Беларускія пярэваратні: баяцца ці шкадаваць?

06.02.2023 Культура

6 лютага або 19 лютага (па юльянскім календары) нашы продкі адзначалі Ваўкалакі, альбо Вакулы — дзень ушанавання Вялеса ці Св. Вуколы. Вукола лічыцца апекуном свойскай жывёлы. Таксама яго шанавалі як першага абаронцу ад пярэваратняў, ваўкалакаў. Да іх у нашых продкаў было дваістае стаўленне. Хто такія ваўкалакі і чаму беларусы то шкадуюць іх, то баяцца, паспрабуем разабрацца.


47a7abe71b818d7623b96c080dc51e84.jpg

Варта зазначыць, што тэрмін «пярэварацень» больш шырокі — гэта чалавек, які можа ператварыцца ў іншую жывую істоту альбо нават прадмет. Ваўкалак — разнавіднасць пярэваратня, чалавек, які перакідваўся ў ваўка. У Еўропе ваўкалакі «сустракаюцца» часцей за іншых (прынамсі, паданняў і гісторый пра іх значна больш, чым пра тых жа пярэваратняў-катоў ці птушак).

А вось у Японіі, напрыклад, больш распаўсюджаны пярэваратні-лісы, каты, пацукі, павукі, янотавідныя сабакі. У Індыі часцей сустракаюцца малпы, тыгры, змеі.

Паданні пра ваўкалакаў існуюць бадай што ва ўсіх культурах з самых старажытных часоў. І стаўленне да іх было рознае: ад нянавісці да прыязні.

Напрыклад, у Старажытнай Грэцыі першым ваўком-пярэваратнем стаў цар Лікаон. Яго пакараў галоўны бог Алімпа — Зеўс. Лікаон хацеў пакпіць з бога, засмажыўшы на пачастунак уласнага сына. А вось у Егіпце ў ваўка перакінуўся сам бог Асірыс. Зрабіў ён гэта, каб уратаваць краіну ад цёмных сіл. У Аркадзіі існавала паданне, што чальцы роду Антэя могуць ператварацца ў ваўкоў па ўласным жаданні і сыходзіць жыць на спецыяльны востраў. Стаўленне да іх было нейтральнае, бо жылі яны сваёй грамадой, нікому шкоды не рабілі.

Герадот жа зазначае, што ў Скіфіі жылі цэлыя плямёны, для якіх перакінуцца ваўком для вырашэння нейкіх цяжкіх задач было звычайнай справай. Узгадайце нашага Усяслава Чарадзея. Згодна з паданнямі, аббегчы за ноч усё сваё валадарства на чатырох лапах — для яго было як вадзічкі папіць.

1b62ecdd96f6a7b1fc1b98bde65bca55.jpg

Самыя жахлівыя гісторыі пра ваўкалакаў хадзілі па Сярэднявечнай Еўропе. Лічылася, што ваўкалацтва — гэта страшная хвароба. «Хворых» (ці нават проста з падазрэннем на такі «дыягназ») спальвалі на вогнішчы, абезгалоўлівалі. А перад гэтым старанна катавалі, каб выбіць прызнанні ў злачынствах.

На нашых землях, згодна з вераваннямі продкаў, ваўкалакаў можна было ўмоўна падзяліць на дзве групы: ваўкалакі-чараўнікі і ваўкалакі — ахвяры закляццяў (чараў, праклёнаў). Першых баяліся, другіх шкадавалі.

Ваўкалакі-чараўнікі (ці знахары) перакідваліся ў звяроў па ўласным жаданні, выканаўшы спецыяльны рытуал. Звычайна гэта перакульванне праз кінжалы (5, 7, 9, 12 — у розных крыніцах указваецца розная колькасць), утыркнутыя лязом дагары. Альбо праз асінавы пень, які не перахрысцілі пры рубцы дрэва. На пень яшчэ варта было пакласці грэбень ці пярсцёнак. Перакульванняў таксама ўказваецца розная колькасць — 1 раз ці 3. Куляцца трэба было галяком.

Зрабіўшы свае, звычайна цёмныя справы, чараўнік вяртаўся да таго месца, дзе стаў ваўком, і каб вярнуць сабе чалавечае аблічча, зноў куляўся, але ўжо ў адваротным кірунку. Але калі хтосьці скрадзе (ці нават проста перамесціць) хоць адзін з кінжалаў альбо скрадзе знятую чараўніком вопратку, вярнуцца ў чалавечы вобраз будзе ўжо немагчыма.

Да таго ж, кожнае пераўтварэнне забірае колькі дзён жыцця, таму чараўнікі-пярэваратні напрыканцы жыцця часта рабіліся самымі дабрадзейнымі людзьмі — намагаліся «адпрацаваць карму», каб пажыць даўжэй.

Shljahtich_Zavalnja.png

Другая група — зачараваныя людзі. Такіх ваўкалакаў шкадавалі і намагаліся ім дапамагчы (узгадайце Марка з кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях»).

Вельмі часта сустракаюцца гісторыі пра цэлыя вяселлі, якія чараўнік ператварыў у ваўкоў. Так яны цэлай зграяй і бегаюць па лясах у чаканні, калі скончыцца час закляцця (звычайна гэта 1, 7 альбо 12 год). Такія ваўкі вылучаюцца сярод сваіх лясных «пабрацімаў». Яны не ядуць мяса — збіраюць рэшткі чалавечай ежы альбо нават галадуюць. «Умываюцца» зранку — водзячы пысай па роснай траве. Не нападаюць на людзей і скаціну, не баяцца пастухоў з палкамі. А ўвесну па звычцы «аруць» — капаюць раллю.

Часам, не разабраўшыся, ваўкалакаў ранілі ці забівалі. Пасля смерці звер зноў ператвараецца ў чалавека. Зафіксавана паданне, дзе паляўнічыя, забіўшы ваўка, пачалі здымаць з яго скуру. Пад ёй апынулася жанчына ў вясельным строі.

c507d7930f7e99b5d83121864a1e07e9.jpg

Выратаваць такіх небаракаў можна рознымі спосабамі. Самымі дзейснымі лічыліся абрус, на якім свяцілі велікодныя яйкі, палатняны пояс, суровая нітка, парваныя ўласныя порткі ці кашуля. Абрусам і поясам трэба было накрыць ваўкалака. Нітку нацягнуць пасярод дарогі і адразу парваць надвая, калі пярэварацень прабяжыць пад ёй. Самыя адчайныя маглі, убачыўшы няшчаснага, сарваць сваю вопратку, разарваць яе на кавалкі і кінуць перад зверам. Лічылася, што чалавечае аблічча вернецца, як толькі ваўкалак дакранецца да гэтых лахманоў.

Яшчэ існуе паданне, у якім ваўкалакам стаў звычайны чалавек без удзелу чараўніка. Пры закладцы хлява мужык секануў некалькі разоў па парозе і прамовіў закляцце, каб той, хто пераступіць гэта месца, ператварыўся ў ваўка на ўсё жыццё. Такім чынам гаспадар хацеў абараніць сваю маёмасць ад зайздроснага суседа. Але, выпіўшы гарэлкі, забыўся на свае словы і сам пераступіў парог. У той жа момант перакінуўся ў ваўка і, як сцвярджае паданне, да скону бегаў на чатырох лапах, бо ніводзін чараўнік не змог зняць таго закляцця.

То будзьце ўважлівымі да сваіх словаў і не злоўжывайце алкаголем, каб не стаць пярэваратнем.

Ева Вятрыскіна, budzma.org