Карацей, пабіліся два Міцкевічы, Адам і Кастусь. Калі на кактэйль-вечарыне ў гонар былых валадароў дзяржавы расійскі імператар Аляксандр ІІІ паведаміў, што два мае землякі б’юцца, я спярша не паверыў – па-расійску ж я разумею слаба, можа, гэты Алекс нешта іншае меў на ўвазе. Але тады расіец паўтарыў па-лацінску. Кінуў я недапіты мёд на барную стойку і кінуўся да машыны часу. Якім іншым разам я б на гэтую бойку проста плюнуў, але толькі не цяпер. Перад іншаземцамі, ведаеце, няёмка, нават калі тыя іншаземцы – нашыя захопнікі.
Прыбягаю – сапраўды непрыемная сцэна бойкі двух, можна сказаць, аднафамільцаў, Адама і Кастуся. І, рыхтуючыся да хука ў Кастусёвае левае вока, Адам гэтак тэатральна мне кідае:
– Пакіньце, пане Усяславе, гэтую спрэчку славян міжсобку.
– Э, не, не пакіну! – загарачыўся я і гайда задзіраў разнімаць. Ледзьве даў рады.
– Што не падзялілі? – пытаюся, задыханы.
Міцкевіч, які Адам, кажа:
– Я тут паэму стварыў, “Пан Тадэвуш, ці Апошні наезд на Літве” – 2 гады, між іншага, працаваў, – і пачаў яе такімі словамі:
“Літва, мая Айчына! Ты нібы здароўе:
Цябе той цэніць, хто ўжо страціў!”
Хораша ж, га? А гэты паўтарака напісаў сваю паэму і скраў у мяне гэтыя радкі…
Але тут у гутарку ўмяшаўся Міцкевіч, які Кастусь:
– Я б гэтаму чалавеку не верыў, спадар Чарадзей. Нейкі двурушны. Кажа, з аднаго боку, што літвін, з другога ж – піша па-польску, а з трэцяга боку ўслаўляе старадаўнюю Літву, якая з чацвёртага боку насамрэч з’яўляецца Беларуссю. І яшчэ: так, я зрабіў уступ да маёй паэмы “Новая зямля”:
Мой родны кут, як ты мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы.
І нечым ён, прызнаюся, падобны да Адамавага. Але ў мяне ўсё празрыста і шчыра: гэтыя радкі я, беларус, напісаў па-беларуску і, што характэрна, напісаў пра Беларусь, якая і ў Афрыцы Беларусь.
– Э-э, пачакайце, пане Усяславе, не ўсё так з гэтым паэтам зразумела, не такі ён празрысты, як кажа, – устрапянуўся тут ужо Міцкевіч, які Адам. – А ці ведаеце вы, што ён толькі па пашпарце Кастусь Міцкевіч, а насамрэч яго ўсе клічуць Якубам Коласам?
І зноў мне давялося разнімаць літаратараў. Калі яны, убачыўшы мае іклы, трохі супакоіліся, я, пачухаўшы патыліцу, зазначыў:
– Хлопцы, нашто вашы сваркі і звады, калі я прыдумаў для вашых паэм агульны, камбінаваны ўступ. Вось паслухайце:
“Мой родны літ, як ты мне пільны!
Цябе той цэніць, хто ў Вільні!”