Трагедыя Чорнай царквы. Як у 1920‑я навукоўцы спрабавалі ўратаваць помнікі БССР ад пралетарыяў

Пасля Першай сусветнай вайны і рэвалюцыйных падзей беларуская спадчына апынулася на мяжы знішчэння. Шляхецкія сядзібы рабаваліся, а ўнікальныя дакументы ішлі на сыравіну для фабрык. У гэтых умовах купка навукоўцаў пачала маштабную кампанію па інвентарызацыі і выратаванні таго, што яшчэ можна было захаваць, але сутыкнуліся з поўнай абыякавасцю ўладаў. Гэта мела катастрафічныя наступствы для культуры, піша «Наша Ніва».

Čornaja carkva ŭ Viciebsku na maliunku Eĺ Lisickaha
Чорная царква ў Віцебску на малюнку Эль Лісіцкага. 1910 г. Разбурэнне гэтага храма ў другой палове 1920‑х гадоў стала сімвалам бездапаможнасці і марнасці высілкаў беларускай інтэлігенцыі ў спробе захавання гістарычнай спадчыны перад ідэалагічнымі інтарэсамі савецкай дзяржавы. Фота: Wikimedia Commons

Як піша Сцяпан Захаркевіч у сваім даследаванні, апублікаваным у альманаху Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, працэс фарміравання ахоўнай сістэмы пачаўся адразу пасля стварэння ССРБ у 1919 годзе.

Пасля Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі сітуацыя са спадчынай на беларускіх землях была крытычнай. Шляхецкія маёнткі стаялі разрабаваныя, багатыя бібліятэкі і мастацкія калекцыі разыходзіліся па свеце. Былі расцярушаныя зборы Магілёўскага царкоўна-археалагічнага музея і Губернскага статыстычнага камітэта, а шматлікія архівы банальна ператвараліся ў сыравіну для папяровых прадпрыемстваў.

Ратаваць сітуацыю на ўсходзе краіны ўзяўся этнограф і археолаг Ісак Сербаў, які ўзначаліў адпаведную секцыю ў Магілёве. Ён звярнуўся да грамадзян з заклікам здаваць гістарычныя лісты, мемуары, маніфесты і карціны. Разам са знакамітым архівістам Дзмітрыем Даўгялам Сербаў здолеў арганізаваць збор рарытэтаў з усёй губерні ў былым доме Кальніна на Малой Садовай вуліцы. За кароткі час навукоўцы сабралі і каталагізавалі каля васьмідзесяці тысяч кніг, звыш сотні старадаўніх дакументаў XV–XVI стагоддзяў, сфарміравалі нумізматычныя і геральдычныя калекцыі, абсталявалі археалагічныя і этнаграфічныя экспазіцыі.

Улетку 1919 года цэнтр гэтай працы перамясціўся ў Гомель, дзе спецыялісты заняліся ў тым ліку аднаўленнем і абаронай ад самавольных канфіскацый палаца Паскевічаў.

Наступны этап інстытуцыяналізацыі пачаўся ў снежні 1923 года з прыняцця Саветам народных камісараў пастановы аб абавязковай рэгістрацыі помнікаў і строгай забароне іх продажу за мяжу. Спярша гэтымі пытаннямі займалася Навукова-мастацкая экспертная камісія пры Наркамаце асветы, аднак у лютым 1925 года з ініцыятывы Усевалада Ігнатоўскага цэнтр ахоўнай працы быў лагічна перанесены ў Інстытут беларускай культуры.

Пры Інбелкульце стварылі пастаянную Камісію па ахове помнікаў старасветчыны, мастацтва і прыроды. Яе кіраўніком стаў сацыёлаг і этнолаг Саламон Кацэнбоген, за прыродныя аб’екты адказваў географ Міхась Грамыка, а ўсю паточную працу па гістарычных помніках узяў на сябе Ісак Сербаў на пасадзе навуковага сакратара.

Праца новай структуры пачалася з вызначэння ўласных паўнамоцтваў. Грамыка спачатку лічыў, што камісія павінна абмяжоўвацца толькі фіксацыяй і апісаннем аб’ектаў, аднак Сербаў і Кацэнбоген настаялі на больш шырокіх функцыях, якія ўключалі непасрэдную ахову.

Ужо ў сакавіку 1925 года Сербаў прапанаваў канчаткова ліквідаваць старую экспертную камісію пры Наркамасвеце і сканцэнтраваць усе архівы і рычагі кіравання ў руках Інбелкульта. Гэта дазволіла беларускім навукоўцам перайсці ад хаатычнага выратавання асобных прадметаў да стварэння сістэмнага дзяржаўнага ўліку гістарычнай спадчыны.

Як працавала камісія Інбелкульта

Новаствораная камісія Інбелкульта не мела ні вялікага штату, ні належнага фінансавання, таму навукоўцы зрабілі стаўку на масавую інвентарызацыю сіламі грамадскасці і мясцовых улад. Галоўнай зброяй у гэтай працы сталі спецыяльныя анкеты.

