Бенька: “У зорак павінная быць асаблівая група крыві”

Яна больш ахвотна размаўляе пра тыя зоркі, што на небе, а не ў тэлевізары. Але каго, як не Беньку, чый дзіўны свет сагравае і натхняе мноства людзей, пытацца пра сутнасць паняцця «чалавек-зорка». Пра жоўтую прэсу як інтрыгі д’ябла, пра тое, чаму «Серебряная свадьба» свядома адмовілася ад вялікага поспеху і такіх жа вялікіх грошай — у гутарцы з цудоўным чалавекам, які вельмі прасіў не называць яго «зоркай».

— Ох, я наогул пра гэтую тэму, пра “зорнасць” і ўсё такое, ніколі не задумвалася. Паспрабую… Зорка — гэта нешта, што выпраменьвае святло, і ў гэтым сэнсе яркая асоба — таксама «зорка», — разважае Бенька. — Гэта чалавек, напоўнены ўнутраным святлом. Святло ў дадзеным выпадку не абавязкова азначае нешта добрае, літаральна светлае. Гаворка ідзе хутчэй пра ўнутраны запал, пра яркія ідэі, нястрымную энергію. Яшчэ «зоркай» можа лічыцца любы чалавек, якога ў сваёй прасторы заслужана (!) прызнаюць найлепшым. Але «зорка» можа быць і спрадусаваным прадуктам, створаным для прыцягнення ўвагі масавай аўдыторыі. Таму ў кожным канкрэтным выпадку трэба разумець, пра якую “зорнасць” мы гаворым.

— Хто працуе над стварэннем “зорак” з нічога? СМІ, прадусары?

— Не, усё ж такі “зорку” з нічога зрабіць нельга. Зорка — гэта заўсёды яркі, магутны, выключны чалавек. Яго светапогляд можа быць спрэчным, яго творчасць можа мець розную мастацкую каштоўнасць, розны інтэлектуальны ўзровень, але ўсё роўна гэта заўсёды асоба. Але і ролі прадусараў і СМІ я б не змяншала. Яны, вядома, уплываюць на ўзровень папулярнасці, на «агранку» таленту, на яго адпаведнасць неабходным масаваму гледачу, правераным, найбольш прадуктыўным стандартам.

— Табе б хацелася мець грошы, славу — усё, што мае, напрыклад, Мадонна? Хацелася б дамагчыся такога ўзроўню паспяховасці?

— Ой, не ведаю. Ды і прыклад такі, я б сказала, раптоўны… Вось Мік Джагер, Элвіс Прэслі, Сэзарыя Эвора, Эдыт Піяф … Усе яны-па-сапраўднаму магутныя, мэтанакіраваныя і лёсам абраныя людзі. Ды і наогул, думаю, такі чалавек павінен з самага першага дня жыцця адчуваць сябе «зоркай» і ўсё жыццё ісці шляхам знакамітасці. Гэта ж вялікая адказнасць! Для гэтага наогул павінная быць нейкая асаблівая група крыві. Каралеўская. А я ў сабе яе не адчуваю. У мяне наогул іншыя арыентыры. Вось, напрыклад, паэт Алег Грыгор’еў або Аляксей Хвасценка. Яны ж не «зоркі» ў агульнапрынятым сэнсе: іх ведае абмежаванае кола людзей. Але гэта, мабыць, іх ніколі і не турбавала. Яны проста пражылі сваё жыццё — усё, ад пачатку да канца ў адным ключы, не здраджваючы сабе, робячы тое, чаго не маглі не рабіць. Вось так бы пражыць, і дзякуй Богу.

— А ад чаго залежыць тое, каго назавуць «зоркай» у звыклым сэнсе: ад густаў грамадства, ад прадусараў? Чаму Кіркораў — «зорка», а Леанід Фёдараў — не?

— Чаму ж? У свеце альтэрнатыўнай музыкі Фёдараў, бясспрэчна, зорка. А Кіркораў — зорка поп-музыкі. Кожны з іх яркі і цікавы ў сваёй галактыцы.

— Наколькі важным для цябе было б прызнанне тых, каго ты лічыш сваімі аўтарытэтамі? Не крыўдна табе, скажам, за Хвасценку, які не атрымаў шырокай славы і матэрыяльнага дабрабыту?

