Арганізацыя «Годна» выпусціла сацыяльны ролік, мэта якога — натхніць беларусаў і беларусак на штодзённыя простыя, але значныя крокі да нашай лепшай будучыні.
У відэа паказаныя гісторыі розных людзей, якія, нягледзячы на цяжкасці, нявызначанасць і месцазнаходжанне, робяць свае, магчыма не ўсім заўважныя, але значныя крокі да беларушчыны. У роліку паказаныя адчай, страх, расчараванне, якія ператвараюцца ў вялікую беларускую веру і ўпэўненасць. Нават у моманты, калі здаецца, што надзеі няма, кожны наш учынак і выбар маюць значэнне.
«У гэты нестабільны час мы часта забываемся пра сілу індывідуальных дзеянняў. Наш ролік — гэта напамін пра тое, што кожны і кожная з нас здольныя на большае. ’Кожнае дзеянне мае значэнне. Беларусь пачынаецца з цябе!’ — не проста фраза, гэта заклік, якім мы хочам падзяліцца з усімі беларусамі і беларускамі», — кажа кіраўніца «Годна» Аліна Герашчанка.
Ролік ад «Годна» — гэта пранікнёная гісторыя пра тое, як кожны і кожная з нас могуць захаваць беларускае ў сабе, а таксама натхніць і змяніць жыцці людзей, ствараючы новы шлях для будучыні Беларусі. У такой краіне мы будзем памятаць і ўшаноўваць тых, хто зрабіў яе магчымай, хто ў сваім жыцці абіраў Беларусь.
«Годна» заклікае «паглядзець гэтае натхняльнае відэа на YouTube канале арганізацыі, падзяліцца ім з сябрамі і блізкімі і дазволіць кожнаму вашаму кроку быць крокам да лепшай будучыні Беларусі».