Супергеройскі фільм “Супермен”. Спартыўная экшэн-драма “Формула-1”. Фантастычны баявік “Пакараць нельга памілаваць”.
У беларускіх кінатэатрах ужо некалькі гадоў паказваюць сусветна вядомыя кінаатракцыёны ў рускамоўным дубляжы, які — вось гэта сюрпрыз — ствараецца з удзелам мінскага музыканта і тэатральнага акцёра Рыгора Лайкава.
Мужчына займаецца гэтай справай, жывучы ў Грузіі, і за некалькі гадоў актыўнай дзейнасці паспеў агучыць больш за сто ролікаў у амерыканскіх і еўрапейскіх анімацыйных і гульнявых праектах. Рыгор расказаў «Еўрарадыё» пра нюансы сваёй часта непрыкметнай працы.

Музыкант і актор Рыгор Лайкаў / Асабісты архіў суразмоўцы
— Калі паспрабаваць знайсці пра вас інфармацыю, можна зразумець, што вы былі музыкантам, фронтменам некалькіх гуртоў (“Палай” і “Кватэрнік”), ігралі ў тэатры. Як і калі вы трапілі ў Грузію?
— Я пераехаў чацвёртага сакавіка, ужо пасля пачатку вайны. Гэта быў 2022 год. Я прыняў рашэнне пераехаць самастойна, без нейкага знешняга прымусу. Сітуацыя была незразумелая, трывожная, і стала ясна, што трэба нешта рабіць. Таму і вырашыў з’ехаць.
— Чаму вы выбралі менавіта Грузію? Чаму не іншую краіну?
— На той момант так было хутчэй і прасцей за ўсё. У мяне тут ужо былі сябры, з якімі я мог дамовіцца, каб пажыць у іх, хаця б часова. Гэта была такая адпраўная кропка. Я тады яшчэ не разумеў, у якім кірунку рухацца далей, але трэба было кудысьці прыехаць, замацавацца. Грузія на той момант была самым простым і даступным варыянтам.
— Вы ўжо некалькі гадоў у эміграцыі, калі не памыляюся, цяпер ідзе чацвёрты год. Як вам удаецца жыць у Грузіі, як наогул уладкавана ваша жыццё тут?
Эміграцыя — гэта заўсёды няпроста. Думаю, любы чалавек у эміграцыі скажа вам нешта падобнае. Узнікаюць складанасці — эмацыйныя, звязаныя з тугой па доме, часам турбуюць і фінансавыя праблемы. Трэба значна больш круціцца, больш напружвацца, чым у сябе дома. Гэта відавочна.

Музыка і актор Рыгор Лайкаў / асабісты архіў суразмоўцы
Але пры гэтым мне падабаецца краіна, мне падабаюцца людзі, мне падабаюцца мае новыя сябры. Я, як кажуць, аброс новымі цудоўнымі людзьмі — і мігрантамі, і мясцовымі. Я лічу, што галоўнае — гэта людзі. Калі побач добрае асяроддзе і калі ты сам стараешся быць нармальным чалавекам, то ў выніку ўсё павінна скласціся.
— У канцы 2022 года я даведаўся пра існаванне ў Грузіі студыі, якая займаецца стварэннем рускамоўнага дубляжу для амерыканскага і еўрапейскага кіно. Як вы трапілі ў гэтую сферу?
— Насамрэч усё адбылося даволі выпадкова. Мой сябар даслаў мне аб’яву ў Telegram. Ужо не памятаю, што гэта быў за канал. Там было напісана, што студыя гуказапісу ў Тбілісі шукае рускамоўных акцёраў або проста людзей з акцёрскімі навыкамі для кастынгу ў адзін маштабны, але сакрэтны праект.
