Беларускія школьнікі сталі лепшымі географамі свету на алімпіядзе ў Тайландзе

Беларускія школьнікі занялі п’едэстал Міжнароднай алімпіяды па геаграфіі iGeo, якая сёлета праходзіла ў Тайландзе, паведамляе Еўрарадыё.

alimpijada.jpg

Берасцеец Мікалай Місюк з гімназіі № 2 заваяваў залатую медаль, а мінчанін Аляксей Клімко з сярэдняй школы № 118 імя К. К. Ракосаўскага — срэбную.

Акрамя тэстаў і тэарэтычных заданняў, неабходна было выканаць палявую працу. Школьнікі аналізавалі землекарыстанне на востраве Ко Крэт і прэзентавалі спосабы вырашэння экалагічных праблем.

З усімі гэтымі задачамі беларускія школьнікі справіліся на англійскай мове. У алімпіядзе ўдзельнічалі 180 чалавек з 47 краін.

Першая алімпіяда iGeo прайшла ў 1996 годзе ў Гаазе, Нідэрланды, тады ў ёй бралі ўдзел толькі пяць краін. А сёлета на алімпіядзе былі прадстаўленыя пяць кантынентаў.