«Купалінка» — беларуская тэатральная студыя для дзяцей і дарослых, якая працуе ў Варшаве і аб’ядноўвае 60 удзельнікаў. Дзяцей вучаць вакалу, харэаграфіі, сцэнічнаму майстэрству. У чым сакрэт поспеху «Купалінкі»? З якімі праблемамі сутыкаюцца і пра што мараць кіраўніцы студыі? Budzma.org паразмаўляла пра гэта з Аленай (імя зменена), якая стаяла ля вытокаў праекта, кіраўніцай студыі Наталляй Локіць і тэатральнай рэжысёркай Марынай Якубовіч.
«Купалінка» пачала працаваць яшчэ ў 2020 годзе, калі пачалася першая хваля эміграцыі. Па словах кіраўніцы праекта Наталлі Локіць, з гэтых часоў калектыў у 12 чалавек павялічыўся да 60.
«У нас пяць груп зараз: для дзяцей, падлеткаў і дарослых. Мы вучым харэаграфіі, вакалу, сцэнічнаму майстэрству. З маленькімі дзецьмі мы вывучаем прымаўкі, прыказкі, песні. У падлеткаў праграма ўжо больш разнастайная — робім тэатральныя пастаноўкі на аснове беларускай драматургіі. Таксама мы ўжо трэці год ладзім Купалле на беразе Віслы.
Цікава, што да нас далучаюцца не толькі беларусы, але і ўкраінцы. Мы спадзяемся зрабіць тэатральны праект, у якім можна было б спалучыць і ўкраінскую, і беларускую мовы, каб украінская дзеткі на нашых занятках не забываліся таксама і пра сваю культуру. Зараз мы займаемся ўсе разам. Цікава, што ўкраінскія дзеці вельмі добра разумеюць беларускую. Адна з нашых дзяўчынак, Кіра, нават грае адну з галоўных роляў у беларускім спектаклі, і ў яе файна атрымоўваецца», — распавядае Наталля.
Па яе словах, выйсці на ўкраінскую аўдыторыю — было не цяжка, нават тады, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне.
«Шмат хто з дзяцей патрапіў да нас праз варштаты, якія мы праводзім у польскіх ліцэях. Яна зацікавіліся тым, што мы робім, і далучыліся — кажа Наталля. — Адна з дзяўчынак нават адмыслова шукала «Купалінку», бо хацела быць менавіта з намі».
Вядома, у эміграцыі ёсць свае цяжкасці. Адна з актуальных праблем, па словах Наталлі, — гэта адсутнасць памяшкання.
«Мы праводзім рэпетыцыі ў адным з польскіх дамоў культуры, але часта нам могуць абрэзаць гадзіны ці перанесці ўвогуле, бо ім самім патрэбна рыхтавацца да іх выступаў. Вядома, гэта стварае нязручнасці. Таксама не хапае фінансавання. Зараз мы існуём за кошт бацькоў, але, вядома, мы не можам браць вялікія грошы з беларусаў, таму працуем амаль што ў нуль».
Летась «Купалінка» зладзіла арт-летнікі для дзетак дзякуючы падтрымцы ініцыятывы «Васьміног».
«Як арганізатары мы былі шакаваныя — наколькі вялікая ў гэтым ёсць патрэба. Удалося прыняць на тры змены каля 70 дзяцей, а амаль столькі ж засталося ў запасным спісе. Многія з тых, хто трапіў на летнік, дагэтуль ходзяць на заняткі «Купалінкі». А мы вельмі хочам працягваць тое, што добра атрымліваецца», — распавяла адна са стваральніц праекта Алена.
На мінулым тыдні ў «Купалінкі» адбылася доўгачаканая прэм’ера: падлеткі выступілі з дакументальным спектаклем «Мой шлях» перад польскімі ліцэістамі. Па словах Марыны Якубовіч, рэжысёркі спектакля, ідэя зрабіць пастаноўку ўзнікла даўно. Падтрымаў праект польскі фонд Ashoka.
«Мне вельмі цікава было даведацца пра досвед падлеткаў, якія апынуліся ў эміграцыі. Бо дарослыя людзі прымаюць рашэнне аб пераедзе самастойна, а ў падлеткаў няма выбару, яны вымушаныя ехаць з іх бацькамі.
Да таго ж, падлеткавы ўзрост — няпросты, дзеці часта замыкаюцца ў сабе, і добра, што тэатр можа дапамагчы ім раскрыцца. Ідэя дакументальнага спектакля палягае ў тым, што падлеткі самі прымаюць удзел у яго стварэнні, пішуць тэксты, прыдумляюць рэжысёрскія рашэнні. І гэта дзяцей вельмі натхняе», — распавядае яна.
«Многія з падлеткаў былі вымушаныя пакінуць родную краіну яшчэ фактычна дзецьмі, і гэтая траўма засталася непрапрацаваная. Яны не прагаварылі тое, што ім балела. І калі мы закранулі гэтую рану, то яна палілася такім болем, што спыніць гэта ўжо немагчыма.
Гэтую траўму неабходна прапрацаваць, закрыць гэты гештальт. І гэты спектакль — адзін са спосабаў адрэфлексаваць падзеі падчас і пасля 2020 года», — дадае Наталля.
Па словах Алены, «Купалінка» стараецца, каб да калектыву далучаліся найлепшыя выкладчыкі.
«Атрымаўся такі ўдалы сімбіёз: мы аб’ядналі дзяцей, якім гэта было неабходна, з бацькамі, якім трэба было заняць дзяцей, і выкладчыкаў, якія гатовыя выкладацца перад вучнямі. Бо дзяцей проста вынесла як выбуховай хваляй пасля падзей 2020-га, а бацькі былі занятыя выжываннем і былі не ў стане нешта растлумачыць», — кажа яна.
Польскія ліцэісты, якія сталі першымі гледачамі спектакля «Мой шлях», былі ўражаны пастаноўкай.
«Мы пачулі шмат класных, шчырых слоў пасля прэм’еры спектакля «Мой шлях». Наша меркаванне такое, што нельга замыкацца толькі ў межах дыяспары. На маю думку, інтэграцыя ў нейкай ступені патрэбна не для таго, каб мы сталі палякамі, а для таго, каб яны пачулі пра нашую культуру, пачулі нашыя галасы», — кажа Наталля.
У калектыву «Купалінка» шмат планаў на будучыню, адзначае Алена.
«Мы хацелі б, каб нашыя дзеці паспрабавалі таксама зрабіць нейкае мерапрыемства самастойна: адчулі сябе ў ролі арганізатараў. Таксама мы плануем улетку зрабіць яшчэ тры спектаклі.
Хацелася б таксама зрабіць летнік для беларускіх дзяцей, пры чым не толькі для нашага калектыву, а для ўсіх: каб яны вельмі магчымасць пазнаёміцца з намі, атрымаць новыя веды.
І вядома, мы марым, што ў нас аднойчы з’явіцца сваё памяшканне».
«Найважнейшая дадатковая вартасць «Купалінкі» — супольнасць бацькоў, якія і міжсобку сябруюць, і «Купалінку» падтрымліваюць хто чым, — кажа Алена. — Хто строі, хто дэкарацыі зрабіць, хто на гастролі завезці, хто — як прафесійны фатограф Жэня Прыгодзіч — выдатныя здымкі робіць. А наконт мараў — яшчэ марым пра сайт. І пра спонсараў...»
М. К., Budzma.org