Анастасія Рыдлеўская: «Выйшла на сцэну і падумала: у прынцыпе больш не ванітуе ад хвалявання, каленкі больш так не трасуцца»

Музыкантка і мастачка Анастасія Рыдлеўская распавяла Budzma.org пра працу над новымі кліпамі, усведамленне сябе ў якасці мультыдысцыплінарнай артысткі, бацькоў-язычнікаў і котку-эмігрантку.

Anastasija RydlieŭskajaАнастасія Рыдлеўкая. Фота: Alina klacayu_po_fotiku 

— Пасля выхаду вашага трэцяга альбома Snake Charmer («Заклінальніца змей») выйшаў кліп на кампазіцыю Isolde, у якім вы зазірнулі ў цёмны бок Купалля. Ці чакаць выхаду новых кліпаў на песні з апошняга альбома?

— Альбомам Snake Charmer я ганаруся, ён быццам бы жывая істота, якая цяпер развіваецца самастойна. Мяркую, альбом будзе толькі набіраць моц — асабліва з новымі кліпамі. Мы запланавалі яшчэ тры. Ужо ёсць рэжысёры, якія хацелі б паказаць сваё аўтарскае бачанне на песні з альбома. Мяне гэта шалёна радуе, паколькі я асабіста люблю, калі аўтарскае прачытанне песні татальна адрозніваецца ад таго, што я першапачаткова закладвала ў яе.

Тое, што рэжысёрка Даша Загорская зрабіла з Isolde, — яе рэжысёрскае бачанне, у якое немагчыма не закахацца. Я, канешне, не закладала ў песню ідэю пра ведзьму, якая спрабуе амаладзіцца праз рытуальнае забойства, і шмат іншага. Гэта была песня пра каханне і залежнасць. Але калі Даша дадала сваё бачанне і свае вобразы, то, мне здаецца, была створана цудоўная прастора, якая пашырыла сэнсы.

Таму вельмі чакаю, як наступныя рэжысёры прачытаюць мае песні і як пашыраць іх мастацкі ўніверсум. Хаця стварэнне кліпаў адбываецца не так хутка, як мы хацелі б. Што зразумела: усё робім за свой бюджэт, за данаты, якія ідуць ад маіх падпісчыкаў і прыхільнікаў. Працэс не суперхуткі, але ён ідзе і, паўтаруся, у планах стварэнне як мінімум трох кліпаў.

— А яшчэ раней, да выхаду паўнавартаснага альбома, быў кліп на Dance on my own.

— Я лічу, што кліп, які дапамагла стварыць каманда КЛІК, — першы з альбома. Мне здаецца, ён высілкамі Дашы Загорскай і задаў тон наступным.

— Раскажыце, калі ласка, яшчэ пра працэс стварэння кліпаў. Гэта ж каласальная праца, у якой, відаць, задзейнічаны дзясяткі чалавек?

— Насамрэч без Дашы і яе здольнасці арганізаваць таленавітых людзей, якія за ідэю гатовыя ствараць нешта маштабнае і выбітнае, мы наўрад ці справіліся б.

Я — вольны мастак, і сапраўды жыву са сваіх карцін і музыкі. І гэта цяжка (смяецца — Budzma.org). Я да гэтага часу здзіўляюся: як гэта ў мяне атрымліваецца? А яшчэ і кліпы ствараюцца... Мне раней здавалася, што гэта немагчыма: ну як мы гэта зробім?! Я да гэтага часу ў захапленні ад таго, як шмат людзей паверыла ў нашую музыку і вырашыла дапамагчы.

Anastasija RydlieŭskajaАнастасія Рыдлеўская, фота з асабістага архіву спявачкі

— Чарговы кліп ужо здымаецца, ці вы пакуль занятыя падрыхтоўкай?

— Цяпер ідзе падрыхтоўка. Нечаканай перашкодай для здымак другога кліпа стала надвор’е. У Варшаве пастаянна ішлі дажджы — а нам патрэбны былі 2-3 дні без іх, з сухім лесам. І калі раптам выпадала пару сонечных дзён, то члены каманды, на жаль, ужо былі занятыя іншымі справамі.

