Адно з мінскіх турыстычных агенцтваў распачало цыкл цікавых вандровак — экскурсійныя туры па слядах беларусаў у сталіцах краін-суседак. Гэта магчымасць не толькі атрымаць новыя ўражанні ад наведвання новых гарадоў, але й даведацца пра ўласную гісторыю, вельмі багатую на гучныя імёны, пабачыць на ўласныя вочы цікавыя артэфакты беларускай мінуўшчыны, каб урэшце зразумець месца беларускай гісторыі ў сусветным гістарычным працэсе. Беларусам сапраўды ёсць чым у гэтым сэнсе ганарыцца.
Першай такой вандроўкай стала экскурсія па беларускім Санкт-Пецярбургу. Падрабязней пра новую для беларускага турбізнэсу ініцыятыву карэспандэнтка Budzma.org гутарыць з дырэктарам агенцтва “Дэльфін-груп” Аляксандрам Дуко.
— Аляксандр, раскажыце, калі ласка, адкуль узялася ідэя? З чаго ўсё пачалося?
— Сам я па адукацыі гісторык, нават спрабую пісаць дысертацыю, прысвечаную беларускай гісторыі і яе праблемам. Акрамя мяне ў нашым калектыве таксама ёсць гісторыкі і ўвогуле неабыякавыя да беларускай гісторыі і культуры людзі. Усе мы тут маладыя. Мы любім вандраваць з нашымі аднадумцамі па Беларусі і за яе межамі, глядзець мясціны, разам ездзіць на музычныя імпрэзы, што адбываюцца за межамі нашай краіны, якія цікавыя і ім, і нам.
Адна з мэтаў нашай дзейнасці — рабіць культурна-турыстычныя праекты, скіраваныя на аднаўленне цікавасці да беларускай мінуўшчыны, яе культурнага ўвасаблення, абуджэння нацыянальнай годнасці, самасвядомасці.
У Беларусі кожная вёска мае сваю гісторыю, але шмат тых, хто хоча выехаць за межы Беларусі і наведаць там нейкія гарады. Зразумела, што Піцер, Масква, Кіеў, Вільня і іншыя сталіцы суседніх дзяржаваў не могуць застацца па-за такімі вандроўкамі. Людзі заўсёды ездзілі, ездзяць і будуць ездзіць у гэтыя гарады. Іх аб’ядноўвае тое, што яны маюць яшчэ і беларускую гісторыю, там можна знайсці сляды прысутнасці беларусаў і месцы, цікавыя кожнаму беларусу.
Мы доўга шукалі розныя варыянты і нарэшце выйшлі на аўтара гістарычнай працы “Беларускі Пецярбург”, што пабачыла свет некалькі гадоў таму, — доктара філалагічных навук, кіраўніка аддзела рэдкай кнігі Расійскай публічнай бібліятэкі Мікалая Мікалаева. Вельмі карыснае выданне! З ягонай дапамогай, з дапамогай некаторых іншых гісторыкаў і пецярбургскіх беларусаў мы і запускаем праект “Беларускі Пецярбург”. Пробная экскурсія для турыстаў адбылася пару месяцаў таму: усім спадабалася.
— А падрабязней? Ці шмат там беларускага?
— Увесь Піцер мае нейкія сляды і сведчанні прысутнасці беларусаў і беларускія культурныя артэфакты. Калі гаварыць пра мясціны, да якіх усе прыходзяць у Піцеры, то Эрмітаж узнік на аснове калекцый твораў мастацтва, вывезеных з беларускіх шляхецкіх маёнткаў, што канфіскоўваліся за ўдзел у паўстаннях, напрыклад, Касцюшкі. Самае вялікае паступленне музейных каштоўнасцяў у Кунсткамеру за ўсю яе гісторыю — скарбы, нарабаваныя ў Нясвіжы (канец ХVІІІ стагоддзя), што мае дакументальныя пацверджанні. Адным з будаўнікоў Ісакіеўскага сабора быў беларус. Храм Спаса на крыві пабудаваны на месцы, дзе быў забіты расійскі цар Аляксандр ІІ, а забіты ён быў беларусам Ігнатам Грынявіцкім. У дэкоры храма ёсць гербы беларускіх губерняў, можна пабачыць літоўскую, альбо крывіцкую, як каму больш падабаецца, “Пагоню”. На Неўскім праспекце амаль у кожным другім доме як мінімум адзін знакаміты беларус жыў.