Ісак Сербаў распрацаваў «Апытальны ліст па выяўленні помнікаў старасветчыны, культуры, мастацтва і прыроды», які мусіў быць разасланы ў сельсаветы, лясніцтвы і краязнаўчыя арганізацыі. Мясцовыя органы павінны былі сабраць звесткі на агульных сходах і даслаць дакументы ў Наркамасвету.

Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, камісія надрукавала і разаслала па паветах 8 тысяч такіх бланкаў.

Гэты падыход даў нечакана добры вынік: ужо ў канцы 1924 года Сербаў адзначаў, што дзякуючы анкетам на ўлік удалося паставіць каля 75% усіх культурных і прыродных помнікаў краіны.

Prezidyum Historyka-archiealahičnaj siekcyi Inbielkuĺta. 1926 h.
Прэзідыум Гісторыка-археалагічнай секцыі Інбелкульта. 1926 г. Злева направа: Ісак Сербаў, Міхаіл Мароз, Васіль Дружчыц, Дзмітрый Даўгяла. Фота: Wikimedia Commons

Паралельна спецыялісты Інбелкульта змагаліся з анархіяй на месцах. Сербаў звяртаў увагу на тое, што загадчыкі школ, настаўнікі і прыватныя асобы часта раскопваюць курганы і гарадзішчы без аніякага дазволу, і гэтае руйнаванне часта не толькі адбывалася на вачах улад, але і ўхвалялася ў прэсе. Каб спыніць «чорных», а дакладней, «чырвоных капачоў», камісія ініцыявала рассылку па ўсіх раёнах цыркулярнага распараджэння аб адказнасці ўлад за ахову помнікаў, дадаўшы да яго спецыяльную інструкцыю.

Навукоўцы таксама імкнуліся ўратаваць спадчыну сталіцы. Спецыяльная камісія, якая абследавала Замкавую гару ў Менску (у яе склад уваходзіў у тым ліку паэт Уладзімір Дубоўка), запатрабавала прыбраць смецце, знесці драўляныя халупы, выселіць кузню з будынка былога гродскага суда і стварыць на гары зону адпачынку. Увага камісіі ахоплівала і іншыя значныя менскія аб’екты: Кацярынінскую царкву, Халодную сінагогу, касцёлы, дамы масонаў і Пятра Вялікага.

Budynak hrodskaha suda na Mienskim zamčyščy
Будынак гродскага суда на Менскім замчышчы. Фота: Wikimedia Commons

Да 1927 года дзякуючы анкетам і экспедыцыям камісіі ўдалося не толькі выявіць, але і скласці тэхнічныя апісанні соцень аб’ектаў. Было зарэгістравана 270 помнікаў, з якіх 198 складалі будынкі, гарадзішчы, замчышчы і магільнікі. Зробленыя фатаграфіі (толькі Менска і ваколіц каля трохсот) і сабраныя звесткі павінны былі стаць асновай для манаграфіі «Менск у дагістарычныя часы, уключна да ХІІ ст.», рукапіс якой Сербаў падрыхтаваў у 1927 годзе, але які, на жаль, так і не быў надрукаваны.

Трагедыя Чорнай царквы ў Віцебску

Знішчэнне віцебскай Свята-Траецкай царквы, вядомай у горадзе як «Чорная» праз пацямнелую ад часу шалёўку, стала сімвалам бяссілля навукоўцаў перад савецкай бюракратыяй. Гэты ўнікальны драўляны храм, перабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, яшчэ ў ліпені 1926 года быў афіцыйна ўзяты пад дзяржаўную ахову. Аднак мясцовы выканкам не вылучаў на яго рамонт ні капейкі. Больш за тое, улады свядома ігнаравалі просьбы вернікаў мясцовай грамады, якія прасілі дазволіць аднавіць будынак за ўласныя сродкі.

Čornaja carkva ŭ Viciebsku paslia taho, jak abvaliŭsia jaje kupal. 1927 h.
Чорная царква ў Віцебску пасля таго, як абваліўся яе купал. 1927 г. Фота: Wikimedia Commons

Čornaja carkva ŭ Viciebsku paslia taho, jak abvaliŭsia jaje kupal. 1927 h.
Чорная царква ў Віцебску пасля таго, як абваліўся яе купал. 1927 г. Фота: Wikimedia Commons

У выніку такога наўмыснага ігнаравання ў 1927 годзе купал царквы абваліўся, пахаваўшы пад сабой алтар і іканастас беларускага пісьма. Скарыстаўшыся аварыйным станам, віцебскія чыноўнікі пастанавілі, што помнік больш не ўяўляе гістарычнай і архітэктурнай каштоўнасці. Улетку 1928 года царкву канчаткова разабралі, а драўляныя рэшткі ўнікальнага храма проста звезлі ў двор камунальнага дома на апал.

Яскравай дэталлю тагачасных нораваў стаў эпізод, апісаны ў газеце «Рабочы». Падчас разбірання будынка пралетарыі знайшлі пад падлогай старое пахаванне, разарвалі знойдзены на шкілеце пояс і выцягнулі каштоўную брошку з рубінам, якая без следу знікла.

Прадстаўнікі краязнаўчага таварыства і ўпаўнаважаныя органы аховы помнікаў маглі толькі бездапаможна прысутнічаць пры гэтым варварстве, складаючы сухія акты ды ратуючы ацалелыя рэшткі абразоў для перадачы ў музей. Камісія Інбелкульта слала запыты і патрабаванні ў Віцебск, але ўлады іх проста праігнаравалі.

Сметнік на месцы алтара ХІІ стагоддзя

Гісторыя драўлянай віцебскай царквы не была выключэннем. З такой жа сцяной навукоўцы сутыкнуліся і пры спробе ўратаваць найкаштоўнейшыя помнікі часоў Полацкага Княства.

У дакументах Камісіі за 1925 год фіксуюцца трывожныя даклады Ісака Сербава аб тым, што мясцовае насельніцтва пры папушчальніцтве ўлад разбірае на будматэрыялы Барысаглебскую і Пятніцкую цэрквы Бельчыцкага манастыра ў Полацку — унікальныя мураваныя храмы ХІІ стагоддзя.

Piatnickaja carkva z prybudavanaj trapieznaj i zvanicaj na zdymku pačatku XX stahoddzia
Пятніцкая царква з прыбудаванай трапезнай і званіцай на здымку пачатку XX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Інбелкульт спрабаваў біць у званы: навукоўцы звярталіся ў Савет народных камісараў з патрабаваннем прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасці, распрацоўвалі праекты рамонту і спрабавалі даручыць ахову краязнаўчаму таварыству. Але ўсе гэтыя папяровыя намаганні разбіліся аб рэальнасць. Помнікі былі канчаткова знішчаныя менавіта ў канцы 1920‑х — пачатку 1930‑х гадоў.

Piatnickaja carkva
Па стане на 1928 год Пятніцкая царква ўжо ўяўляла сабой руіну, на сценах якой яшчэ захоўваліся старажытныя фрэскі. Фота: Wikimedia Commons

Трагічны вынік тагачаснай дзяржаўнай палітыкі раскрылі літаральна летась. Як мы пісалі раней, у 2025 годзе падчас першых за трыццаць гадоў археалагічных раскопак на месцы Бельчыцкага манастыра беларуска-расійская экспедыцыя раскапала падмуркі той самай Пятніцкай царквы, якую марна спрабаваў абараніць Інбелкульт. Археолагі ўбачылі фінал тых помнікаў: ад муроў ХІІ стагоддзя засталіся толькі два камяні, а проста на месцы храма арганізавалі глыбокую гарадскую сметніцу, куды скідалі адкіды ажно да 1960‑х гадоў.

Сакрэтная пастанова аб узмацненні кантролю

Сапраўдныя прычыны паразы беларускіх навукоўцаў хаваліся не толькі ў фінансавай плоскасці, але і ў глыбокім ідэалагічным канфлікце з уладай.

Для гісторыкаў, этнографаў і мастацтвазнаўцаў абарона спадчыны была прафесійным абавязкам і справай нацыянальнага гонару. Бальшавіцкія ж органы хутка ўбачылі ў гэтым краязнаўчым імпэце палітычную пагрозу.

Яшчэ за некалькі дзён да адкрыцця Першага ўсебеларускага краязнаўчага з’езда, у лютым 1926 года, адбылося закрытае пасяджэнне Бюро ЦК КП(б)Б з удзелам прадстаўнікоў ДПУ. На ім партыйнае кіраўніцтва прыняло сакрэтную пастанову аб узмацненні кантролю за Інбелкультам, прызнаўшы частку яго дзейнасці варожай савецкай уладзе.

Razburanaja carkva i iraničnyja zaŭvahi karespandenta Inbielkuĺta
Разбураная царква і іранічныя заўвагі карэспандэнта Інбелкульта. Фота: з працы Захаркевіча

Ціск пачаў расці знутры. На пасяджэннях камісіі ўсё часцей сталі з’яўляцца актыўныя камуністы, якія патрабавалі перанесці ўвагу са старасветчыны і культавых будынкаў на помнікі рэвалюцыйнай героікі.

Супрацоўнік Інбелкульта Яўхім Кіпель пазней згадваў у сваіх мемуарах пра рэзкія сутычкі паміж беларускімі і расійскімі дзеячамі менавіта ў помнікавай секцыі.

У 1927 годзе пачалася рэформа Інбелкульта, якая суправаджалася татальным узмацненнем дзяржаўнага кантролю за навукай. Функцыі аховы спадчыны перадалі бюракратычнаму апарату — Галоўнаму ўпраўленню навукі Наркамасветы БССР.

Старую камісію, якая трымалася на энтузіязме Ісака Сербава і яго калег, проста распусцілі. У чэрвені таго ж года Сербаў здаў чыноўнікам увесь сабраны архіў дакументаў і анкет, лёс якога да сёння застаецца невядомым.

Сацыялістычныя і ідэалагічныя мэты канчаткова перамаглі нацыянальны праект, пакінуўшы гістарычную спадчыну краіны безабароннай перад надыходзячай хваляй рэпрэсій і індустрыялізацыі.