Таму працэс стварэння чарговага кліпа ідзе з затрымкай, а на астатнія два мы таксама збіраем зараз сродкі — праз Buy Me a Coffee. Працэс сапраўды патрабуе шмат высілкаў. Маскі, напрыклад, я рыхтавала сама, і шмат яшчэ чаго прыйдзецца ствараць сваімі рукамі.

Anastasija RydlieŭskajaАнастасія Рыдлеўская. Фота: Karol Makurat 

— Вясною, у красавіку, у Варшаве адбыўся ваш сольны канцэрт. Як прайшло?

— Мы былі здзіўленыя, што сабралі залю ў Вялікдзень — з беларусамі і палякамі.

Удзячная ўсім за падтрымку — здаецца, я ўпершыню адчула сябе на сцэне настолькі вольна і натуральна. Я толькі год як выступаю, і кожны раз прыходзілася пераадольваць велізарную колькасць страхаў і хваляванняў. У гэты раз я выйшла на сцэну і падумала: у прынцыпе перад выступам больш не ванітуе ад хвалявання, каленкі больш так не трасуцца, можна выступаць.

07-Anastasia Rydlervskaya - Isolde.jpgАнастасія Рыдлеўская. Кадр з кліпа Isolde, рэжысёрка Даша Madsangria

— А колькі вы ўсяго ўжо ў музычнай сферы — гады тры?

— Не, гэта было б вельмі шмат (усміхаецца — Budzma.org). На сцэне я выступаю год, а выпускаю музыку два гады.

— Што вас здзівіла за гэты час? Да чаго вы былі падрыхтаваныя, а да чаго не?

— Чаканняў у мяне асаблівых не было, бо я ні нашто не разлічвала. Я запісала і выпусціла першы альбом When I Can’t Speak у маніякальным эпізодзе. Я поўнасцю ўспрымала сябе мастачкай, не было думкі пра тое, што калісьці я буду выступаць на сцэне. Да красавіка мінулага года я адказвала адмовай на ўсе прапановы выступіць: «Вы што, я не выступаю, я не ведаю, як гэта рабіць, я памру на сцэне ад разрыву сэрца — ад страху».

Я доўгі час не ставілася да дзейнасці ў музычнай сферы сур’ёзна, паколькі мела шмат траўмаў, звязаных з ёю. Калісьці ў мяне была велізарная мара ствараць музыку, але яна не была рэалізаваная — так склаліся абставіны, магчыма, было мала падтрымкі і, верагодна, я сама сябе зачмырыла.

Таму, адказваючы на пытанне, што мяне здзівіла, — здзівіла, што я ўвогуле займаюся музыкай. І здзівіла, што ёсць падтрымка. Напэўна, мой першы сур’ёзны выступ быў на фестывалі Belarus Outside Sound System, куды мяне паклікаў Саша Багданаў. Вельмі яму ўдзячная за тое, што ён так моцна настойваў — думаю, інакш я так бы і не выступала. Тады людзі мэтанакіравана прыйшлі на мой выступ, і іх падтрымка падштурхнула мяне да таго, каб выступаць яшчэ.

Вось сёння я ўжо разумею: я — мультыдысцыплінарная артыстка. Я больш не кажу, што я проста мастачка, успрымаю сябе нават болей як музыкантку. І зноў жа, што яшчэ мяне ўразіла — як шмат у нас падтрымкі ў грамадстве і сярод музыкаў у прыватнасці. З кожным канцэртам я толькі больш зараджалася ад цеплыні і дабраты людзей.

Anastasija RydlieŭskajaАнастасія Рыдлеўская. Кадр з кліпа Isolde, рэжысёрка Даша Madsangria

— Пры знаёмстве з вашай творчасцю можна заўважыць вялікую любоў да прыроды і паганства. Адкуль у вас гэта?

— Гэта ўсё ад маіх бацькоў. Яны — язычнікі, хаця тата ў гэтым не прызнаецца (усміхаецца — Budzma.org). Ён такі пацешны: ходзіць у лес, вітаецца з ім, а на словы «тата, ты язычнік» рэагуе «не, не, не». У нас з бацькамі таксама ёсць традыцыя ездзіць да валуна і загадваць ля яго жаданні.