Кастынг цягнуўся некалькі дзён. Я даведаўся пра яго толькі на чацвёрты дзень — і адразу пайшоў у студыю. Там нас сабралі і патлумачылі, што гэта праект студыі Warner Brothers — фільм “Фантастычныя стварэнні: Таямніцы Дамблдора”. Праводзіўся кастынг на персанажаў.
Мяне спрабавалі на ролю Ньюта Саламандэра, галоўнага героя. Я тады быў вельмі скаваны, хваляваўся. Літаральна месяц як пераехаў, толкам нічога не разумеў, не ведаў, што за праект, што за студыя. І, як ні дзіўна, менавіта гэтая заціснутасць сыграла мне на руку. Бо персанаж якраз такі — сарамлівы, крыху замкнёны.
Праз тыдзень мне патэлефанавалі і сказалі, што я прайшоў кастынг. Я быў вельмі рады. Так пачаўся мой першы праект. А потым ужо паступова пачалі з’яўляцца іншыя: “Свет Юрскага перыяду 3”, дзе персанаж акцёра Крыса Прата быў поўнай супрацьлегласцю — такі альфа-самец. Я прыйшоў на кастынг ужо значна больш упэўненым, і таксама яго прайшоў.
— Я глядзеў ваша партфоліа, дзе пазначана больш за сто агучаных роляў. Раскажыце, як арганізаваны працэс працы над агучваннем маштабных амерыканскіх блокбастараў. Ці кантралююць працэс прадстаўнікі замежных студый?
— Усё залежыць ад праекта. У большасці выпадкаў студыі аддаюць фільм на меркаванне мясцовага рэжысёра дубляжу. То-бок даюць фільм і кажуць: далей вырашайце самі.
Рэжысёр і гукааператар альбо праводзяць кастынг, альбо адразу размяркоўваюць ролі. Але ёсць больш маштабныя праекты, дзе ўмяшанне з боку студыі значна сур’ёзнейшае.
Напрыклад, у выпадку з фільмам “Формула-1” з Брэдам Пітам на студыю прыйшоў ліст прыкладна такога зместу: “Добры дзень, вас турбуе каманда Брэда Піта, нам патрэбны варыянты галасоў для яго”. Пасля кастынгу прыйшоў адказ, што яго каманда зацвердзіла мяне. Было вельмі прыемна чытаць такую фармулёўку.
У цэлым ад праекта да праекта ўсё змяняецца. Часам студыя сама выбірае акцёраў, часам пакідае гэта на меркаванне мясцовай каманды.
— А наколькі ў Грузіі развіты рынак агучвання? Ці шмат студый, менеджараў, акцёраў, якія працуюць у гэтай сферы?
— Наколькі мне вядома, афіцыйна студыя рускамоўнага дубляжу ў Грузіі толькі адна. Але канкурэнцыя існуе на ўзроўні так званага дубляжу краін СНД. Напрыклад, ёсць студыя ў Казахстане, якая ў асноўным працуе з карпарацыяй Disney. Ёсць студыі ў Ізраілі, якія агучваюць праекты для буйных платформаў, у тым ліку Netflix.
Але менавіта ў Грузіі, наколькі мне вядома, мы адзіныя, хто займаецца паўнавартасным рускамоўным дубляжом.
— Вядома, што пірацкія копіі фільмаў з рознай агучкай трапляюць у Расію і Беларусь. У тым ліку і з вашым афіцыйным дубляжом. Ці ведаеце вы, як гэта адбываецца?
— Я ведаю, што некаторыя фільмы з нашай агучкай паказваюць у Беларусі. Мне пра гэта распавядалі сябры з Мінска. Але як менавіта гэта адбываецца, я не ведаю. Магу толькі здагадвацца.
Гэта дакладна не адбываецца наўпрост праз Грузію. Мы не дыстрыб’ютары, мы проста выконваем сваю працу. Якія схемы ідуць далей — гэта ўжо па-за межамі нашай зоны адказнасці.
— А як студыя гуказапісу рэагуе на тое, што агучка трапляе на забароненыя рынкі?
— Шчыра кажучы, студыі ўсё роўна. Замова выканана, праца аплачана. Што адбываецца далей — ужо не наша зона адказнасці.
— Раскажыце, як вы рыхтуецеся да працы над роляй перад працэсам агучвання? Ці ёсць у вас сістэма падрыхтоўкі?
— Часцей за ўсё ніякай асаблівай падрыхтоўкі няма. Праект прыходзіць, рэжысёр размяркоўвае ролі, і цябе проста выклікаюць у студыю. Часам ты даведваешся, каго агучваеш, ужо стоячы ля мікрафона.
Ёсць праекты буйнейшыя, дзе даюць магчымасць загадзя паглядзець фільм у арыгінале. Тады ты можаш падумаць, як падысці да персанажа. Але ў большасці выпадкаў праца ідзе ў вельмі хуткім рэжыме.
У кожнага акцёра ёсць свае ўнутраныя загатоўкі: як гучыць злыдзень, як гучыць батан, як гучыць мача. І ты проста дастаеш з сябе напрацаваныя рэчы ў патрэбны момант.
— Колькі фільмаў на год звычайна ўдаецца агучыць?
— Я дакладна не лічыў, але калі казаць пра буйныя праекты, то іх прыкладна ад аднаго да трох у месяц. Часам бываюць месяцы без мэйджараў, тады праца ідзе з Netflix, а ў іх праекты выходзяць пастаянна, як кулямётныя стужкі.
— Наколькі агучванне кіно з’яўляецца прыемнай і, што немалаважна, прыбытковай справай? І як гэтая дзейнасць адбіваецца на вашай артыстычнай кар’еры?
— Гэта, безумоўна, прыемная праца. Дубляж патрабуе ад мяне менш сіл і канцэнтрацыі ў параўнанні з ігрой на тэатральнай сцэне або здымкамі ў кіно. Пры гэтым я атрымліваю задавальненне ад таго, што ў выніку з’яўляецца гатовы прадукт, які глядзіць і ацэньвае вялікая колькасць людзей.
Што да заробку, то я не буду называць канкрэтныя сумы, абмежаваўшыся агульнай заўвагай: усім хацелася б больш. Даходнасць у гэтай сферы наўпрост залежыць ад рэгулярнасці замоў. Калі б праекты з’яўляліся рэдка, напрыклад, адзін фільм у месяц, гэта было б фінансава сумна для любога акцёра ці гукааператара. Аднак у цяперашніх умовах у цэлым зарабляць на гэтым удаецца.
— Бачыў, што, акрамя вас, агучваць фільмы спрабавалі спявачка Марына Шукюрава і акцёр Аляксандр Ждановіч. Ці ёсць яшчэ беларусы, занятыя ў гэтым працэсе? І якія яшчэ артысты займаюцца гэтым у Грузіі?
— Так, з Аляксандрам Ждановічам мы працавалі разам, у тым ліку над фільмам “Элвіс”, дзе ён агучваў бацьку Элвіса. Аляксандр — выдатны акцёр і цудоўны чалавек.
Але ў цэлым большасць акцёраў расіяне. Ёсць таксама грузінскія акцёры з выдатным маўленнем. Беларусаў цяпер вельмі мала, большасць ужо пераехала ў іншыя краіны.
— Якія ролі вы лічыце для сябе найбольш важнымі або складанымі? Што можна назваць вашай візітнай карткай?
— Самым хвалюючым для мяне быў досвед агучвання Элвіса Прэслі ў фільме “Элвіс”. Гэта быў адзін з першых буйных праектаў, і я вельмі хваляваўся, ці змагу справіцца з голасам персанажа на розных этапах яго жыцця.
Другі па хваляванні — Брэд Піт у “Формуле-1”.
