– Значыць, давайце, падсумуем, што мы ведаем, – сказаў Баян. Каб раскатурхаць грамаду,ён пачаў актыўна падымаць нас з офісных тронаў. Уключыў усё святло і нават пачаў паліваць са шланга.
– Прыйдзе апакаліпсіс, і яго арганізатарам будзе нейкая асоба з Беларусі, і гэта не Францішак Скарына, – мерна забубніў заяц праз сон.
– То бок жанчына? – удакладніў Баян.
– Чаму жанчына? – здзівіўся заяц і прачнуўся. Баянавыя словы яго раздражнілі.
– Ты сказаў “нейкая асоба”. А слова “асоба” – жаночага роду.
– Не, асоба – гэта яшчэ і мужчына, мой мілы пясняр, – мала не закіпеў заяц, і спыніла яго толькі тое, што Чорная Панна прынесла яму яшчэ адну філіжанку цынамонавай кавы.
– Добра, зая, то давай усю дыспазіцыю спачатку.
– Будзе апакаліпсіс, і яго арганізатарам выступіць нейкая асоба, жанчына ці мужчына, і гэта не Францішак Скарына.
– Ну, я ж сказаў жанчына!
Ад гэтай фразы ў зайца заторгаліся лапы. Прысутнасць Баяна яго відавочна нервавала.
Баян пачаў імпэтна тлумачыць:
– Ну, глядзі: арганізатар Апакаліпсісу – не Скарына. А вось як выглядае сам Скарына? Мужчына ў бярэтцы, халаце і вусах. Значыць, арганізатар канца свету – наадварот: проставалосая неадзетая бязвусая жанчына.
Раптам пачуўся грукат – гэта Чорная Панна выпусціла з рук запарнік з цынамонавай кавай. Пакуль я глядзеў, як яна збірае кававую гушчу і аскаболкі, заяц ужо ўчапіўся ў Баяна і душыў яго, прыгаворваючы: “Я табе, мовазнаўцу, пакажу проставалосую жанчыну без вусаў!”
Я кінуўся іх разнімаць.
– Рукі ўгору! – раптам пачуўся жаночы голас аднекуль з-за спіны.
Мы трое неяк так адразу паслухаліся таго голасу. Дык вось, азірнуўшыся, спярша мы ўбачылі толькі Чорную Панну, але праз якое імгненне за ёй згледзелі (Панна ж празрыстая!) Ефрасінню Полацкую ў белых шатах з аўтаматам у руках.
Хутчэй за іншых агойтаўся Заяц.
– Цётка Фрось, – сказаў ён голасам мульцяшнага звярка і смешна застрыг вушамі, – я пайду, добранька? Я ж усяго толькі зайчык, лясны жыхар, а вы, людцы, разбірайцеся тут самі, у мяне дома капуста не сабраная…
Сказаў і паспрабаваў даць дзерака праз заднія дзверы.
– Стаяць! – крыкнула ўжо прапрапрабабка Ефрасінні Рагнеда, што стаяла ля задніх дзвярэй са здаровым нажом.
– Дык мы нічога такога не зрабілі! – закрычаў я.
– Вось, напраўду! – сказала Рагнеда, і нож пагрозліва бліснуў у яе руках. – У гэтым уся бяда. Тысячагоддзе нашай гісторыі прайшло, і вызвяраючыся адно на аднаго, крыўдуючы на ўсіх і ўсё, вы так нічога прыстойнага ні халеры і не зрабілі!