Як (не) стаць геніем? «Зоркі» Адама Глобуса

Чытаць кнігі з серыі «Жизнь замечательных людей» — не значыць самому быць «замечательным человеком». Затое адзін «замечательный человек» — можа напісаць пра іншых. Добра напісаць. Бо зверне ўвагу не на гады жыцця і дзе хто вучыўся, а на сапраўднае і важнае. А што — важнае?

«Zorki»

У выдавецтве «Логвінаў» выйшла кніга Адама Глобуса «Зоркі». Амаль кішэнны томік — падарожная кніжыца. Глобус найлепш чытаецца ў падарожжах ці кавярнях, па-за домам. Галоўнае не рабіць памылку і не чытаць усю кнігу «нагбом», на раз. Гэта тэкст, які трэба смакаваць — пакрысе, як добрае пітво.

Імпрэсіянізм у фатаграфіі, канвертаваны ў тэкст

Кароткія тэксты кнігі нагадваюць стужкавыя фотаздымкі, зробленыя ў дынаміцы, таму — змазаныя. Калі бачыш сілуэт, а рэшту дадумваеш сам. Або — эфект падвойнай экспазіцыі, кадр накладзены на кадр. Так, з плакату Цоя на нас глядзіць Сан-Сяргеіч Пушкін. Затое прыгожа. Імпрэсіянізм у фатаграфіі, канвертаваны ў тэкст.

«Пікаса любіў рэчы. Шанаваў рэчаіснасць і рэчывы. Ён быў страшэнны матэрыяліст ды ўласнік, а праз гэта і пабойваўся злодзеяў. Страх перад крадзяжамі і цяпер захоўваецца ў музеях Пабла Пікаса», — чытаеш і бачыш Пікаса з галавы да ног. Што яшчэ трэба?

Героі кнігі: Шэкспір, Хармс, Янкоўскі, Леанарда, Барткевіч і нават — Цой. Цяжка сабе ўявіць больш стракатую кампанію. Але гэтым людзям, напэўна, было б пра што разам паразмаўляць. Ці — памаўчаць. Іх аб’ядноўвае не нацыянальнасць або прыналежнасць да палітычнага цэху, а натура. Маштаб асобы.

zorki-02.jpgФота з інстаграма крамы bukinistka

Уражанні майстра ад майстроў

Што робіць асобу маштабнай? Песні Цоя будуць гучаць у падземных пераходах, пакуль там будуць граць на гітары. Заўжды. За іх плацяць — кідаюць манету. Плацяць, значыць любяць. У парыжскі Луўр заўжды будуць стаяць чэргі. Гэта месцы, аўтары, мелодыі, якім не патрэбная рэклама. Іх саміх — выкарыстоўваюць у рэкламе.

Таму творчасць геніяў немагчыма запакаваць у «аўтарскія правы». Немагчыма забараніць іх выкарыстанне: прыйдзецца ваяваць і судзіцца з усім светам.

Тлумачыць гэтую творчасць, як і «сакрэт геніяльнасці», таксама не мае сэнсу. Яно добрае, бо — «заходзіць». А сам ты можаш толькі апісваць свае ўражанні ад убачанага ці пачутага. Не адняць, не дадаць.

Кніга Глобуса — гэта не партрэты з біяграфіямі. Гэта ўражанні майстра ад іншых майстроў. Аўтар нібы ходзіць па партрэтнай галерэі і размаўляе… Не, не з партрэтамі, а сам з сабою — праз партрэты. Шэптам.

Усе бульбаеды ў свеце — Ван Гога

«Buĺbajedy»
«Бульбаеды», карціна Вінсэнта Ван Гога. Крыніца: Вікіпедыя

«Ван Гог ствараў і стварыў цэлы свет. Ёсць крэсла Ван Гога, чаравікі Ван Гога, сонца Ван Гога, касачы Ван Гога, сланечнікі Ван Гога, бульбаеды Ван Гога… Часам пачынае здавацца, што ўсе сланечнікі ў свеце вангогаўскія, усе бульбаеды ў свеце вангогаўскія і ўсе касачы ягоныя» — піша Глобус.

Ці прыўлашчвае творца свет, калі засявае яго сваімі касачамі ды засяляе сваімі бульбаедамі? А можа — гэта гісторыя пра Адама з сотнямі абліччаў, які раздае імёны жывёлам і раслінам? Даць імя — гэта таксама акт стварэння, сакрум. Дык ці не зашмат бяруць на сябе творцы? Усе гэтыя «д’ябла пікасы»?.. Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні — пашукайце ў кнізе.

А вось чаго ў кнізе няма, дык гэта — рэцэптаў: «Як стаць геніем?» ці «Як выгадаваць дзяцей вундэркіндамі?». Вось тут — не па адрасе. Адразаючы сабе вуха — не станеш Ван Гогам. П’ючы як Віктар Папкоў — не станеш Папковым. Збіраючы паштоўкі з тварамі акцёраў — не станеш акцёрам. Паўтараць шлях генія — не значыць стаць геніем.

З іншага боку, кожны мастак, напэўна, мае «нагуляць апетыт», вандруючы па галерэях з прыгожымі абразамі ў рамах. Вока, натуральна, прывыкае да прыгожага. Таксама і з кнігамі. Чытайце прыгожае і вартае. А ўсё астатняе — не чытайце. Тады і страўнік па начах не будзе вурчаць.