Беларускі арнамент — наш нацыянальны код, які налічвае не адно стагоддзе. Узоры традыцыйнага тэкстылю, якія можна пабачыць у музейных і прыватных калекцыях, у спецыяльнай літаратуры, з’яўляюцца невычэрпнай крыніцай натхнення для сучасных майстроў і мастакоў. Беларуская народная вышыўка — гэта не толькі ўсім вядомы крыжык, а незлічонае багацце разнастайных тэхнік і спосабаў аздаблення тканiны.
2 сакавіка ў мінскай кнігарні «Акадэмкніга» адбылася прэзентацыя дапаможніка Галіны Рудніцкай «Беларуская народная вышыўка. Процяг». Аўтарка распавяла пра асаблівасці гэтай тэхнікі, а таксама пра разнастайнасць беларускай вышывальнай спадчыны. Не абышлося без аўтограф-сесіі і, вядома ж, адказаў на пытанні — на імпрэзу завіталі прыхільнікі традыцыйнай вышыўкі.
Галіна Рудніцкая — старшыня секцыі вышыўкі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, народны майстар Беларусі. Працуе ў накірунку беларускай народнай вышыўкі, нацыянальнага строю. Адраджае і выкладае старадаўнія тэхнікі беларускай народнай вышыўкі. Вырабляе лялькі ў традыцыйных строях розных рэгіёнаў нашай краіны. Удзельнічае ў выставах. Майстрыха выкарыстоўвае ў сваёй працы старажытныя арнаментальныя ўзоры, традыцыйныя тэхнічныя прыёмы. Збірае матэрыял у этнаграфічных экспедыцыях па ўсёй Беларусі. З’яўляецца аўтаркай некалькіх метадычных дапаможнікаў па розных тэхніках вышыўкі: процяг, насціл, лікавая гладзь, аздабляльныя швы.
Галіна Рэмаўна лічыць сябе не этнографам, а тэхнолагам. Яе першая прафесія — інжынер-металург. Скончыўшы школу, вучылася ў Беларускім політэхнічным універсітэце, працавала на заводзе. Паралельна займалася на курсах рукадзелля. А потым вырашыла зрабіць хобі асноўным заняткам і стала настаўніцай працы ў мінскай школе. У 42 гады паступіла на факультэт народнай культуры ў Педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.
«Калі я была інжынерам-рукадзельніцай, мела ўстойлівае ўяўленне, што беларуская вышыўка — гэта чырвона-чорны крыжык. І вельмі ганарылася, што ўмею вышываць у гэтай тэхніцы! І калі ва ўніверсітэце патрапіла на заняткі да Зінаіды Іванаўны Зіміной, прыйшла з упэўненасцю, як я ўсё добра ведаю i ўмею, бо крыжыкам вышываю класна... Праз дзьве гадзіны я зразумела, што анiчога не ведаю i aнічога не ỳмею, i мне трэба закрыць рот са сваім крыжыкам і вучыцца.
Перад тым, як выдаць дапаможнікі, я гадоў 15 ездзіла па абласных, раённых, школьных, вясковых музеях. Вырашыла абагульніць гэтую працу, раскласці ўсё назбіранае па палічках — я ж усё-такі інжынер-тэхнолаг па першай адукацыі. Вельмі радая, што маю такую магчымасць — данесці да ўсіх маё любімае рамяство, захапіць ім іншых людзей. Гэтая нашая спадчына, і мы павінны яе ведаць i ганарыцца ёй».
Кнігу «Беларуская народная вышыўка. Процяг» аўтарка прысвяціла сваёй дачцэ Яніне — «галоўнай памочніцы, дарадцы і крытыку», таксама члену Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Першапачаткова кніга ўяўляла сабой метадычныя матэрыялы Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Выйшлі невялікім накладам, па 50 асобнікаў. Прызначаліся не на продаж, а для распаўсюду па дамах рамёстваў, бібліятэках Мінскай вобласці. Але гэтым матэрыялам вельмі зручна карыстацца на занятках па вышыўцы. Кнігарня «Акадэмкніга» прапанавала аўтарцы дапоўніць працу і перавыдаць яе пашыраным накладам 500 асобнікаў.
Выданне гэтае з’ўляецца вытворча-практычным. Яно будзе карысным выкладчыкам беларускай народнай вышыўкі, кіраўнікам гурткоў, майстрам вышыўкі і ўсім, хто цікавіцца гэтым мастацтвам. Кніга складаецца з дзьвюх частак — «Дапаможнік» і «Узорнік». У першай падрабязна апісваецца тэхніка вышыўкі процягам — падоўжным i папярочным. Аўтарка распавядае гісторыю гэтага майстэрства і яго асаблівасці, дае практычныя рэкамендацыі па выканнанні, апісвае матэрыялы для вышывання ды іншыя нюансы. Пры дапамозе гэтых інструкцый можна засвоіць адзін з найбольш пашыраных і старадаўніх спосабаў аздаблення тэкстылю. Другая частка, «Узорнік», утрымлівае шмат арнаментальных узораў з розных рэгіёнаў Беларусі. Абедзьве часткі ўключаюць багата схемаў для вышывання.
На прэзентацыі прысутнічалі прадстаўнікі мінскай друкарні «Капитал Принт», выступіла дырэктарка кнігарні «Акадэмкніга» Вольга Глухоўская. Яна падкрэсліла: кніга Галiны Рудніцкай вельмі запатрабаваная. Шмат асобнікаў рэалізуецца не толькі праз кнігарню, але і праз інтэрнэт-краму. Замовіць іх можна ва ўсе рэгіёны Беларусі і ў любую краіну, з якой супрацоўнічае «Белпошта».
У планах — выдаць дапаможнікі па іншых тэхніках аздаблення тэкстылю. У красавіку аўтарка парадуе майстрых дапаможнікам па вышыўцы крыжыкам, потым — па краявых швах. Безумоўна, яны разыдуцца па майстрыхах і пачаткоўцах, як гарачыя піражкі!
Процяг — найбольш старажытная традыцыйная тэхніка вышыўкі. Гэта від лікавага шва: трэба ўважліва лічыць кожную нітачку тканіны. У гэтай тэхніцы ўпрыгожвалі кашулі, фартухі, ручнікі, наміткі і іншыя ручніковыя галаўныя ўборы.
На мяжы 19 і 20 стагоддяў вышыўка процягам пераважала на Палессі, была распаўсюджаная ў Падняпроўі, бытавала ў паўночнай і заходняй частцы Беларусі, за выключэннем Паазер’я, дзе сустракалася рэдка (там яе замяняла бранае ткацтва). У розных мясцовасцях мела такія назвы: «нацяг», «нацягванне», «процяг», «нашыванне», «набор», «завалаканне». За межамі нашай краіны гэтая тэхніка вядомая таксама ў польскім Палессі, Украіне, цэнтральнай і паўночнай Расіі, Паволжы.
Аснова — шво «наперад іголку», узор утвараецца чаргаваннем шыўкоў і прамежкаў рознай даўжыні. Кожны наступны рад кладзецца паралельна праз адну нітку тканіны. На адваротным баку атрымліваецца негатыўная выява ўзору. Пры падоўжным процягу швы кладуцца ўздоўж арнаментальнай паласы, пры папярочным — упоперак. Выкарыстоўваюцца чырвоныя ніткі, зрэдку дадаецца крыху чорных ці сініх, а на Брэсцкім Палессі вядомая вышыўка, цалкам выкананая чорнымі ніткамі.
Строгі геаметрычны ўзор адрозніваецца багаццем і разнастайнасцю. Асноўныя матывы — ромбы, квадраты, крыжы, зоркі, разеткі, трохкутнікі, роўныя і ламаныя лініі. Вышыўка процягам адносіцца да найбольш архаічнага пласту арнаментаванага тэкстылю беларусаў, разам з браным двухуточным ткацтвам. Яны вельмі падобныя па сваёй геаметрыі, каларыстыцы. Часам нават спецыялісту цяжка адрозніць іх з выгляду, а даследчыкі спрачаюцца, што узнікла раней — бранне іголкай ці на кроснах.
Сёння майстрыхі вышываюць процягам не толькі ручнікі і строі, але і розныя іншыя рэчы: шалікі, сукенкі, блузкі, гальштукі, сурвэткі, падушкі, абрусы, закладкі, чахлы на мабільнікі, сувеніры. Пры гэтым захоўваюць традыцыйны арнамент, колеры і тэхніку выканання. Саматканае палатно сустракаецца рэдка, таму майстрыхi выкарыстоўваюць крамны лён і іншыя тканіны, у тым ліку канву. Вышывальшчыцы бяруць для працы ніткі мулінэ, шарсцяныя, паўшарсцяныя, баваўняныя і льняныя.
Галіна Рудніцкая прачытала невялікую лекцыю па традыцыйных відах вышыўкі і адаблення тканін. Паказала фотаздымкі са сваёй прыватнай калекцыі — выявы вышываных рэчаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Якая ж багатая вышывальная палітра Беларусі — сапраўды, у ёй не толькі крыжык!
Слова самой мастрысе:
— Процяг — самая старажытная тэхніка, распаўсюджаная амаль па ўсёй Беларусі, вельмі добра распрацаваная на Палессі. Брэстчына — нашая вышывальная Мекка для процягу. Напэўна, людзі сядзелі там ў сваіх балотах (жартуе), і модныя павевы да іх не хутка даходзілі, таму вышывальная традыцыя там захавалася ў пэўным закансерваваным выглядзе. Вышыўка процягам там распрацаваная дасканала ва ўсіх варыянтах: кобрынская, брэсцкая, маларыцкая, лунінецкая — кожная са сваімі «фішкамі». Вось фартух з Лунінецкага раёна — знайдзіце там два аднолькавыя ромбы ў арнаменце! Гэта ýнікальная вышыўка, якой больш нідзе няма. Калісьці мая дачка патрапіла на фальклорную практыку ў Лунінецкі раён — збірала песні, але таксама глядзела вышытыя рэчы. У адной бабулі дзяўчаты ўбачылі вышыты фартух і селі маляваць у нататнік тыя ромбы з арнаменту, дзе няма ніводнага аднолькавага! Адзін ромб яны малявалі хвілін сорак... Бабуля паглядзела і кажа: «Забірайце, дзеўкі!» Так мне пашанцавала займець сапраўдны лунінецкі фартух з вёскі Язвінкі. Цікавыя варыянты процяга iснуюць таксама на Старадарожчыне, у Калінкавіцкім раёне.
Яшчэ адна цікавая вышыўка — насціл, спецыфiчная разнавіднасць процягу. Прысутнічае ў Капыльскім, Клецкім, Слуцкім раёнах, часткова Нясвіжскім і Салігорскім, крышку зачапіла Ганцавіцкі. Больш яе няма нідзе — ні у нас, ні ў нашых суседзяў. Павялiчанымi шыўкамi засцілаецца ўся паверхня элементаў узору. Тэхналагічна насціл знаходзiцца на мяжы процягу i аднабаковай лiкавай гладзi: выконваецца як процяг, а павароты па краях — як у гладзi.
Лікавая гладзь — даволi распаўсюджаная тэхнiка. Часцей за ўсё яна двухбаковая. Напрыклад, так вышывалi нашыя любімыя прыгожыя зорачкі на ручніках і сарочках па ўсёй Беларусі.
