляцоўкай для папулярызацыі... расейскае мовы — ёсьць у нашым бюджэце грошы на гэта?

Дарэчы, вось і спосаб, як падтрымаць нацыянальнае адражэньне, ня ўзяўшы аніводнай дадатковай народнай капейчыны: папросту перастаем фінансаваць пералічанае вышэй і скіроўваем ашчаджаныя грошы на беларускую мову і культуру! Профіт! Яшчэ й застанецца!

Эканамічна выгодная справа!

Ну й няхай будзе апошняе, восьмае. Насамрэч беларуская дзяржава не папросту можа ў нейкай ступені падтрымліваць беларускую культуру і беларускую мову. Дзяржава АБАВЯЗАНАЯ гэта рабіць. Інакш навошта наагул яна патрэбная?

Што наагул трымае людзей у межах аднае дзяржавы? Калі галоўнае — абы пятая кропка была ў цяпле, то чаго тады зьдзіўляцца, што зь Беларусі зьяжджаюць тысячы і тысячы беларусаў? І гэта я не пра тых, хто бяжыць ад палітычных рэпрэсіяў, а пра эканамічных мігрантаў. Ну вось які сэнс усім гэтым людзям заставацца ў Беларусі?

Таксама як і які сэнс беларускамоўным беларусам альбо іх нашчадкам, якія атрымалі ад бацькоў любоў да гістарычнае радзімы, дапамагаць Беларусі? Усе гэтыя праграмы падтрыманьня чарнобыльцаў, іншыя гуманітарныя трэкі — навошта гэта ўсё? Ці ня ёсьць гэта марнаваньнем грошай — для фундатараў?

Магчыма, кагосьці моцна зьдзіўлю, але ёсьць гэткая зьява як любоў да Беларусі. І гэтая любоў як раз-ткі сілкуецца не пабедабеснымі парадамі альбо трактарамі МТЗ. Яна мацуецца беларускімі краявідамі, беларускай культурай і, вядома ж, беларускай мовай. Менавіта родная мова лучыць нас, беларусаў, у адзіную супольнасьць, дае адчуваньне адзінства й неабыякавасьці адно да аднаго. Менавіта беларуская мова і робіць нас беларусамі — адной вялікай беларускай сям’ёй.

Дык а што ж мы, не дапаможам адно аднаму ў сваёй сям’і — нават калі гэта на першы погляд і не выглядае эканамічна мэтазгодным?

Валера Руселік, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org