Журналістка Ліза Сагал піша для budzma.org пра тое, як паводзіцца падчас затрымання і не трапіць у прорву экзістэнцыйнай віны.
Пачуццё віны — тое, што робіць нас людзьмі. Калі мы не ўпэўненыя ў сабе, сумняваемся і займаемся самакапаннем, гэта кажа пра тое, што мы здаровыя. Аднак кантэкст апошніх падзей спрыяе таму, каб з вялікай увагай паставіцца да ўласнага адчування віны: яно мусіць перастаць быць чымсьці ірацыянальным, што кантралюе нас і прымушае адчуваць сябе злачынцам.
Калі сілавыя структуры дэманізуюцца ва ўспрыманні грамадства, гэта, з аднаго боку, спрыяе росту пратэстаў, але з іншага — правакуе яшчэ большы страх перад сілавікамі. Тыя, хто затрымлівае, носяць маскі або балаклавы — мы не ведаем, хто за імі хаваецца. Самы страшны кашмар такім і павінен быць: нявызначаным, каб можна было праваліцца ў жах ад няведання. Сілавікі носяць камеры, каб людзі думалі, быццам за імі нехта назірае. Але ўзнікае пытанне: хто ўвесь гэты матэрыял глядзіць? Ці ёсць упэўненасць у тым, што ў Беларусі выкарыстоўваецца сістэма распазнавання асоб? Ці, можа, яны, як у фільмах, глядзяць гэтыя відэа і імкнуцца запомніць кожнага, хто быў на пратэстах?
Мы таксама бачым, што цяпер, пасля падзей першых трох дзён пратэсту, сілавікі сталі больш акуратнымі. Антон Матолька ў сваім тэлеграм-канале згадаў, што яны пачалі сціраць фатаграфіі з камер, таму што баяцца скаргаў і разбіральніцтваў. Наша судовая сістэма хоць і спецыфічная, але працуе, і яны пра гэта ведаюць. Таму калі вы здымаеце сілавікоў у адказ, цалкам імаверна, што яны баяцца мацней, чым вы.
Калі 29 жніўня мы ўбачылі, як АМАП «гуляе ў ручаёк» і «водзіць карагод» падчас першага жаночага маршу, шмат хто пачаў сумнявацца, што праваахоўныя органы ведаюць, што робяць.
Сілавыя структуры не былі падрыхтаваныя да жаночых маршаў, і гэта дакладна не адзіны выпадак, калі сілавікі разгубленыя. Уявіце іх побыт: у іх таксама ёсць дом, жонкі, якія іх «пілуюць», патрабуюць пагаварыць з імі, калі не хочацца. Дзеці, якія не могуць адарвацца ад тэлефонаў. Гэтыя людзі стасуюцца ў бацькоўскіх чатах, іх злуюць настаўнікі, якія просяць прыйсці паклеіць шпалеры ці ўцяпліць вокны. І, магчыма, сілавікі гэта робяць і адчуваюць сябе пасля добрымі людзьмі.
Мяркую, што яны, гэтак жа як і мы, задаюцца пытаннямі дабра і зла, але ў іх выпадку існуе адназначная ісціна, якую нясуць старэйшыя па званні. Пры сустрэчы з адукаванымі сілавікамі няцяжка ўпасці ў сумневы з нагоды ўласнай рацыі. «Можа, я сапраўды злачынец?»
Але экзістэнцыйную віну трэба браць пад кантроль. Ідзіце да адваката і раскажыце яму пра ўсе свае грамадзянскія грахі. Адвакат скажа, ці падпадаеце вы пад які-небудзь артыкул Крымінальнага або Грамадзянскага кодэкса, і дасць парады. Тут адвакат выступае ў якасці псіхатэрапеўта: ён прафесіянал у прававым полі і ведае, дзе пакуты вашага сумлення апраўданыя, а дзе — выдуманыя.
Калі я расказала, што падчас вобшуку заплечніка спрабавала схаваць візітоўку знаёмага журналіста ў красовак, адвакат спытаў: «Навошта?» Таму што я думаю, што яны шмат пра мяне ведаюць. А яны пра мяне не ведаюць нічога. І пра вас таксама.
Калі вы баіцеся затрымання, зрабіце дамову з адвакатам (цяпер шмат хто з іх робіць гэта бясплатна, пакуль адвакат асабіста не спатрэбіцца на судзе). Падчас затрымання вы зможаце паказаць дамову і заявіць, што адмаўляецеся ад паказанняў без адваката.
Будзьце гатовыя да таго, што сілавікі будуць задаваць адно і тое ж пытанне тысячу разоў. Яны робяць гэта для таго, каб націснуць на вас, каб вы спалохаліся і зламаліся. Не вядзіцеся і не давайце віне і страху кантраляваць сябе. Памятайце: яны робяць гэта не таму, што асабіста вы ў чымсьці правініліся, а таму, што для іх прыйшоў час адпрацоўваць інструкцыю. Вы не абавязаныя адказваць на пытанні, пакуль не распачаўся адміністрацыйны працэс і без прысутнасці вашага адваката. Вы маеце права маўчаць.
Магчыма, яны вас спытаюць, што вас не задавальняе ў краіне. І вось тут я асабіста зламалася і пачала тлумачыць, як хачу жыць у дэмакратычнай, багатай Беларусі. Мне параілі пачытаць падручнік па эканоміцы і пагладзілі па галаве. Дык вось, не ўступайце ў дыскусіі. Не трэба нічога тлумачыць, іх муштра мацнейшая за нашую адукацыю і аргументы з блогаў на YouTube. У вас не атрымаецца з імі пасябраваць. Вы можаце хацець размаўляць па-чалавечы, але яны — не.
Злавацца — гэта нармальна. Агрэсія — гэта базавы інстынкт, уласцівы ўсім жывым істотам. Калі за апошні месяц у вас з'явіліся (або развіліся) фантазіі пра гвалт — гэта нармальна. Гаворка ідзе не пра тое, каб гэтыя фантазіі рэалізоўваць, а пра тое, каб фіксаваць і аналізаваць уласны псіхічны стан. Не варта рабіць дзве рэчы: выплюхваць агрэсію на родных і блізкіх і адказваць агрэсіяй на дзеянні сілавікоў. Ні тое, ні другое не абяцае чагосьці станоўчага. Пастаўцеся да агрэсіі як да рэсурсу, які можна выкарыстоўваць для ўласнага развіцця. Калі вы злуяцеся, значыць сіл у вас хапае.
І апошняе. Вы ўсё яшчэ знаходзіцеся ў сябе дома. Беларусь — гэта ваш дом. Можна мець запасны план наконт таго, куды з'ехаць, але майце на ўвазе, што пэўным структурам гэта будзе выгадна. У такім выпадку, можа, не варта?
Высновы
1. Не варта баяцца камер у руках сілавікоў. У здымках уласных відэа заганнага таксама няма.
2. Адвакат — ваш тэрапеўт. Хай ён, а не ўнутраная віна, кантралюе вашую грамадзянскую пазіцыю.
3. Не ўступайце ў дыскусіі, пакуль не пачаўся адміністрацыйны працэс. Не апраўдвайцеся і не імкніцеся пераконваць сілавікоў.
4. Не выплюхвайце злосць на блізкіх і не адказвайце агрэсіяй на агрэсію. Гэта не працуе.
5. Памятайце, што вы дома. Тут вас любяць і чакаюць.
Ліза Сагал, budzma.org