Самым фізічна складаным быў мультфільм “Dogman: Пушыстая справядлівасць”, дзе я агучваў ката-ліхадзея. Ён увесь мультфільм крычыць, смяецца, гарлапаніць. Пасля запісу я проста злёг, настолькі цяжка было гэта рабіць. Арганізм, бадай, вырашыў, што нешта не так.
І яшчэ адзін важны праект — фільм “Баксёр з Польшчы” на Netflix. Ён быў цалкам без цэнзуры, з вялікай колькасцю эмоцый і ненарматыўнай лексікі. Працаваць над ім было вельмі цікава.
— А можаце падзяліцца, калі гэта не камерцыйная таямніца, якія праекты ў гэтым годзе вы агучвалі ці плануеце агучыць?
— Ой, на самай справе я не ўпэўнены, што магу пра гэта гаварыць. Могу сказаць, што мы агучылі “Смяротная бітва 2”. Ён выйдзе ў маі, хаця спачатку планаваўся яшчэ восенню. Яго выпуск перанеслі, па-мойму, прыкладна на паўгода.
Звычайна, калі студыя агучвае трэйлер канкрэтнага фільма для YouTube, то ў 90% выпадкаў яна ж будзе працаваць і над поўным яго дубляжом.
— Як вы ставіцеся да цэнзуры ў дубляжы? І якія абмежаванні існуюць у дубляжы?
— У большасці нашых праектаў мацюкоў няма. Выкарыстоўваюцца шаблонныя лаянкі, тыпу “якога чорта” і “што за лухта тут адбываецца”. Часам цэнзура працуе вельмі дзіўна: у адным серыяле ідуць стандартныя лаянкі, а потым ніадкуль з’яўляецца грубае слова тыпу “б*я”. І незразумела, чаму менавіта там. Хто і як гэта рэгулюе — я не ведаю.
— Да 2020 года ў Беларусі ішла грамадская дыскусія пра тое, важна атрымліваць рускамоўны дубляж ці рабіць свой уласны — на беларускай або рускай мове, — выкарыстоўваючы сваіх артыстаў. Так, напрыклад, гэта робяць ва Украіне з 2014 года. Што вы самі пра гэта думаеце?
— Безумоўна, гэта трэба. Але рабіць гэта трэба вельмі акуратна, паступова, не адрываючы рэзка гледача ад рускамоўнага дубляжу. Беларускі дубляж павінен улюбляць у сябе.
Я бачыў фільмы ў беларускім дубляжы. Той жа “Неверагоднае жыццё Уолтара Міці”. Сама назва гучыць проста цудоўна. У Беларусі дастаткова таленавітых акцёраў, каб рабіць гэта прафесійна, і я ўпэўнены, што гэтым трэба займацца.
— Як у вас з артыстычнай кар’ерай? Удаецца займацца тэатрам і музыкай у Грузіі? Якія ў вас планы на будучыню?
— Раней тэатральнае жыццё тут праходзіла значна жывей і актыўней. Было больш людзей, больш праектаў. Зараз стала складаней, бо Грузія — транзітная краіна, многія паехалі адсюль далей. Тэатр стаў камерным, маленькім.
Музыкай я займаюся пастаянна: спяваю, іграю, удзельнічаю ў кавер-вечарах. Аўтарская творчасць пакуль на паўзе, бо мы з іншым музыкам з гурта “Палай” знаходзімся ў розных краінах.
Што тычыцца планаў, зараз цяжка нешта планіраваць. Магчыма, мне таксама давядзецца ехаць далей. Але пакуль я стараюся максімальна рэалізаваць сябе ў дубляжы, зрабіць як мага больш праектаў, каб потым не было пра што шкадаваць.
Наогул, у наш час вельмі складана строіць доўгатэрміновыя планы. Літаральна праз тыдзень можа адбыцца нешта, з-за чаго зруйнуюцца любыя планы. Важна трымацца, не падаць духам і ісці наперад, робячы дабро. Мабыць, гэта і ёсць адзіны працоўны план на сённяшні дзень.