Музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа могуць пазбавіць самастойнасці. Чым гэта пагражае?

У Міністэрстве культуры абмяркоўваецца магчымасць пазбаўлення самастойнасці музеяў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Змены могуць паўплываць не толькі на статус установаў, але і на ўмовы захавання ды вывучэння найбуйнейшых фондаў беларускай літаратурнай спадчыны. Былы супрацоўнік музейнай сферы распавядае, што абмяркоўваецца ў міністэрскіх кабінетах і да якіх наступстваў гэта можа прывесці.

muziei-abjadnannie.jpgМагчымая рэарганізацыя музеяў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Выява створана пры дапамозе ШІ

Сумнеўная ініцыятыва міністэрства

У Міністэрстве культуры абмяркоўваецца рэарганізацыя музеяў беларускіх класікаў — Якуба Коласа і Янкі Купалы. Паводле наяўнай інфармацыі, разглядаецца сцэнар, згодна з якім абедзве ўстановы могуць страціць статус самастойных і ўвайсці ў склад Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ў якасці філіялаў. Фактычна гаворка ідзе пра стварэнне своеасаблівага «холдынгу» дзяржаўных літаратурных музеяў.

Магчымыя наступствы

У выпадку рэалізацыі гэтай ідэі адбудзецца скарачэнне штатнай колькасці супрацоўнікаў, а музеі перастануць быць асобнымі структурнымі адзінкамі. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да істотнага змяншэння чалавечых і арганізацыйных рэсурсаў музеяў. 

Трэба ўлічваць, што ў абодвух музеях знаходзяцца больш за 35 тысяч адзінак асноўнага фонду, а агульная колькасць музейных прадметаў і матэрыялаў у фондавых зборах музеяў класікаў беларускай літаратуры перавышае 100 тысяч адзінак.

Рэалізацыя такой ініцыятывы, паводле прыхільнікаў гэтай ідэі, дазволіць нібыта аптымізаваць выдаткі. Але на культуру беларускі рэжым вылучае і так мізэрныя грошы.

Сярод прафесійнай супольнасці ацэнкі магчымых дзеянняў негатыўныя. З уласных крыніцаў вядома, што супрацоўнікі сталічных музеяў у шоку ад такіх ініцыятываў Міністэрства культуры і выказваюць занепакоенасць магчымымі наступствамі для навуковай, асветніцкай і экспазіцыйнай дзейнасці музеяў Купалы і Коласа.

muziej.jpgБудынак Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Крыніца: wikipedia.org

Дзеля праўды варта адзначыць, што няма адназначнага стаўлення і ў самім міністэрстве, бо некаторыя выступаюць супраць такіх дзеянняў. Пры гэтым у кулуарных абмеркаваннях, як сцвярджаюць крыніцы, ужо гучаць дыскусіі адносна будучых кіраўнічых пасад у пашыранай структуры Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Папярэднія прэцэдэнты

Падобная мадэль ужо існавала ў Беларусі ў 1987–1996 гадах, калі літаратурныя музеі ўваходзілі ў адзінае аб’яднанне і мелі абмежаваную самастойнасць. Аднак на практыцы такая працоўная схема не прадэманстравала дастатковай устойлівасці і эфектыўнасці, у выніку чаго шэраг музеяў атрымалі статус самастойных установаў.

Адметнасцю цяперашняй сітуацыі з’яўляецца тое, што музеі Купалы і Коласа прапануецца не проста аб’яднаць адміністрацыйна, а фактычна ператварыць у філіялы. Гэта азначае не толькі страту самастойнасці, але і абмежаванне ў фінансавых і кадравых рэсурсах. Нагадаем, што абодва музеі маюць свае філіялы (па чатыры сядзібы ў кожнага музея). Іх далейшы статус у выпадку рэарганізацыі застанецца нявызначаным: будуць філіяламі філіялаў ці наогул падпадуць у падпарадкаванне раённым уладам?

3.jpgБудынак Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Крыніца: wikipedia.org

Больш за дзесяць гадоў таму (у 2014-м) самастойнасці былі пазбаўлены літаратурныя музеі Максіма Багдановіча і Петруся Броўкі. Хоць у кароткатэрміновай перспектыве гэта не прывяло да рэзкага пагаршэння іх дзейнасці, але з цягам часу адбылося скарачэнне калектываў і звужэнне магчымасцяў развіцця ды папулярызацыі творчасці беларускіх пісьменнікаў. На сённяшні дзень музеі працягваюць адносна паспяхова весці навуковую і адукацыйную дзейнасць, але пры захаванні самастойнасці патэнцыял гэтых установаў мог бы быць значна шырэйшым. Пазбавіць самастойнасці музеі Багдановіча і Броўкі было лягчэй і з таго пункту гледжання, што кожная з культурных установаў мела толькі па адным філіяле.

