Ужо два тыдні ў Батумі ў тэставым рэжыме працуе крама беларускай сімволікі Batumiby.ge. Пра ідэю стварэння, асартымент і пакупнікоў budzma.org паразмаўляла з уладальнікам крамы Андрэем Мялешкам.
Андрэй Мялешка. Фота з асабістай старонкі ў Фэйсбук
Ад цішотак да паштовак часоў БНР
Андрэй распавядае, што ідэя адкрыцця чагосьці падобнага існавала яшчэ з 2021 года, але рэалізаваць яе атрымалася толькі зараз. Пасля ліквідацыі гродзенскай крамы беларускіх колераў «Адметнасць» у Батумі атрымалася перавезці шмат рознага тавару. Уладальнік крамы займаецца калекцыяваннем даўніны, таму вырашыў у Грузіі рэалізоўваць некаторыя элементы сваёй калекцыі: «У 2020 годзе ўдалося знайсці ў Гародні какарды з «Пагоняй», якія насілі міліцыянты ў Беларусі яшчэ ў 90-я гады ХХ стагоддзя. У нас таксама ёсць у крамцы такія рарытэты, як арыгінальныя маркі Асобнага Атраду БНР з пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя з маёй асабістай калекцыі», — распавядае Андрэй. Акрамя беларускай сімволікі, ёсць украінская і грузінская.
Фота з асабістага архіву Андрэя Мялешкі
Аўтарскі асартымент, які беларускія майстры робяць у Батумі
Асноўны асартымент — нацыянальныя сцягі і значкі, таксама карыстаюцца попытам кубкі і цішоткі, якія Андрэй робіць у супрацы з крамай «Адметнасць», што перабазавалася ў Беласток. Таксама на паліцах крамы можна знайсці вырабы са шкла і дрэва, гумовыя бранзалеты з сімволікай на любы густ. Супраца шчыльна наладжана з беларускімі рамеснікамі: «На месцы ў Батумі мы маем некалькі беларускіх майстроў, якія вяжуць шалікі, шкарпэты з нацыянальнай сімволікай. Адна беларуска прыносіць да нас у крамку шакалад ручной работы ў выглядзе анёлкаў і сэрцайкаў. А ад украінскіх майстроў маем некалькі аўтарскіх цішотак і шопераў, пернікі і брошы. Наша сям’я робіць таксама лялькі і маскі для сну, якія таксама набываюць беларусы», — дзеліцца ўладальнік крамы.
Фота з асабістага архіву Андрэя Мялешкі
На дадзены момант асартымент аўтарскіх прац складае каля 25–30%, «але думаю, што з цягам часу ён будзе павялічвацца. Бо пасля першых аб’яваў у сацыяльных сетках пачалі прыходзіць першыя майстры, якім цікава прадаваць сваю прадукцыю», — дадае Андрэй.
Партрэт сярэдняга пакупніка сімволікі
Згодна з назіраннямі ўладальніка крамы, сярэднестатыстычны пакупнік — гэта малады беларус ці беларуска ўзростам каля 30–40 год, якія прыехалі ў Грузію ў 2021–2023 гадах. «Чалавек з сярэднім дастаткам, які можа набыць за адзін раз нешта на суму ад 15 да 20 даляраў. Таксама сярод пакупнікоў у нашай крамцы цяпер вялікая колькасць украінцаў і ўжо пачынаюць заходзіць і грузіны, якія набываюць значкі як з украінскай, так і з беларускай сімволікай», — рэзюмуе бізнесовец.
Фота з асабістага архіву Андрэя Мялешкі
Крама беларускай сімволікі знаходзіцца ў Батумі па адрасе: вуліца 26 мая, 41. За навінкамі крамы можна сачыць і ў Інстаграме.
Фота з асабістага архіву Андрэя Мялешкі
АМ, budzma.org