У аўтарскай рубрыцы «Казкі жыцця» на Budzma.org Яна Вольская распавядае пра тое, як супрацоўніца музея Станіслава Сяргееўна старанна рыхтавалася да ўрачыстай Ночы музеяў, і што з гэтага выйшла.
Станіслава Сяргееўна трыццаць гадоў працавала ў гістарычным музэі. Вось як выправілі яе адразу пасьля інстытута на разьмеркаваньне ў музэй, так яна там і засталася. Спачатку млява і годна, нібы старажытны карабель, Станіслава Сяргееўна праплывала па музэйных залях і запасьніках, інспэктавала і каталагізавала разам з калегамі экспанаты, праводзіла навуковыя дасьледаваньні і арганізоўвала адукацыйныя мерапрыемствы. Але з цягам часу, паступова і непрыкметна, сама пачала пераўтварацца ў музэйны экспанат.
Усё дзяцінства Станіслава чула: «Будзь прасьцей, і да цябе пацягнуцца людзі!». І ўсё ж яна не магла сьцяміць: «Што гэта значыць?».
Так і гадавалася ў здагадках, пакрысе сталела і ўсё меней і меней хацела быць «прасьцей», заўважаючы, што яна трохі вышэй за ўзровень інфузорыі-пантофліка.
Пакрысе ёй усё радзей і радзей рабілі заўвагі. Можа, таму яшчэ, што гэтыя выразы разам зь іншай народнай мудрасьцю кшталту «Не жылі багата, няма чаго і пачынаць», «Цішэй едзеш — далей будзеш», «Гадзіньнік тахкае» заляталі ў адно ейнае вуха, а з другога адразу выляталі. Гадзіньнік датахкаў да моманту, калі Станіславу кінулі выхоўваць. Магчыма, палічыўшы безнадзейнай. А аднойчы яна нават пачула: «Такіх, як вы, Станіслава Сяргееўна, больш няма».
Тады Станіслава ўважліва паглядзела на сябе ў люстра. У адбітку яна пабачыла жанчыну ў гадах, у строгіх акулярах і з высокай фрызурай, у доўгай спадніцы і стрыманай крэмавай кашулі з прыгожым накрухмаленым карункавым жабо і брошкай пад каўняром.
Менавіта так яна выглядала і сёньня — ва ўрачыстую Ноч музэяў, да якой рыхтаваліся некалькі тыдняў запар ад самых раніцаў і да позьніх вечароў. Затое цяпер у музэі панавала раскоша: і «Куфэрак сярэднявечнай прыгажуні», дзе майстрыхі прыадчынялі таямніцы жаночых упрыгожаньняў, і «Беларускі матыў», дзе зьбіралі народныя строі, і інтэрактыўная заля «Рэха дзьвюх войнаў».
Станіслава Сяргееўна цырымонна ўзвышалася на сваім высокім крэсьле на ўваходзе ў залю «Музэйнай скарбніцы».
Тут, пасярод разнамаснага народу, Станіслава раптам пабачыла сапраўднага рыцара! Ён рушыў вельмі манэрна, у шаломе тыпу «армэ» і ў сурдуце афіцэра Екацярынаслаўскага грэнадэрскага палку канца XVIII ст., які ўпрыгожваў пояс Вітаўта. У адной руцэ ён трымаў саблю кліентэлы князя Караля Радзівіла, а ў другой — скрыпку Джаваньні Паола Маджыні. Параўняўшыся са Станіславай Сяргееўнай, рыцар прыпадняў забрала і вымавіў:
— Такіх, як вы, Станіслава Сяргееўна, больш няма! Вы проста скарб!
Яна зьбянтэжылася і пачырванела. Вось ён, бліскучы момант знаёмства. Столькі гадоў у музэйных залях з партрэтамі на сьценах і мроямі пра мінулыя часы, дзе былі сапраўдныя ваяры і сапраўдныя рыцары, — і вось, у Ноч музэяў мара пераўтварылася ў рэчаіснасьць. Тым часам рыцар махнуў ёй рукой, на якой прыгожа бліснула залатая бранзалетка. Ён паволі аддаляўся, як чароўны прывід, і ўжо амаль перакрочыў у залю этнаграфіі, як нечакана і вельмі рэзка загула музэйная сыгналізацыя.
Тут Станіслава Сяргееўна ўмомант схамянулася. «Гэта ж шалом і сурдут з нашых музэйных скарбаў!» — мільганула ў ейнай галаве.
— Трымайце злодзея! — залямантавала яна.
Рыцар імгненна кінуўся наўцёкі, і з-пад сурдута пасыпаліся долу рымскія дынарыі.
— Хапайце яго! — яшчэ гучней закрычала Станіслава Сяргееўна і кінулася падбіраць манэты.
Тым часам госьці, наведнікі Ночы музэяў, што праходзілі побач, зьдзіўлена глядзелі на музэйную супрацоўніцу, якая, седзячы на высокім крэсьле і схіліўшы галаву на карункавае жабо, нягучна і адрывіста мармытала: «Трымайце злодзея, хапайце, трымайце яго», — і раз-пораз узмахвала рукамі.