З тым, што адбываецца ў Беларусі, шмат якія праблемы падаюцца нязначнымі. Але насамрэч яны не перастаюць быць праблемамі. Напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын, які адзначаецца 25 лістапада, мы паразмаўлялі з фем-актывісткай Настай Базар. Пра тое, як гвалт спараджае гвалт, як сітуацыя ў краіне паўплывала на становішча з абаронай ахвяраў хатняга гвалту, і пра тое, што «маленькага» гвалту не бывае.
І, канешне ж, пра тое, што і як можна зрабіць у сённяшняй сітуацыі.
Сама Наста называе сябе «нізавой актывісткай». Але да 2020-га яна сябе такой не лічыла.
Фота Аляксандра Сушчэўскага. Крыніца: Фэйсбук Насты Базар
«У нашым грамадстве існуе нармалізацыя гвалту»
— Да 2020 года я не магла назваць сябе актывісткай, бо было ўражанне, што гэта такія асаблівыя людзі, якія робяць нешта тое, што не ўсім адназначна зразумела. Бо трэба было зрабіць вельмі шмат, каб назваць сябе актывісткай, альбо быць у нейкай арганізацыі. Я ніколі не была ні ў якой арганізацыі, але заўсёды была на сувязі.
Што тычыцца тэматыкі гвалту, то ў мяне проста свой досвед шлюбу. І у мяне не было фізічнага гвалту, нейкага аб’юза, таму ў мяне было распаўсюджанае меркаванне, што гвалт — гэта калі цябе б’юць, і ўсё. Але потым я стала разумець, што ў нашым грамадстве існуе нармалізацыя гвалту — нават калі б’юць, жанчына не разумее, што гэта не яе віна, што ў гвалце заўсёды вінаваты толькі агрэсар. Я пачала больш цікавіцца гэтай тэматыкай, была на шчыльнай сувязі з арганізацыяй «Радзіслава», якая арганізавала сховішча для дзяцей і жанчын, што пацярпелі ад гвалту.
У мяне была ў Мінску сямейная прастора «Сямейны падворак» — такі каворкінг для бацькоў з дзецьмі, і мы там збіралі рэчы, абутак, ўсё, што людзі прыносілі для сховішча, рабілі навагоднія святы для мам і дзяцей у сховішчы... Таму мая праца ў Беларусі была больш кропкавая, і больш — у падтрымку тых, хто займаліся гэтай справай доўгі час.
«Гвалт — гэта частка жыцця жанчыны ў Беларусі»
— Гвалт — гэта нармалізавана, гэта, можна сказаць, частка жыцця жанчыны ў Беларусі. І збольшага яны нават не ідэнтыфікуюць тое, што ў іх адбываецца, як хатні гвалт. Таму што эканамічная залежнасць — гэта таксама гвалт.
Безумоўна, нехта скажа, што «гэта залежыць ад дваіх», «жанчыны самі нечага не хочуць»... З аднаго боку — так, з іншага, у нас шмат сацыяльных канструктаў: хто такая жанчына, хто такая маці, хто такая жонка, жанчыны насамрэч робяць вельмі шмат неаплочваемай працы, дзеці заўсёды на жанчынах, нават калі яны ідуць працаваць... І вось гэтая эканамічная залежнасць спачатку незаўважная — а потым ты ловіш сябе на тым, што ты на абсалютна кожную пакупку просіш грошы, узгадняеш яе, і набываеш толькі тое, на што табе даюць дазвол.
Я сама гэта не ўспрымала як тое, што «нешта не ок». Ёсць жа такі стэрэатып: мужчына — здабытчык мамантаў, а жанчына захоўвае ачаг. Нібыта, усё сумленна падзялілі: на мне хата, дзеці, на табе — зараблянне грошай, аднак аказваеца, што жанчына робіць вялікую працу, але неаплочваемую, а фінансава цалкам залежыць ад мужчыны.
А потым з гэтай сітуацыі пачынаецца... Спачатку: «Я працую, навошта табе працаваць». Потым гэта пераходзіць у «А навошта ты сустракаешся з гэтымі сяброўкамі?». Потым — абмежаванне камунікацыі з роднымі, з маці, з сястрой. Такім чынам жанчына становіцца ізаляванай, яна не разумее, як з гэтага выйсці, яна вініць сябе, таму што ў нас вельмі распаўсюджаная такая гісторыя, як абвінавачванне пацярпелых.