Пецярбург мае вялікае значэнне для лёсу Адама Міцкевіча. Там упершыню пабачыла свет кніга Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” — яскравы прыклад новай беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. З Пецярбургу, як лічыцца, пачалося беларускае нацыянальнае адраджэнне, таму што пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта найлепшым месцам, дзе можна было атрымаць выдатную адукацыю, былі пецярбургскія ўніверсітэты. Шмат хто з беларусаў там вучыўся: Кастусь Каліноўскі, Валерый Урублеўскі. Арганізатары паўстання 1863 года часткова рыхтавалі яго ў Пецярбургу. Пасля там узнікла арганізацыя народнікаў, якія выдавалі першы часопіс на беларускай мове “Гоман” (70-80-я гады ХІХ ст.). У пачатку ХХ ст. у Пецярбургу ўзнікла Беларуская рэвалюцыйная грамада, заснавалі яе Вацлаў Іваноўскі, браты Луцкевічы, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, спрычыніліся да гэтага і Элаіза Пашкевіч (Цётка), і Янка Купала. А пасля БРГ ператварылася ў Беларускую сацыялістычную грамаду, а праз дзесяць гадоў вылілася ў Беларускую Народную Рэспубліку. Насамрэч нават вядомыя месцы, дзе ўсё гэта ўзнікала: БРГ узнікла ў кватэры Эпімах-Шыпілы.
— Але ж гэта не ўсё, што вы прапануеце ў межах вандроўкі па “беларускім Пецярбургу”?
— Так, гэтым разам ёсць нагода наведаць канцэрт Лявона Вольскага ў легендарным клубе-музеі “Котельная Камчатка”, дзе працаваў Цой, культавым месцы для ўсяго савецкага андэграўнду, які меў уплыў і на беларусаў.
— Ці правільна я разумею, што агенцтвам распрацаваны цэлы шэраг такіх вандровак па іншых гарадах? Куды яшчэ можна будзе паехаць і што пабачыць?
— Ужо ёсць распрацаваныя маршруты і людзі, якія могуць гэтыя экскурсіі правесці.
Пра Вільню расказваць можна доўга. Не буду казаць, што Вільня — беларускі горад, таму што яна заўсёды была горадам шматнацыянальным, але пра тое, што гэта і беларускі горад, шмат хто забывае. Мала хто ведае, што там захаваўся будынак, дзе Францыск Скарына друкаваў свае кнігі, і Вострая брама, пад якой прыдумваў свае вершы Адам Міцкевіч, а Максім Багдановіч пісаў сваю знакамітую “Пагоню”. “Наша ніва” і “Наша доля” таксама выдаваліся там. Уласна кажучы, Вільня заўсёды была месцам, важным для беларусаў і беларускага нацыянальнага адраджэння. Тое ж самае можна сказаць пра Маскву. Будавалася Масква, асабліва ў ХVІІ ст., беларусамі. Яны складалі значную частку насельніцтва і ў тыя часы, і цяпер. Вельмі цікавае месца для беларусаў — Кіеў, у свой час гэта было Вялікае Княства Літоўскае, і беларусы там заўсёды бывалі. Шмат хто з беларусаў у ХІХ ст. вучыўся ў Кіеўскім універсітэце. Вельмі цесныя дачыненні былі ў БНР з яе самым блізкім саюзнікам — Украінскай Народнай Рэспублікай. Цяпер у Кіеве каля пасольства Беларусі стаіць помнік Уладзіміру Караткевічу, які там жыў і пісаў. У Празе можна прайсціся па скарынаўскіх месцах, парках, якія ён закладваў, калі быў каралеўскім садоўнікам. Як мы памятаем, на пэўны час там асталяваўся ўрад БНР у выгнанні, пахаваныя некалькі прэзідэнтаў БНР, у розныя часы ў гэтым горадзе жылі Ларыса Геніюш, Міхась Забэйда-Суніцкі, Васіль Быкаў. Ну, і Варшава! Нават на “Народным альбоме” песня ёсць, дзе гучаць словы: “Ах, Варшава мая, ах, сталіца…” У пэўным сэнсе яна таксама адна з беларускіх сталіцаў, бо была сталіцай Рэчы Паспалітай. А колькі там месцаў, звязаных з беларускай гісторыяй і культурай! Усе каралі, творцы, паэты — усе бывалі ў Варшаве.
Гэта нашыя найбліжэйшыя планы. Будзем знаёміць з беларускай спадчынай гэтых гарадоў.
— Ці любіце вандраваць самі?
