Лявон Вольскі разважае пра новы этап уцягвання Беларусі ў вайну Расіі супраць Украіны. Што на гэта паказвае і колькі часу ў нас ёсць, каб “кожнаму на сваім мейсцы паспрабаваць зьмяніць гэтую абсурдовую сытуацыю”.
Лявон Вольскі
А мне дык здаецца, што Расея не зьбіраецца спыняцца. Усе гэтыя пагадненьні, дакладней, выстаўленыя ўмовы, пры якіх могуць дасягацца пагадненьні — гэта толькі каб пацягнуць час. Пацягнуць колькі трэба, узброіцца, узброіць адзінага сапраўднага хаўрусьніка — РБ — і ўвесьці яго ў справу, калі гэта будзе мэтазгодна. Цалкам магчыма — адкрыць другі фронт, каб адцягнуць увагу, войскі ды ўзбраеньні ад першага, асноўнага, украінскага.
А ставіць абарону вакол мазырскага НПЗ — гэта каб адбіць атаку у адказ. Бо найбольш атакаваныя аб’екты ў Расеі — якраз нафтаперапрацоўчыя заводы. Бо, натуральна, бяз паліва і грошай, атрыманых за продаж паліва, вайну не павядзеш. Раней жа, чамусьці, НПЗ так дыхтоўна не абаранялі!Беларусь і так актыўна ўдзельнічае ў вайне — прадукуе зброю, лекуе параненых захопнікаў... Але, гледзячы па ўсім, пачынаецца іншы этап удзелу. Навошта ставіць у РБ «Арэшнік»? Каб абараняцца? Не. Каб абараняцца — гэта ставіць сродкі супрацьпаветранае абароны вакол мазырскага нафтаперапрацоўчага. А «Арэшнік» — гэта выключна каб нападаць.
Наступная навіна: беларускі кіраўнік даручыў наладзіць вытворчасьць боепрыпасаў для гранатамётаў. А таксама для артылерыйскай зброі і ўстановак «Град». Уласную, дзяржаўную вытворчасьць. Маўляў, гэта неабходна, бо Захад узбройваецца, і асаблівую небясьпеку нязьменны лідэр РБ бачыць «з боку Польшчы».
І вытворчасьць снарадаў мы мусім наладзіць цягам наступнага году. Вось ужо й тэрміны больш-менш вядомыя.

Тэрміны больш-менш вядомыя. Малюнак Лявона Вольскага
Ён, гэты лідар, вельмі гаваркі. І з кожнай ягонай «плыні сьвядомасьці», асабліва з той, якая льецца на сустрэчах з вайскоўцамі, можна выцягнуць пярліны засакрэчаных плянаў, пра якія ягоныя усходнія хаўрусьнікі ня надта распаўсюджваюцца.
У іх, гэтых хаўрусьнікаў, іншыя мэтады. Напрыклад, праца над фармаваньнем грамадскага меркаваньня.
Перад маштабнай вайною з Украінай з народам плённа папрацавалі ў рэчышчы нянавісьці да ўкраінцаў і ўсяго ўкраінскага. Калі пачалося ўварваньне, народ быў гатовы да таго, каб успрымаць вайну, як абаронча-вызваленчую (!). Гучыць абсурдова, але так ёсьць.
Паглядзіце-паслухайце апытаньні на вуліцах расейскіх гарадоў. Там лядашчыя інтэлігентныя, у расейскім разуменьні, бабулі, якім самы час думаць пра несьмяротнасьць душы, выскаляюць апошнія зубы ў лютай нянавісьці да ўкраінцаў, Захаду і ўсяго астатняга сьвету, які, нібыта, «ім зайздросьціць і ненавідзіць»! То-бок, усё дагары нагамі. Усё наадварот. Але, як бачыце, працуе.
І вось у гэтым рэчышчы вельмі цікавы «вынік» допытаў падазраваных у замаху на расейскага генэрала. Маўляў, яны праходзілі падрыхтоўку ва Ўкраіне у «польскага інструктара». Да інфармацыі, выбітай на допыце ў «кіпцюрох ГПУ», ставіцца як да чагосьці зьвязанага з рэчаіснасьцю абсалютна не выпадае, але прагучала тое, што мусіла прагучаць — «польскі інструктар». Народ пачуў.
А яшчэ расейская Служба замежнай выведкі заявіла, што ЗША, Брытанія, Нямеччына і (заўважце!) Польшча «рыхтуюць рэсурсы для дэстабілізацыі ў Беларусі і зьмены канстытуцыйнага ладу». Калі чытаць наўпроставым тэкстам — хочуць зрабіць пераварот, а гэта раўнавартасна ваеннаму ўварваньню, інтэрвэнцыі.
Дык чаму б ня ўдарыць на апераджэньне, як Расея калісьці?
Можа быць, вы лічыце, што я «згушчаю фарбы»? Дык абвергніце, буду толькі рады! Але, калі ўсё так, як я падазраю, часу ў нас з вамі, каб кожнаму на сваім мейсцы паспрабаваць зьмяніць гэтую абсурдовую сытуацыю, застаецца каля году. Усяго-ткі.
Марудзіць не выпадае.
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org