Сустракаюцца вельмi прыгожыя рэчы, вышытыя крыжыкам. Ён атрымаў папулярнасць таму, што не мае такіх тэхналагічных абмежаванняў, як процяг. Процяг — гэта шво «наперад іголку», дзе даўжыня шыўка (i адпаведна адлегласць памiж элементамi) не павiнна быць больш за 1,5 см. А крыжык, пазбаўлены гэтых абмежаванняў, дае нашмат больш магчымасцяў для пабудовы арнаменту i арнаментальнай творчасці ўвогуле. Таму гэтая вышыўка i атрымала такое шырокае распаўсюджанне па ўсёй Беларусi. На мой погляд, самыя адметныя i яскравыя ўзоры ў гэтай тэхніцы — калінкавіцкія кашулі і дубровенскія ручнікі. Але і ў іншых месцах трапляецца таксама шмат чаго цікавага і прыгожага.
Вышыўка па сетцы ў рознай ступенi прысутнiчае па ўсёй Беларусi i мае свае асаблiвасцi i варыянты на Вiцебшчыне, Магiлёўшчыне, Гомельшчыне.
Белая вышыўка («белым па беламу») — адметная вышывальная традыцыя Гомельшчыны, дзе лікавая гладзь спалучаецца з вырэзваннем. Гэта пераважна Веткаўскі раён, дзе гэтая вышыўка спалучаецца яшчэ з цiкавымі i працаёмкiмi злучальнымі швамі. Я сама некалі спрабавала іх выканаць. З цяжкасцю зрабіла 20 см, а мясцовыя жанчыны сшываюць цэлыя полкі на абрусы — швы па 2,5 метра! На адным з фестываляў у Ветцы я сустрэла бабульку, якая гэтыя швы сама рабіла, і спытала: як? Яна кажа: «Як, як — ручкамі!» Паглядзела на мяне так яхiдненька і спытала: «Што, трудненько?». У Добрушскім раёне ёсць падобная вышыўка, але чырвоная. Потым складаныя злучальныя швы пачалi замяняць iмiтацыяй лiкавай гладдзю.
Злучальныя швы маюць не адзiн дзясятак розных варыянтаў! Напрыклад, вельмi прыгожыя кобрынскія злучальныя пляцёначкі. Звычайна самыя прыгожыя швы злучалi палік з рукавом i полкi станiны па падоле. Злучалi не толькі роўныя полкі, але i полкi з фальбонкамі, з краявымi зборкамi-пупламі. Гэта ўсход Беларусі: Гомельшчына, Магілёўшчына. Злучальныя вузельчыкавыя швы папулярныя па ўсёй Беларусі. Я некалі ўзяла кнігу Лабачэўскай і Зіміной «Беларускі народны касцюм: крой, вышыўка і дэкаратыўныя швы» i сумленна перашыла адтуль усе злучальныя швы. Але потым, калі ездзіла па рэгіёнах, знаходзiла ўсё новыя i новыя варыянты гэтых швоў. Вельмi хачу ўсе iх зафiксаваць i апiсаць.
Вельмi цiкавая тэхнiка — маршчэнне, якое выкарыстоўвалi для змяншэння лiнейных памераў частак вырабаў. Пры гэтым аздабляльнымi швамi фiксавалi ступень сцягвання тканiны. Такiм чынам у маршчэннi спалучалiся аздабляльная i канструктыўна-тэхналагiчная функцыi. Маршчэнне можа быць простым раўнамерным або фiгурным, на аснове швоў «наперад iголку» або «назад iголку». Вяршыня гэтай тэхнiкi — шыкоўнае рэльефнае маршчэнне, вельмi працаёмкае i складанае ў выкананнi. А па простым раўнамерным маршчэннi яшчэ дадаткова выконвалi вышыўку процягам, крыжыкам або iншымi швамi.
Iснуе вялiкая група аздабляльных швоў. Iх выкарыстоўвалi пераважна як дапаможныя да асноўных тэхнік, часта для падкрэслівання асобных элементаў ці краёў арнаменту. Але часам імі могуць быць вышытыя цэлыя ўзоры. Вельмi яскравы i цiкавы прыклад такога — узоры на кашулях Горацкага раёна.