— Калі б я не любіў падарожнічаць, я б не адкрываў турыстычнае агенцтва, таму што я спачатку паездзіў трошкі па свеце, паглядзеў, што ўсё гэта вельмі важная частка чалавечага жыцця, што мне падабаецца падарожнічаць і дапамагаць падарожнічаць іншым.
Найбольш мне прыемна бываць у самой Беларусі, проста трэба ведаць, дзе і як адпачываць.
— Беларускі турызм — які ён? Якія існуюць шляхі развіцця гэтай сферы дзейнасці?
— Хочацца паказваць Беларусь такой, якой мы яе бачым і ведаем, бо ў нас ёсць падставы ёй ганарыцца, а ў людзей ёсць падставы нас за гэта паважаць, прыязджаць у нашу краіну, цікавіцца ўсім.
На дзяржаўным узроўні праводзяцца нейкія спробы стварыць турыстычны брэнд Беларусі. Вось, да прыкладу, Аўгустоўскі канал — вельмі цікавае месца: можна на ўласныя вочы пабачыць шлюзаванне, доты Першай сусветнай вайны па абодвух баках канала.
Я лічу, што беларускі турызм перш за ўсё павінен быць самабытным, самастойным і незалежным, са сваім каларытам. Не трэба азірацца на нейкія там тэндэнцыі развіцця замежнага турызму, але трошкі, канечне, можна падгледзець. Калі людзі едуць да нас, то яны едуць у нашую краіну і да нас у госці. Таму мы павінныя быць тымі, кім мы ёсць — беларусаміІ ў Еўропе ёсць дзікія мясціны, неадрэстаўраваныя помнікі, закінутыя будынкі, але гэта адзінкавыя прыклады, а лубок — ён цяпер паўсюль, нават там. Вось Літва, Тракайскі замак, ад яго засталося мала, а больш за палову з адрэстаўраванага ўзята з галавы, але яны пра гэта нікому не гавораць, у адрозненне ад нас.
Канечне, прыродай, замкамі мы павінныя ганарыцца ў першую чаргу, таму што яны ўнікальныя. З іншага боку, замкі і прырода — толькі частка краіны, толькі частка турыстычнага брэнду. Напрыклад, мы можам ганарыцца і тым, што ў нас засталося вельмі шмат слядоў савецкай мінуўшчыны, больш за ўсіх у Еўропе, няхай да нас людзі прыязджаюць, каб паглядзець на гэта.
Калі цікава, адным з негалосных беларускіх турыстычных брэндаў сталі птушкі. Мы возім па Беларусі арнітолагаў, так званых birdwatch, і ўвогуле экалагічныя туры ў нас карыстаюцца папулярнасцю. Прычым едуць нармальныя, адукаваныя, інтэлігентныя людзі з грашыма, каб паглядзець на птушак, палазіць па беларускіх балотах, а не толькі адпачыць у беларускіх санаторыях. Яны аб’ехалі ўвесь свет, а тут імкнуцца паглядзець якую-небудзь вяртлявую чаротаўку. Трэба адзначыць, што у нашых Нацыянальных парках і прыродаахоўных заказніках працуюць прафесійныя эколагі, арнітолагі, якія ведаюць сваю справу.
Ці ўзяць адзін з кірункаў турбізнэсу — арганізацыю карпаратыўных мерапрыемстваў. Новы год у стылі індзейцаў мая, карыбскіх выспаў, “Чыкага 30-х гадоў” праводзяцца. Але раз мы — беларусы, мы павінныя рабіць іх па-беларуску. Чаму б не правесці святкаванне Новага года на беларускай мове? У нас ёсць вельмі шмат добрых музыкаў, беларускамоўных вядоўцаў. Безумоўна, многія людзі гэта разумеюць, і для іх гэта важна.
— Наколькі для замежнікаў нязвыклыя нашыя стравы?
— У беларускай кухні шмат страваў, якія для замежнікаў не менш экзатычныя, чым для нас смажаны скарпіён. Напрыклад, грэчка. Ад англічан можна пачуць “гэтым свінняў кармілі” ці “дзесьці далёка-далёка, на поўначы Шатландыі, ядуць гэтую грэчку”. Сур’ёзна, палова Еўропы наогул грэчку не есць. Або яшчэ гастранамічны прыклад: і ў Амерыцы, і ў Еўропе вельмі складана знайсці буракі. Яны з сабой вязуць як сувенір наш бурачны хрэн.
Зарына Кандрацьева