Апавяданні-ўспаміны «Пялёсткі» Уладзіміра Дубоўкі з’явіліся на канале праекта «Непаслухмяныя дзеці кастрычніка»

Ініцыятыва «Непаслухмяныя дзеці кастрычніка» агучыла апавяданні-ўспаміны «Пялёсткі» Уладзіміра Дубоўкі.

Apaviadanni-ŭspaminy «Pialiostki»

«Здавалася б, зусім простыя нататкі ці ўспаміны. Але ж гэта Уладзімір Дубоўка! Перад вамі насамрэч — жыццёвыя назіранні людажэрных часоў, напісаныя эзопавай мовай. Кожны вобраз і паварот сюжэта варты ўвагі — і разгадкі. Бо тое, што вы пачуеце, разлічана на чытача-аднадумца, які дакладна разгадае ўсё, што схаваў Дубоўка ў тэксце», — адзначае каманда праекта.

Ініцыятыва «Непаслухмяныя дзеці кастрычніка» паўстала на пачатку гэтага года, аўтары абяцаюць агучваць творы рэпрэсаваных і расстраляных у 1930-я гады пісьменнікаў і паэтаў.

Сёння гэтыя творы фактычна пад негалоснай забаронай у школе. «Гэтай жа літаратуры нідзе няма, нават песні ёсць на вершы расстраляных паэтаў, а вось начытаных тэкстаў не дужа і ёсць. Зразумела, шмат хто агучвае сучасныя творы — і гэта добра. Але ж гэта ніша пакуль незанятая, а яна важная», — кажуць стваральнікі праекта.