У Варшаве адбудзецца цырымонія прэміі імя Наталлі Арсенневай

Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў запрашаюць на цырымонію ўручэння прэміі імя Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу, якая сёлета адбудзецца 27 траўня 2026 года ў Новым Тэатры ў Варшаве.

Afiša

Імпрэза мае дзве галоўныя мэты: адзначыць найлепшую паэтычную кнігу, напісаную па-беларуску, і ўшанаваць памяць Наталлі Арсенневай — выбітнай паэткі, чыя спадчына працягвае натхняць новыя пакаленні беларусаў па ўсім свеце.

У гэтым годзе прэмія адзначае дзясяты, юбілейны сезон!

У праграме вечарыны вас чакаюць: выступы шортлістараў, абвяшчэнне лаўрэата, музычная праграма ад гурта «Lity Taler», кніжны кірмаш ад беларускіх выдаўцоў.

Дзе і калі?

Калі: 27 траўня 2026 года (серада), 19:00

Дзе: Новы Тэатр у Варшаве (ul. Madalińskiego 10/16)

Мова імпрэзы: беларуская (для гасцей будуць даступныя праграмкі па-польску)

Уваход: вольны

Кароткі спіс прэміі:

  • Кніга Ігара Кулікова «Нетутэйшая далечыня» (Янушкевіч, 2025)
  • Кніга Іллі Кульбіцкага «Хроніка адмаўлення пустаты» (Skaryna Press, 2025)
  • Кніга Макса Шчура «Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025» (SayBeat, 2025)

Журы прэміі

Žury premii imia Natalli Arsiennievaj

Сёлета ў журы — пяцёра майстраў слова. Сярод публічных удзельнікаў:

Дар’я Бялькевіч — паэтка, перакладчыца, аўтарка песень, арт-менеджарка

Наста Кудасава — паэтка, перакладчыца

Віталь Рыжкоў — паэт, перакладчык, арганізатар літаратурных праектаў

Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, літаратуразнаўца

Цырымонія

Музычная праграма будзе прадстаўленая гуртом сярэднявечнай і фолкавай музыкі «Lity Taler».

Вядоўца цырымоніі — аўдыявыдаўца, акторка, дыктарка Крысціна Дробыш.

На кніжным кірмашы можна будзе набыць кнігі выдавецтваў «Янушкевіч», «RozUM Media», «Studio Magenta», «SayBeat», «Tradycyja», «Gutenberg Publisher», «Połackija Łabirynty», кнігарні Новага Тэатра «Nowa Księgarnia».

Вечар пройдзе ў традыцыйнай для прэміі блакітна-нябеснай гаме — арганізатары будуць вельмі радыя пабачыць гэтыя колеры ў строях ці аксесуарах гасцей.