Да Ночы музеяў мы спыталі ў беларусаў, якія музеі ім найбольш падабаецца наведваць. Для кагосьці гэта залы мастацкага музея, для кагосьці — літаратурны музей, дом-сядзіба альбо скансэн. У гэтых адказах — памяць, асабісты досвед і пошук сувязі з Беларуссю. Магчыма, пачытаўшы адказы нашых рэспандэнтаў, вы адкрыеце для сябе новыя, нечаканыя месцы для наведвання і натхнення.
У рэспандэнтаў з Беларусі імёны зменены ў мэтах бяспекі.
Я не памятаю, каб пасля школы я шмат хадзіў па музеях у Беларусі. З усіх вылучу Нацыянальны мастацкі музей: ён у цэнтры Мінска, і неяк міжволі, калі апынаўся побач, яго архітэктура ўвесь час зацягвала зайсці і паблукаць між карцін.
Мастацкі музей. Фота з Фэйсбука Музея
А мой любімы — неназваны музей пад адкрытым небам — знаходзіцца ў Ваўкавыскім раёне. Там жыве святар, які цікавіцца гісторыяй зямлі, дзе працуе і жыве. Ён правёў нам найпадрабязнейшую экскурсію па ваколіцах сваёй парафіі.
А яшчэ ён у плябаніі сабраў вельмі-вельмі шмат экспанатаў ад мясцовых жыхароў. Там можна сапраўдны музей ужо адкрываць.
Гэта даволі цяжкае пытанне, таму што ў Беларусі ёсць вялікае мноства цудоўных музеяў. Але адзін з маіх улюбёных — парк-музей інтэрактыўнай гісторыі Сула. Гэта месца, якое насычана беларускім духам і традыцыямі, дзе можна пазнаёміцца з рознымі перыядамі нашай гісторыі, паглядзець батлейку, паслухаць беларускія спевы, пачаставацца старкай, пакатацца на ладдзі, паназіраць за працай ганчара і каваля, пашпацыраваць па старажытным парку і сустрэць мноства прыгожых жывых істот.
Мне вельмі падабаецца ідэя аб’яднання захаванай гістарычнай спадчыны з новымі лакацыямі, якія імітуюць іншыя стылі, улічваючы складаную сітуацыю з захаваннем гістарычных помнікаў і іх рэканструкцыяй у Беларусі. Я лічу, што такі падыход дазваляе наведвальніку зразумець пэўныя асаблівасці нашага культурнага кода, які будаваўся на працягу стагоддзяў. Таксама гэты музей можа быць ідэальным месцам для таго, каб пазнаёміць новае пакаленне з гісторыяй у цікавай для іх форме ў даволі кароткі час.
Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах таксама займае асаблівае месца ў спісе, бо менавіта з ім я адчуваю найбольшую эмацыйную сувязь. Першы раз я была там у жніўні 2020 года, таму музей стаў для мяне ўвасабленнем прытулку справядлівасці і патрыятызму, дзе ты адчуваеш сябе як дома і перажываеш сувязь з годным беларускім продкам.
Сярод мастацкіх музеяў мой любімы — Нацыянальны мастацкі музей, таму што ён мае насычаную калекцыю твораў мастацтва і ў некаторых залах яны даволі якасна экспанаваныя (увогуле я б сказала, што ў Беларусі ёсць значныя праблемы з экспанаваннем твораў мастацтва).
Мяне, напэўна, больш за ўсіх уразіў дом-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі ў Косаве, бо там такі, даволі вольны, моцны беларускі вайб, і першы раз я там была менавіта ў 2021 годзе, пасля рэпрэсій, а нас сустрэлі і правялі экскурсію па-беларуску.

Дом-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне каля Косава
Таксама запомніўся Гістарычны музей у Навагрудку і Музей беларускай маляванкі ў Заслаўі, бо я люблю візуальную этнаграфію, а там шмат захаваных рэчаў з арнаментамі ды стылізаваных пад старыя часы экспанатаў.

