Ранішнія навіны пра пачатак вайсковых дзеянняў Расіі супраць Украіны шакавалі ўвесь свет. Для беларусаў гэтая падзея мае вялікае значэнне, бо наша краіна мяжуе з Украінай, а гістарычна-культурныя сувязі сягаюць у стагоддзі. Budzma.org сабраў выказванні вядомых беларусаў пра ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны.
Пісьменнік Саша Філіпенка
«Амаль два гады многія расійскія знаёмыя павучалі нас, пагардліва казалі: "Так рэвалюцыі не робяцца, так вы дыктатара ніколі не прыбярэце". Калі мы тлумачылі, што змагаемся ў Беларусі адразу з двума дыктатарамі — стрымана ўсміхаліся. Уласна сёння ўжо можна пачынаць паказваць нам "як правільна змагацца з дыктатарам у сваёй краіне", — напісаў вядомы беларускі літаратар на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
На думку Сашы Філіпенкі, «Сёння ў кожнага расейца ёсць усяго два варыянты:
1. Выйсці на вуліцу з плакатам "Не вайне!"
2. Застацца дома і назаўжды ўвайсці ў гісторыю сваёй краіны і сям'і як чалавек, які прамаўчаў і падтрымаў вайну».
Журналістка Алена Шрабінская
«Я беларуска і я не ваюю. І мне вельмі і вельмі сорамна. Украінскія сябры, калегі, сваякі, беларусам за вас баліць!», — піша з Фэйсбуку беларуская журналістка Алена Шрабінская.
Спявачка Кацярына Ваданосава
Спявачка Кацярына Ваданосава, якая зараз жыве з сям’ёй у Кіеве напісала эмацыйны пост у Фэйсбуку: «У мяне няблага атрымліваецца гатаваць, праць, прыбіраць, мыць посуд, нараджаць і выхоўваць дзяцей. Больш за тое: я люблю гэта рабіць. Я люблю любіць. Але, калі трэба, то ненавідзець я таксама ўмею.
Я ненавіджу вайну. <…>
Я, мае дзеці, мой муж – мы зараз у Кіеве. І, калі раней, адразу па прыездзе, гэты горад падаваўся мне чужым, тлумным, нават крыху непрытульным, то зараз я бачу, якое гэта неверагодна прыгожае месца, і які цудоўны, горды, смелы, прыгожы народ жыве тут. І я напраўду вельмі радая, што мы аказаліся менавіта ў гэтым месцы менавіта ў гэты час. Дзякуй, Украіна, маці ваяроў. Дзякуй за прытулак, навуку, урокі, за тваіх сыноў і дачок. Слава табе!».
Публіцыст Мікола Бянько
«Дарагія ўкраінскія сябры, цэлую раніцу не магу падабраць словаў, каб выказаць вам сваю падтрымку. Малюся за старажытны Чарнігаў, дзе хрысцілі маіх абодвух дзяцей. Думаю пра гасцінную Адэсу, дзе адпачывалі шматразова на Чорным моры разам з сям'ёй. Трымаю кулакі за Кіеў, які прыняў у апошнія гады тысячы ўцекачоў з Беларусі. Узгадваю вёсачку Папоўка ў Сватаўскім раёне Луганскае вобласці, адкуль паходзяць продкі па лініі маці. Мая прабабуля Кацярына, удава забітага бальшавікамі ўкраінца Ануфрыя, размаўляла па-ўкраінску. Ад яе ў мяне на ўсё жыццё захаваліся цёплыя дзіцячыя ўспаміны пра смачныя бульбяныя варэнікі і піражкі. Перакананы ў тым, што акупанты не даб'юцца свайго і яшчэ панясуць адказнасць за ўсе злачынствы. Увесь свабодны свет – за Украіну!», – напісаў Мікола Бянько.
Журналістка Марыя Грыц
«За вакном грыміць. Прачнулася з усмешкай, думала, што першая вясенняя навальніца. Аказалася, што не яна».
Гурт Naviband
Музыкі гурта Naviband так адгукнуліся на падзеі ва Украіне: «Украіна! Усім сэрцам з вамі!
Яшчэ два тыдні таму мы гулялі па Харкаве пасля канцэрта, а зараз там чутныя выбухі. Не ўкладваецца ў галаве, як такое магчыма ў 21 стагоддзі. Сорамна, страшна і балюча! Беражыце сябе!»
Naviband адмяніў канцэрт у Маскве, запланаваны на 26 лютага.
Пра гэта беларускія музыкі распавялі ў сацсетках: «Гэта нашае рашэнне і мы не маем маральнага права зараз там граць канцэрт. Просім прабачэння перад арганізатарамі, гледачамі і асабліва перад тымі, хто збіраўся прыехаць з Мінска».