Гэтая сітуацыя, у якой мы доўгі час жылі, і якая ў апошнія гады толькі ўзмацняецца.
Фота з Фэйсбуку Насты Базар
«Зліквідаваныя ўсе арганізацыі, якія дапамагалі жанчынам у сітуацыях хатняга гвалту»
— Я ў 2020 годзе з’ехала ў Кіеў, спачатку — на некалькі тыдняў, проста адпачыць пасля пэўных падзей, якія на мяне паўдзельнічалі вельмі моцна псіхалагічна. Але потым не змагла вярнуцца, таму што гэта было ўжо вельмі небяспечна. Год з лішкам мы пражылі ў Кіеве, дзе больш займаліся дапамогай тым людзям, якія пераязджалі з Беларусі. У Кіеве я адкрыла «Беларускі хаб» — куды людзі прыносілі рэчы і маглі адтуль узяць, што трэба. Там праводзіліся мерапрыемствы, была падтрымліваючая атмасфера. І на той момант было шмат каляжанак у Беларусі , якія яшчэ маглі нешта рабіць. Тая ж самая «Радзіслава» была зачыненая толькі ў 2021 годзе, пад час аблавы на НДА-сектар. Цяпер я нават не ведаю дакладнай лічбы, — спынілася ў падліках на 800 ліквідаваных арганізацый — у тым ліку зліквідаваныя абсалютна ўсе арганізацыі, якія дапамагалі жанчынам у сітуацыях хатняга гвалту.
Зараз у Беларусі сітуацыя шмат-шмат цяжэй. Таму што афіцыйна дапамагаць як бы нельга, а жанчыны застаюцца ва ўразлівай сітуацыі.
У верасні мінулага года быў яскравы выпадак — жанчына прыйшла ў міліцыю напісаць заяву на сямейны скандал, але ў яе прычосцы былі валасы, пафарбаваныя ў чырвоныя і белыя канцы. І ёй прысудзілі штраф за несанкцыянаванае пікетаванне.
Увогуле, жанчыны і раней баяліся і не хацелі ісці ў міліцыю, таму што на агрэсараў часцей за ўсё выпісвалі штраф, а гэты штраф выплачваўся з сямейнага бюджэту. Гэта, зразумела, выклікала новую хвалю агрэсіі. Потым жанчынам казалі, што іх паставяць на сацыяльна-небяспечнае становішча — і інстытут СНС ператварыўся ў рэпрэсіўны замест падтрымліваючага. І калі раней жанчынам было цяжка звярнуцца па дапамогу, то цяпер — яшчэ больш цяжка. І яны працягваюць звяртацца да нас.
Я маю надзею, што некаторыя рэчы яшчэ працуюць у Беларусі — нейкія скаргі, заявы, але я разумею, што цяпер жанчынам яшчэ цяжэй. Зараз жанчыны у вельмі цяжкім становішчы.
«Першая падтрымка, якая можа быць — каб жанчына разумела, што яна не адна»
— Калі распачалася вайна ва Украіне, мы пераехалі ў Кракаў, — і пачаліся заявы пра сэксуалізаваны гвалт, распаўсюджаная гісторыя падчас войнаў. Мы з каляжанкамі збіралі грошы на медыкаменты для пацярпелых, каляжанкі знайшлі нават наборы для збору доказаў сэксуалізаванага гвалту — мы ўсё гэта перадавалі ва Украіну. Але з цягам часу з’явілася вельмі шмат моцных, файных украінскіх ініцыятыў, і мы засяроджваемся больш на тым, як можна дапамагчы жанчынам у Беларусі.
Фота з Фэйсбуку Насты Базар
З ініцыятыў, якія яшчэ засталіся дасяжныя для жанчын у Беларусі, я магу падказаць сайт Spravka, дзе змешчаныя прыклады скаргаў, якія жанчыны самі могуць напісаць, запоўніць і падаваць, таксама там ёсць юрыдычныя і псіхалагічныя кансультацыі — бясплатна, анлайн. Жанчыны звяртаюцца, ім патрэбная гэтая падтрымка, калі яны ўжо разумеюць, што яны могуць прынамсі паспрабаваць пры нашым заканадаўстве, якое не працуе, зрабіць.
Ёсць яшчэ ініцыятывы псіхалагічнай падтрымкі, але збольшага, на жаль, гэта, мабыць, усё.
