У 2020 годзе шмат беларусаў перайшлі на беларускую мову, але зараз заўважаецца адкат. Пра стан беларускай мовы ў грамадстве ў эфіры «Еўрарадыё» разважае блогерка Ліза Ветрава. Тэкст паводле відэа запісала «Салідарнасць».
— Нават быў цыкл пастоў, дзе беларусы шчыра дзяліліся, што ў іх здарыўся адкат у беларускай мове, што яны сталі менш ёй карыстацца, — кажа Ліза. — Хтосьці з-за таго, што пераехаў у іншую краіну, хтосьці ў тым ліку з-за таго, што ў Беларусі з‘ехала асяроддзе.
Я думаю, што гэта насамрэч нармальна. Гэта цыкл жыцця: ёсць пад‘ёмы, ёсць спады, перыяд стагнацыі.
Таксама я заўважыла, што шмат хто з тых, хто ў 2020 пачаў рабіць кантэнт на беларускай мове, вяртаецца потым зноўку да расейскай. А людзям усё ж такі патрэбны прыклад. Таму калі блогер, які вёў свой кантэнт па-беларуску, рэзка пераходзіць на расейскую, безумоўна, шмат у каго будзе адмаўленне і адпіска, а хтосьці падумае: а што я? Я тут таксама перажываю пэўныя перашкоды, прымаю гэта.
Жывучы, напрыклад, у Беларусі і размаўляць па-беларуску — гэта заўсёды высілкі, намаганні. Дык навошта яны мне, падумае чалавек. Прасцей кнігі чытаць па-беларуску, а камунікаваць па-руску.
Вялікую ролю ў беларусізацыі, лічыць беларуска, граюць сацыяльныя сеткі.
— Я думаю, што калі чалавек пазіцыянуе сябе як беларус, то трэба хаця б намагацца ў сваім кантэнце рабіць 50/50, 40/60, але каб была прысутнасць беларускай мовы, каб людзі разумелі, што беларуская мова — гэта нармальна, і нават спалучэнне беларускай з расейскай — гэта таксама нармальна ў абставінах, якія мы маем. Гэта прыклад астатнім людзям.
Так, на беларускую мову пераходзіць складана. Але потым вяртацца на расейскую не так проста, бо звыкаешся, асабліва калі ёсць асяроддзе. На жаль, не ва ўсіх ёсць асяроддзе, але мы можам рабіць яго анлайн.
Ветрава цалкам згодная з выказваннем пра тое, што мова з’яўляецца своеасаблівай зброяй.
— Паглядзець толькі, як расейцы абураюцца, што ў Беларусі ёсць нешта па-беларуску. Гэта абараняе нашыя межы і паказвае іншым народам, што мы розныя. Гэта плюс краіны — размаўляць на сваёй мове. І гэта сапраўды нас вылучае і бароніць нашы межы.
Я супраць таго, каб зараз, улічваючы ўсе ўмовы, адмаўляцца і забараняць расейскую (у нас будзе доўгі перыяд з дзвюма мовамі), але кірунак мусіць быць абраны для развіцця краіны на ўзмацненне пазіцый беларускай мовы.
Чытайце яшчэ: Выпадак Лізы Ветравай: як навучыць людзей мове, за выкарыстанне якой можна трапіць за краты