— Гэта зусім не важна. Важна іншае: творчы чалавек знаходзіцца ў пастаянным напружанні і трывозе ад таго, што сам па сабе ён — толькі нікчэмны чарвяк, і калі адабраць у яго дар, ён ператвараецца ў нішто. А гэта адбываецца часта: толькі што чалавек пісаў цудоўныя вершы, і раптам у яго скончыўся запал, ён не можа больш пісаць, ён робіцца нікім. Дык вось, мне думаецца, сапраўдны творчы чалавек сочыць толькі за тым, каб не «засмечваўся» яго радыёпрымач, які прымае боскія хвалі. І нішто іншае для яго не важна. Ён можа жыць без сям’і, без грошай, без сусветнай славы, але не можа жыць без свайго дару, інакш загіне. Таму ніхто з паважаных мною людзей не думаў пра тое, як бы ім стаць «зоркамі».

— Як ты ставішся да таго, што «Серебряная свадьба» была б сёння паспяховай, багатай і «зорнай» групай, калі б у Беларусі шоу-бізнэс развіваўся паводле правільных законаў?

— Можа, так, а можа, і не. Наогул, што такое шоу-бізнэс? Індустрыя забаваў, арганізацыя усякіх шоу, г.зн. відовішчных, яркіх прадстаўленняў з абавязковай камерцыйнай скіраванасцю. Таму абсалютная большасць удзельнікаў гэтага велізарнага механізму абавязаная вельмі прагматычна выбудоўваць свой творчы працэс, арыентуючыся на запыты шырокай аўдыторыі. А гэта адразу накладвае абавязак адпавядаць зацверджанаму ладу. Пазбаўляе магчымасці пошуку, эксперыменту, пазбаўляе права на няўдачу, на перадышку, увогуле на арганічнае і паступовае развіццё. А мы рухаемся менавіта па такім шляху.

— Прынята меркаваць, што ўсе добрыя музыкі ад нас абавязкова пераедуць у Расію ці Еўропу. Але «Серебряная свадьба» застаецца на радзіме.

У мяне ёсць толькі адна жыццёвая праграма: не парушаць унутранай цэльнасці і не забываць пры гэтым музычныя інструменты на аўтобусных прыпынках. У дадзены момант тут мне значна камфортней працаваць, тут няма гэтай шалёнай напругі і барацьбы за выжыванне. Тут, мне здаецца, прасцей заставацца сабой. Але насампэч мы вельмі шмат часу праводзім у падарожжах і паездках.

— Табе хацелася б, каб сітуацыя ў беларускай музыцы змянілася настолькі, каб тут было ўсё як у Амерыцы: таленавіты, руплівы музыка атрымлівае заслужаную славу і грошы?

— Было б цудоўна, бо ў нас шмат выдатных музыкантаў і наогул аўтарытэтных і кампетэнтных людзей! Але я зноў такі не ўпэўненая, ці любому чалавеку на карысць прызнанне і слава, а асабліва матэрыяльныя даброты. Чалавек — істота непрадказальная, і глыбінныя механізмы творчага працэсу неспасцігальныя. Можа, камусьці патрэбен поўны п..здзец для натхнення.

— Магчыма, слава патрэбная не ўсім, але пакуль нават самыя годныя з беларускіх музыкаў мала вядомыя ў свеце.

— Я думаю, што ў свеце сёння столькі інфармацыі, што ўжо і не трэба яе так актыўна памнажаць. Я за лакальную інфармацыйную прастору. Уявіце: чалавек — самы звычайны прыродны чалавек, без самалётаў і цягнікоў — вось ён стаіць, загорнуты ў звярыны кажушок. Куды ён можа дайсці пешшу? Не вельмі далёка. На паляванне або ў суседняе паселішча па нявесту, але ўсе гэтыя адлегласці ён павінен прайсці пешшу. І ў мяне ёсць тэорыя аб тым, што кожны чалавек павінен функцыянаваць на тэрыторыі сваёй пешай прасторы. Як у мурашніку, дзе ёсць свае працоўныя і тыя, што бяруць на сябе інтэлектуальныя функцыі або функцыі воінаў, ёсць тыя, хто нарадзіўся быць песняром… І навошта шукаць некага ўдалечыні, калі побач заўсёды ёсць чалавек, здольны асвяціць сваім дарам хай нават невялікую колькасць людзей?

Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч