Беларускі след на варшаўскіх Павонзках

03.04.2023 Гісторыя

Павонзкі − гэта пантэон самых вядомых жыхароў Варшавы. За 230 гадоў там было пахавана каля мільёна чалавек і відавочна, што сярод іх было нямала тых, чый лёс павязаны з Беларуссю. Каханая Кастуся Каліноўскага Марыя Ямант, кампазітар Станіслаў Манюшка, фатограф Ян Булгак, пісьменнік Адам Плуг і многія іншыя. У падкасце «Топ-5» на «Радыё Ўнэт» гісторык Яўген Малікаў распавядае пра выбітных асоб нашай гісторыі, што знайшлі свой спачын на варшаўскіх могілках.


95ff97ad-4317-4812-8ac5-501cdc349c15.jpg
Фота: shutterstock.com/Jaroslaw Kurek

1. Станіслаў Манюшка

manyuщka.png

Нарадзіўшыся пад Мінскам, свой жыццёвы шлях гэты знакаміты кампазітар завяршыў у Варшаве. Станіславу Манюшку было наканавана стаць адным з самых вядомых беларусаў і адначасова сусветна знакамітым класікам польскай оперы. З 1858 і да канца жыцця Манюшка быў дырыжорам Варшаўскай оперы і стварыў у польскай сталіцы свае самыя вядомыя шэдэўры.

2. Марыя Ямант

yamant.png

Каханая Кастуся Каліноўскага. Яе пахаванне знайшлі адносна нядаўна, у 2008 годзе. Пра гэтую жанчыну ведаюць усе беларускія школьнікі. Гэта пра яе − Марыську чарнаброву, галубку − пісаў у сваім вершы Кастусь Каліноўскі.

3. Чэслаў Неман

neman.png

Прапаную ўзгадаць і гэтага знакамітага спевака, які паходзіў з Беларусі і нарадзіўся ў Старых Васілішках Шчучынскага раёна. У 1958 годзе сям’я музыканта пераехала ў Польшчу, дзе ён неўзабаве стаў зоркай сусветнага маштабу. Чэслаў Неман памёр у 2004 годзе. Калі пачалася цырымонія развітання, то на ўсіх радыёстанцыях краіны ўключылі яго песню Dziwny jest ten świat. Вельмі кранальны момант. Паказчык узроўню культуры і сапраўднай павагі да творчага чалавека.

4. Геранім Друцкі-Любецкі

4-3.png

Землеўласнік Мінскай губерні, грамадскі дзеяч. Разам з Вайніловічам і Чапскім уваходзіў у шэраг асоб, якія вельмі шмат рабілі для гаспадарчага развіцця і культуры ўсяго краю.

5. Восіп Кавалеўскі

5-2.png

Чалавек, які нарадзіўся ў 1800 годзе ў Вялікай Бераставіцы на Гродзеншчыне. Кавалеўскі быў удзельнікам Таварыства філаматаў і філарэтаў, за што яго саслалі ў Казань. Там ён вывучаў усходнія мовы, а пасля паехаў з экспедыцыяй у Манголію і Кітай. У тыя часы гэта было ўсё роўна, што сёння паляцець на Марс. Пасля рэктарства ў Казанскім універсітэце, Кавалеўскі прыехаў у Польшчу і паспяхова працаваў у Варшаўскім універсітэце, быў яго прафесарам. Жыццё Восіпа Кавалеўскага − гэта вельмі добры прыклад для сучасных беларусаў. Як бы не складвалася жыццё, трэба знаходзіць магчымасці дасягаць сваіх поспехаў і збіраць свае зоркі!