У Музеі беларускай маляванкі
Нацыянальны мастацкі музей. Чым ён мне падабаецца? Проста люблю абразы. Яны мяне захапляюць больш, чым, напрыклад, музей Вялікай Айчыннай вайны ці чучалы жывёл/птушак у прыродазнаўчых.
Для мяне асаблівае месца — Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва! Таму што з ім звязана 15 гадоў майго жыцця! Праўда, музей ён толькі часткова.
Любімы музей — Народнай архітэктуры і побыту, што пад Мінскам. Ён не ёсць класічным у разуменні звычайнага чалавека. Гэта скансэн — простымі словамі адбудаваная вёска з перавезеных з усёй Беларусі будынкаў.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Там можна наўпрост сесці на прызбу, прытуліцца спінай да векавой хаты і глядзець, як птушкі лётаюць над каваным крыжам старой царквы.Такі своеасаблівы партал у старасветчыну, тую Беларусь, якая жыла яшчэ за 150 гадоў да нашага нараджэння.
Але адзін раз на год там становіцца рэальна жудасна — на Ноч музеяў з заходам сонца з будынкаў выпаўзаюць варажбіткі, за млынам хаваецца чорт і беларускія духі зазываюць гасцей музея ў свае лапы, вядома ж, калі ахвяры паспеюць набыць квіток, бо іх вельмі хутка раскупляюць.
Кажучы проста і шчыра — там утульна і атмасферна, і калі вы стаміліся ад каменных джунгляў сталіцы, а ў вёску на агарод ехаць не хочацца, Музей народнай архітэктуры і побыту — гэта супер-выйсце.
Мы з сям’ёй перад ад’ездам у Амерыку крыху паездзілі па Беларусі, і з таго, што ўзгадваецца, мне вельмі спадабаўся Мірскі замак. Сам замак, канешне, класны, але мне яшчэ больш спадабалася экспазіцыя ўнутры. Там сапраўды было на што паглядзець.
Мірскі замак мне спадабаўся тым, што гэта не проста прыгожы гістарычны будынак, а месца, дзе насамрэч жылі людзі ў часы ВКЛ. Праз яго інтэр’еры, залы, мэблю, зброю можна ўявіць, як жыла тагачасная шляхта і магнацкія сем’і.
А мне ўвогуле цікавая сацыяльная антрапалогія. Побыт і звычаі, мэбля — усё гэта частка антрапалогіі і культуры.
Музей прыроды Нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Люблю, што там пра жывёл многа. Многа месца. Цікава спраектаваны будынак.
Палац мастацтва на вуліцы Казлова. Там цікавае мастацтва. Аднойчы я трапіла на выставу, звязаную з кнігамі, здаецца, і мне спадабалася. А яшчэ была выстава, прысвечаная Еве, і мне вельмі хацелася туды трапіць. Там яшчэ можна было набыць розныя сувеніры, звязаныя з пратэстамі, і зараз здаецца нерэальным, што такое калісьці было. Так што ў мяне з Палацам мастацтваў на Казлова вельмі цёплыя, добрыя ўспаміны.
Вельмі асаблівым месцам для мяне з’яўляецца мемарыяльны комплекс «Хатынь». Нягледзячы на тое, што я цесна звязаны з мастацтвам і графікай і, па ідэі, павінен адзначыць мастацкія музеі як спадчыну вялікіх мастакоў Беларусі. Але я выбраў сваім любімым музеем нават не музей, а мемарыял «Хатынь». Памятаю, па дарозе ў гэтае месца я зразумеў, што Хатынь з’яўляецца нечым асаблівым, у духоўным сэнсе. Я падумаў, што гэта вельмі сур’ёзна.
Я, калі ўжо апынуўся ў самім мемарыяле, нібы ўступіў у рытм звону мясцовых званоў памяці. Для мяне гэта было месца сустрэчы са 149 душамі, якія там загінулі. Я бачыў дрэвы — адзіных сведкаў тых падзей, якія засталіся там стаяць. А яшчэ захапляе праца, якую здзейсніў скульптар Леанід Левін, які зрабіў комплекс вельмі стрымана, далікатна, граматна і прафесійна. У гэтым месцы ўсё сапраўднае і актуальнае, і маё сэрца засталося ў Хатыні.
Мне цяжка адказаць на пытанне, які мой любімы музей. Я вельмі люблю Мастацкі, але я даўно ўжо яго не наведвала. Мне падабаецца разглядаць карціны, люблю гэтую атмасферу, наталіцца гэтым. Я часта амаль нічога не разумею, але, наведваючы музей, я станаўлюся трошку лепш унутры, святлей, прыгажэй. Мне падабаецца, што ў Мастацкі музей прывозяць розныя цікавыя экспазіцыі. Люблю Мастацкі музей.
Дазволь душы маёй, ахопленай адчаем
Пераляцець туды, дзе поясам блакіту
Над Нёманам лясныя ўзгоркі апавіты
Дзе прозеленню жыта ў полі серабрыцца
І залаціцца поўным коласам пшаніца
Асаблівае месца для мяне — гэта Музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку. Так пісаў Адам Міцкевіч пра сваю малую радзіму. Навагрудчына... Як шмат таленавітых людзей падарыла гэтая зямля. Але імя Адама Міцкевіча, як перліна ў гэтым спісе.

Музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку
Шмат разоў бываў у Навагрудку. Але помніцца той першы, калі мы з жонкай і дачушкамі першы раз здзейснілі падарожжа на сваёй машыне ў Гродна праз Навагрудак. Здаецца, год 1998. Музей Міцкевіча быў закрыты, і мы проста гулялі вакол яго. Парадны ўваход з калонамі, флігель. Паветра дыхала старасветчынай. Мір, спакой і радасць...
Пазней удалося трапіць сюды падчас працы. Уразілі партрэты бацькоў, родавае дрэва Міцкевічаў з XVIII стагоддзя, карціны, экспанаты. Разумееш, што судакранаешся з гісторыяй, якая для роду Міцкевічаў была іх штодзённасцю з усімі яе перажываннямі і радасцямі. Усё зроблена з любоўю. І сама атмасфера дома, і ўспаміны, вершы. Але самае галоўнае, што адчуваеш тую неабсяжную любоў да Бацькаўшчыны, якую Адам Міцкевіч пранёс да канца, да свайго апошняга ўздыху. Эміграцыя.... 200 гадоў таму Адам і паплечнікі прайшлі праз гэта... І вось зараз у ХХІ стагоддзі чарговае пакаленне беларусаў зноўку ў эміграцыі... Злітуйся над намі, Божа.
Наста Пабягунская, Budzma.org