З якімі складанасцямі сутыкаюцца музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа

Пасля 2020 года музей Янкі Купалы сутыкнуўся з істотнымі кадравымі зменамі: была змененая адміністрацыя, частка яркіх супрацоўнікаў пакінула ўстанову. Гэта адбілася на публічнай актыўнасці музея і колькасці маштабных культурных праектаў, у тым ліку міжнародных, якія раней рэалізоўваліся пры ўдзеле замежных культурных інстытуцый і дыпламатычных прадстаўніцтваў. Дзе толькі ні папулярызавалі творчасць класіка «купалаўцы»: Турцыя, Латвія, Фінляндыя ды іншыя краіны. Калі казаць шчыра, то на сёння і няма каму ў музеі Купалы арганізоўваць такія нетрывіяльныя і гучныя мерапрыемствы, ды ўвогуле цяжкая палітычная сітуацыя ў Беларусі не дае такой магчымасці.

2.jpg
Адкрыццё мемарыяльнага знака Народнаму паэту Беларусі Я. Купалу ў фінскім горадзе Іматра. Крыніца: finland.mfa.gov.by

Што датычыць дома-музея Якуба Коласа, то ў апошнія гады супрацоўнікі музея сутыкаліся з рознымі складанасцямі. Спачатку кіраўніцтва Інстытута гісторыі Акадэміі навук «адціснула» ў коласаўцаў тры кабінеты, якія, дарэчы, музейшчыкі атрымалі яшчэ ў 1960-х гадах.

У той час літаратурны музей Якуба Коласа быў часткай Акадэміі навук, а кіраваў ім старэйшы сын пісьменніка Даніла Міцкевіч. Тое, што культурная ўстанова выкарыстоўвала «акадэмічныя» кабінеты ледзь не 60 год, не ўратавала іх ад высялення, што адбылося ў 2021 годзе. Прычым «пераехалі» не проста кабінеты, а нават фонды з усімі здабыткамі і ўнікальнымі матэрыяламі. Пераехалі ў Інстытут энергетыкі, што таксама знаходзіцца недалёка ад музея Якуба Коласа. У 2025 годзе ўстанова зноўку пазбавілася часткі кабінетаў, што негатыўна паўплывала на ўмовы працы супрацоўнікаў.

Знявага класікаў айчыннай літаратуры

Асабліва прыкра і нават зневажальна ў дачыненні да класікаў беларускай літаратуры, што пытанне аб зліцці музеяў абмяркоўваецца ў год, калі адзначаюцца юбілеі з дня нараджэння жонкі Янкі Купалы і малодшага сына Якуба Коласа: 135 гадоў Уладзіславе Францаўне Луцкевіч і 100 гадоў Міхасю Канстанцінавічу Міцкевічу. Гэтыя людзі рупіліся аб захаванні спадчыны класікаў беларускай літаратуры: Уладзіслава Францаўна доўгі час узначальвала музей Купалы, а Міхась Канстанцінавіч чытаў лекцыі па творчасці свайго бацькі і пакінуў выдатныя ўспаміны пра Якуба Коласа ў кнізе «Пад бацькоўскім дахам».

Калі рэарганізацыя музеяў адбудзецца, то дзяржава ў чарговы раз пакажа сапраўднае стаўленне да беларускай літаратуры і наогул да ўсяго беларускага. Цяжка ўявіць сабе, каб у Расіі музей Пушкіна ці Лермантава стаўся настолькі нязначным, што ператварыўся ў філіял, або ў польскім музеі Адама Міцкевіча была скарочана колькасць супрацоўнікаў да мінімума, каб менш выдаткоўваць на дзейнасць культурнай установы. А вось у Беларусі гэта не проста рэальна, а робіцца крок па кроку...

michas-mickievicz.jpg
Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч. Фота: "Радыё Свабода"

Скончыць хацелася б фразай вядомага нямецкага палітыка Ота фон Бісмарка, які казаў: «Калі народ не плаціць за сваю культуру, то будзе плаціць за чужую». Калі сваё не папулярызуем і не развіваем, то прыходзіць іншае. Сёння на канцэрты расійскіх поп-зорак ды расійскіх комікаў у Беларусі збіраюцца аншлагі.

Да прыкладу, узяць нядаўні канцэрт «коміка» Дорахава ў Палацы спорту, дзе прыхільнік уварвання Расіі ва Украіну публічна зняважыў беларусаў і беларускую літаратуру, назваўшы Янку Купалу жонкай Якуба Коласа. На гэтым фоне ўлады хочуць яшчэ і сэканоміць на музеях класікаў беларускай літаратуры. Гэта ва ўмовах, калі спадчыну Купалы і Коласа, наадварот, трэба як мага больш папулярызаваць. Але ў хворых галовах беларускіх чыноўнікаў карціна іншая...

Х. П., Budzma.org