А вось маці — магічная, неверагодна чароўная жанчына — сваё язычніцтва прызнае. Я доўга спрабавала сфармуляваць: хто такія мае бацькі, чым яны займаюцца? І з часам зразумела: яны — мультыдысцыплінарныя фермеры. Яны жывуць у вёсцы на лецішчы, іх творчасць завязаная на матэрыялах прыроды. Тата высадзіў ля дома лес (лес ужо настолькі вялікі, што туды забягаюць казулі і зайчыкі), маці вырошчвае гарбату і новыя віды руж.

Раней я штогод — з мая да пачатку верасня — жыла разам з імі ў вёсцы, мая майстэрня знаходзілася на вуліцы, дзе я разам з маці стварала маскі з траў. Для нас было натуральна ў навальніцу паехаць у поле пазбіраць піжму (гэта такая цудоўная жоўтая расліна, якая пахне мёдам), зрабіць з гэтага вянкі, а назаўтра а пятай раніцы пайсці на рэчку і правесці там рытуалы.

Пры гэтым наш чароўны свет не аформлены, ён існуе не на аснове нейкіх канкрэтных міфаў ці традыцый. У маіх бацькоў несуцішная творчая энергія, яны пісалі песні, маці яшчэ і малявала. Аднойчы маці прачнулася і вырашыла: хачу зрабіць на нашымі доме драўлянае пано: тут будзе сонца, там — месяц, паміж імі — птушкі. Устала і зрабіла.

Я тады думала, што большасць людзей так і жыве. Ці, напрыклад, я заўсёды думала, што нармальна мець дома дзве гітары — ва ўсіх жа бацькі граюць на гітары. Але аказалася, што не.

— Раскажыце пра свой удзел у міжнародным тэатральным фестывалі Retroperspektywy ў Лодзі ў другой палове жніўня.

— Я шалёна ўдзячная, што мяне паклікалі ў гэты цудоўны праект. Па-першае, будзе музычны выступ, а, па-другое, будзе інсталяцыя на выставе. І, па-трэцяе, на гэты ж фестываль я раблю тэатральныя маскі і касцюмы для п’есы. Неверагодна, што мне столькі даверылі зрабіць — як музыкантцы і як мастачцы. У прынцыпе як я заўсёды хацела — каб гэта быў адзіны мастацкі ўніверсум.

Дарэчы, восенню на Warsaw Gallery Week мая музыка таксама будзе сплецена з мастацкай творчасцю. А самы блізкі па часе выступ — на Marafest.

Anastasija RydlieŭskajaАнастасія Рыдлеўская. Фота: @rinatrohi 

— Вы цяпер жывяце ў Гданьску. Што гэта за горад, калі глядзець на яго вачыма не турыста?

— Гэта горад, дзе вецер прадзьмувае цябе да касцей і выдзімае з цябе трывогі і страхі. Але гэта не гвалтоўнае выдзіманне, вецер ачышчае і разам з тым абдымае цябе. Калі я з’ехала з Беларусі, зразумела, што мне вельмі не хапае сувязі з прыродай. «Як гэта — я не магу хадзіць басанож па вуліцы і маляваць пад адкрытым небам?». Гданьск аказаўся неверагодным месцам, бо ён дае адчуванне прыроды. Я знайшла лес з імхом, дзе басанож іду да марскога берага і пляжа.

Гданьск для мяне — горад для аднаўлення энергіі. Быццам бы далей нешта чакае, але пакуль што варта тут аднавіць сілы, насыціцца свежым паветрам і ёдам, горад цябе абдымае і беражэ.

06-Copy of Naviband-31.jpgАнастасія Рыдлеўская на сцэне. Фота: Pavel Savitski 

— Падчас інтэрв’ю ў камеру трапіў кот — гэта ваш?

— Так, гэта наша Кузя. За пару месяцаў да нечаканага ад’езду з Беларусі я сядзела ў вёсцы, ішоў лівень, а мне раптам прыйшла ў галаву думка, і я кажу маці: «Пайшлі на пошту, здаецца, мне нешта прыйшло».

Па дарозе мы знайшлі маленькае кацяня, якое ляжала пад ліўнем і згубіла голас. Мы назвалі яго Кузяй, але пазней выявілася, што гэта дзяўчынка. Цяпер гэта зусім ужо еўрапейская котка, задаволеная жыццём, гладкашэрсная і бліскучая.

Антон Навумчык, budzma.org