Галіна Рудніцкая праводзіць заняткі ў студыі беларускай народнай вышыўкі пры Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці. Насычаная праграма разлічаная на два гады і ўключае як распаўсюджаныя, так і больш рэдкія, складаныя тэхнікі вышыўкі. У iх ліку: аздабляльныя швы, процяг, насцiл, двухбаковая штапоўка (роспіс), лікавая гладзь, крыжык, мярэжкі, краявыя і злучальныя швы, ажурнае шыццё па сетцы (сакаленне), вышыўка па зборках (маршчэнне), веткаўская вышыўка «белым па беламу».
Галіна Рэмаўна адзначае: папулярнасць курсаў расце. «Раней у мяне на курсах было 10-12 чалавек, летась прыйшло амаль 30, сёлета — ужо 50. Узрост абсалютна розны, ад студэнтаў да пенсіянераў, якім надакучыла вышываць толькi крыжыкам. Адна мая вучаніца наогул сказала: «Я ўсё жыццё вышывала карцiнкi крыжыкам, а цяпер зразумела, што гэта — вышывальная папса». Хаця крыжыкам ствараецца шмат прыгожых рэчаў. Але сюжэтная вышыўка па гатовых схемах, на мой погляд, не мае анiчога агульнага з творчасцю, а прадугледжвае толькi механiчныя практыкаваннi ў адной тэхнiцы.
Скiраванасць на адну тэхнiку вельмi збядняе i спрашчае нашу багатую вышывальную спадчыну, якую трэба зберагаць, шанаваць, перадаваць у спадчыну i ганарыцца ёй. Бо менавiта традыцыйная вышыўка падкрэслiвае нашу нацыянальную адметнасць i вылучае нас сярод iншых народаў».
Двухгадзінныя заняткі праходзяць 4 разы на месяц на базе Мінскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна ля плошчы Я.Коласа. Курсы двухгадовыя, але выкладчыца мае намер нейкiм чынам iх пашырыць, бо найбагацейшы матэрыял ужо не ўмяшчаецца ў адведзены тэрмін. Як варыянт — выносіць асобныя тэмы на майстар-класы. Запісацца на курсы могуць усе ахвотныя. Заняткi з кастрычнiка па красавiк. Для iншагароднiх — з лiстапада па сакавiк па суботах па 4 гадзiны два разы на месяц (здвоеныя).
Падрабязная інфармацыя і запіс па тэлефоне +375 29 1711390, е-mail: zoraczka8@gmail.com.
Навучыцца вышываць — не так ужо і складана, раней гэтым мастацтвам валодала кожная жанчына. Толькі уявіце сабе, якая прыгажосць вам адкрыецца, якая дасканаласць і гарманічнасць формаў! Вы можаце ўпрыгожыць свой дом, пашыць сабе нацыянальны строй ці зрабіць сваімі рукамі ўнікальны сувенір. Як зазначае Галіна Рудніцкая, цытуючы вядомую даследчыцу тэкстылю і сваю выкладчыцу Зінаіду Іванаўну Зіміну, можна як заўгодна тварыць і імправізаваць, але спачатку трэба вывучыць сваю вышывальную традыцыю, а потым вам проста не захочацца ад яе адыходзіць. Сама майстрыха марыць вышыць процягам Лунінецкі строй, дзе на кашулі і фартуху будуць тыя самыя ўнікальныя ромбы — непаўторныя, як сняжынкі.
Кнігі Галіны Рудніцкай:
Беларуская народная вышыўка. Процяг. У дзвюх частках. Частка 1. Дапаможнік. / Г.Р.Рудніцкая. — Мінск : Капитал Принт, 2022. — 84 с. : іл.
Беларуская народная вышыўка. Процяг. У дзвюх частках. Частка 2. Узорнік / Г.Р.Рудніцкая. — Мінск : Капитал Принт, 2022. — 52 с. : іл.
Вольга Загорская, budzma.org