Першае, што самае галоўнае ў любой сітуацыі, першая падтрымка, якая можа быць — гэта тое, каб жанчына разумела, што яна не адна. Безумоўна, псіхалагічныя кансультацыі заўсёды працуюць — і анлайн, і не анлайн.
«У кожнай краіне ёсць тыя, да каго можна звярнуцца па дапамогу»
— Я увогуле лічу, што вельмі часта працаваць трэба менавіта псіхалагічна. Таму што усе гэтыя сацыяльныя нормы, сацыяльныя канструкты, якія дыктуюць, як жанчына павінна сябе паводзіць, быць маці, жонкай і гэтак далей — і жанчыны часта не разумеюць, што можна іначай.
Я цяпер не ведаю, дзе можна знайсці бяспечную прастору ў Беларусі, калі трэба сысці ад мужа-агрэсара.
Але важна казаць і пра жанчын-бежанцаў, жанчын з досведам бежанства — гэта той пункт, на якім мы робім увагу, бо вялікая колькасць жанчын знаходзіцца ва ўразлівым стане — асабліва гэта жанчыны з малымі дзецьмі, калі яна трапляе ў чужую краіну, то залежыць ад мужа, а муж — агрэсар то яна не разумее, куды можна сысці.
Таму мы спрабуем зараз наладжваць такую сувязь, не толькі ў Польшчы, але і ў многіх краінах — беларускі раз’ехаліся па свеце, нас шмат ужо і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Грузіі, і ў кожнай краіне ёсць тыя, да каго можна звярнуцца па дапамогу. Прынамсі, пашукаць якія-небудзь шэлтары, сховішчы. І вельмі важна даносіць да жанчыны, што калі яна ў бядзе, то ні ў якім разе не трэба заставацца ў гэтай бядзе адной — трэба пісаць, шукаць варыянты, шукаць жаночыя арганізацыі ў той краіне, дзе яны знаходзяцца.
«Як бы не было цяжка, ўсё роўна будзе лепей і лягчэй, калі пазбавіцца сітуацыі гвалту»
— Што можна параіць беларускім жанчынам? Я б абавязкова хацела сказаць кожнай жанчыне, каб яна разумела, што яна не адна, што ёсць фемінісцкая супольнасць, і нас шмат. Проста грукацца, пісаць у прыват тым, хто больш публічны, каго вы ведаеце, — я таксама атрымліваю такія паведамленні.
Трэба запомніць раз і назаўжды: у гвалце заўсёды вінаваты агрэсар. Гэта першае, што трэба зразумець дзяўчынам і жанчынам. І з такім разуменнем будзе лягчэй і прасцей пашукаць нейкую падтрымку.
Шмат якім жанчынам сорамна, шмат якіх не падтрымліваюць нават родныя з гэтымі «б’е — значыць кахае», «не выносьце смецце з хаты» і гэтак далей. Гэта ўсё трэба перакрэсліваць і разумець, што калі мне дрэнна, калі я адчуваю гвалт, трэба з гэтай сітуацыі выходзіць і шукаць падтрымку.
Безумоўна, трэба шукаць інфармацыю, трэба шукаць псіхалагічную падтрымку — яна ёсць, яе можна знайсці.
І калі ўжо давядзецца сыходзіць... На жаль, я не ведаю, у мяне няма інфармацыі, ці робіць нехта сёння ў Беларусі такія сховішчы, бо гэта цяпер небяспечна ў Беларусі — дапамагаць людзям, тым больш неафіцыйна, нелегальна. Але пашукаць варта.
З маім досведам вымушанай падвойнай эміграцыі я разумею, што ўсё зрабіць магчыма. Я разумею, што калі жанчына знаходзіцца ва ўразлівым стане, яна залежыць фінансава, ёй вельмі цяжка прыняць рашэнне пра сыход. Але трэба абіраць сябе, разумець, што як бы не было цяжка, будзе ўсё роўна лепей і лягчэй, калі пазбавіцца сітуацыі гвалту.
Таму — шукаць падтрымку і прымаць яе. Вельмі важна яе прымаць, таму што шмат жанчын абясцэньваюць свае перажыванні, свой досвед, кажуць: «я сама вінаватая», «я сама павінна справіцца», і павінна нешта зрабіць, каб «ён пачаў сябе па іншаму паводзіць».
Гэта няпраўда. Агрэсары амаль што не мяняюцца, прынамсі, я не бачыла такога прыкладу. Таму — хай мяняецца, але ўжо — асобна.
Размаўляла Аліна Бялова, для budzma.org