Беларускія падзеі як элемент перадвыбарчай рыторыкі ў ЗША

20.10.2020 Замежжа

Калі вы раптам праз падзеі ў Беларусі забыліся, што 3 лістапада пройдуць выбары ў ЗША і там працягваецца зацятая перадвыбарчая барацьба, дык у Амерыцы пра беларусаў добра памятаюць і нават згадваюць на самым высокім палітычным узроўні. Хіба што не ў вельмі станоўчым сэнсе. Але ўсё ж.

Можна сказаць, што становішча ў нашай краіне стала пэўным і цалкам канкрэтным элементам перадвыбарчай кампаніі аднаго з кандыдатаў. А менавіта прадстаўніка дэмакратаў Джона Байдэна, які згадаў Беларусь, завочна звяртаючыся да свайго апанента Трампа на сустрэчы з выбарцамі.

Гэтую сустрэчу можна лічыць элементам віртуальных дэбатаў. Бо пасля першай серыі супрацьстаяння кандыдаты на пасаду прэзідэнта вырашылі больш не сустракацца. Хіба што толькі анлайн, у фінале кампаніі.

Байдэн у частцы выступу, датычнай замежнай палітыкі ЗША, сказаў: «Вы бачыце, што адбываецца ад Беларусі да Польшчы і Венгрыі — уздым таталітарных рэжымаў у свеце. А прэзідэнт (Трамп) толькі падтрымлівае ўсіх бандытаў на планеце».


 


Гэтая фраза — апагей эксплуатацыі «беларускай тэматыкі», якую відавочна выкарыстоўвалі дэмакраты ад самага пачатку паслявыбарчых падзеяў у Беларусі.

Каб паспрабаваць разабрацца ў гэтым кірунку тактыкі Байдэна, варта вярнуцца да рэакцыі амерыканскіх палітыкаў адразу пасля 9 жніўня.

У Беларусі — Тэлеграм, у ЗША — Твітар

Вядома, што ў ЗША сацыяльная сетка Твітар — сапраўдны палітычны інструмент. Палітыкі не толькі актыўна карыстаюцца гэтай сеткай, але там можна часам знайсці эксклюзіўную інфармацыю, якую прэс-службы больш нідзе не распаўсюджваюць. Гэта і прыватныя меркаванні па пытаннях, якія не трапляюць у фармат тэлеперадач ці аналітычных тэкставых матэрыялаў, і закіды-спробы намацаць цікаўнасць выбарцаў да пэўнай тэматыкі.

Таму Твітар можна лічыць унікальнай крыніцай інфармацыі палітычных кірункаў у асяродках амерыканскага істэблішменту.

Напрыклад, менавіта ў гэтай сацсетцы першай з'явілася публікацыя ад сенатара-дэмакрата Боба Менендэзая, які яшчэ 6 жніўня папярэджваў аб неабходнасці ўвядзення санкцый супраць Лукашэнкі ў выпадку выбарчых фальсіфікацый і падаўлення мірных пратэстаў беларусаў.




Усё тыя ж дэмакраты (сенатары, кангрэсмены, журналісты) яшчэ да афіцыйных заяваў Дзярждэпа выказваліся наконт паслявыбарчых падзеяў у нашай краіне. З відавочнай крытыкай рэспубліканскай прэзідэнцкай адміністрацыі.

Сваю пазіцыю Трамп выказаў толькі 18 жніўня: «Выглядае на тое, што ў Беларусі бракуе дэмакратыі. Пратэсты выглядаюць як выключна мірныя».

Таксама прэзідэнт ЗША паабяцаў абмеркаваць «беларускае пытанне з Пуціным.

Трамп намагаецца ператварыць ЗША ў Беларусь?

Менавіта такім пасылам можна абагульніць шматлікія цытаты амерыканскіх прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі і не толькі.

Сенатар ад Канектыкута Крыс Мёрфі 23 жніўня адзначыў:

«Тое, што адбываецца ў Беларусі, вельмі важна для бяспекі ЗША. А Трамп гэтага не разумее. Таму і застаецца ўбаку ад працэсаў, чакаючы рэакцыі Пуціна».




Можна сказаць, што з гэтага моманту амерыканскія палітыкі пачалі з Лукашэнкі рабіць вобраз "горшы за Пуціна". І час ад часу "прымяраць" на гэты вобраз уласна Трампа. Спрабуючы, напрыклад, параўнаць брутальнасць амерыканскай паліцыі ў дачыненні да ўзброеных захопнікаў у Портлэндзе з жорсткасцю АМАПа ў Беларусі.
Нават аднапартыец Трампа, былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Міт Ромні, згадаў Беларусь:

«Фундаментам дэмакратыі з'яўляецца мірны транзіт улады. Інакш атрымліваецца як у Беларусі. Любы намёк, што прэзідэнт можа не паважаць гэтыя канстытуцыйныя гарантыі, непрымальны».





Такім чынам, наша краіна, на жаль, зусім не дзякуючы нейкім станоўчым падзеям стала элементам перадвыбарчай кампаніі дэмакратаў. Пакуль не ўнутраным фактарам, як дрэнны прыклад разгортвання паслявыбарчых падзеў. Сітуацыя для Беларусі зусім незвычайная.

Цяпер нельга адназначна прадказаць, як будуць разгортвацца падзеі для нас пасля выбараў у Паўночнай Амерыцы. І ці будуць амерыканскія палітыкі актыўна ўплываць на сітуацыю ў Беларусі.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org