У чым феномен Макса Каржа? Чаму мегаканц быў прызначаны акурат на 9 жніўня? Адкуль гэтыя 80 тысяч?.. Тэксты — пасрэдныя. Музыка — на аматара... Але гэта гісторыя не пра музыку. Гэта — масавая псіхатэрапія для цэлага пакалення беларусаў.
Алесь Кіркевіч
Што трэба «малому»? Жыць у кайф. А яшчэ каб ніхто не ўказваў, што рабіць і як жыць. А зараз давайце паспрабуем шчыра адказаць на пытанне, за што моладзь выходзіла 9 жніўня і пасля. Разумееце? Жыць у кайф. І — каб ніхто не ўказваў, што рабіць і як жыць.
Кайф быў нядоўгі, і ўсе мы ведаем, чым гэта скончылася. Наш «малы» адчуў сябе не проста прыніжаным, але і — падманутым. Вось гэтыя ўсе цудоўныя людзі і тг-каналы, якія абяцалі «кайф» — падманулі. Замест кайфу: рэпрэсіі, эміграцыя, закатванне ўсяго жывога ў асфальт. Межы зачыненыя. Побач вайна. Зэро перспектываў.
Уявіце, што ў цэлага пакалення скралі мару. Адныя прынізілі і растапталі міліцэйскім ботам. Іншыя — з’ехалі, самі стаўшы начальнікамі, якія ўказваюць як жыць. І вось ён — «малы» — застаецца адзін. Да яго прыходзіць брацішка ў спартовай байцы. Макс. Бярэ за руку і кажа, што «дзвіж» — працягваецца.
Канцэрт Макса Каржа ў Варшаве 9 жніўня 2025 г. Фота: Reform.news
Гісторыя з вэрхалам вакол канцэрта, занадта гучнага нават для Варшавы, лагічная. Людзям трэба было не проста адарвацца, але — выкінуць з сябе страх, злосць, няўпэўненасць, крыўду. Вось гэтае ўсё лайно, якое накапілася за пяць гадоў.
Адсюль жаданне хлопчыкаў «па спорце» паводзіць сябе як футбольныя фанаты, быць трошкі вышэй і мацней, чым насамрэч, пагаліць галаву — і спакавацца ў Lonsdale i Adidas. Адсюль увесь гэты карнавал вітальнасці. Адзін дзень — пажыць адным днём.
Ну, а што вы ім прапаноўваеце? Як ім жыць? Запісацца ў план «Перамога»? Атрымаць пашпарт «Новай Беларусі»? Выходзіць на пікеты Ціханоўскага? Ці — чытаць з ліхтарыкам пад коўдрай кніжкі Пазняка? Сур’ёзна?..
Гэта пакаленне з надламаным хрыбетнікам, якое хоча быць пачутым. Не каб яго вучылі (хапіла ўжо бацькоў і выкладчыкаў), а каб пачулі. Корж — слухае. А пасля гаворыць тымі словамі, якімі тая моладзь гаворыць між сабой, у дварах, на стадыёнах ці п’янках. Адсюль ламаныя пасрэдныя (як нам здаецца) тэксты і неглыбокая мараль: «Я хачу жыць — сёння!».
Наша грамадства — траўмаванае. Яно патрабуе тэрапіі, каб проста калектыўна не выйсці ў вакно. Рэжым прапаноўвае наратыў пра «мы победили». Офісы і дэмакратычная тусоўка — «не, гэта мы перамаглі». Ну і чалавек сабе думае: вы ўсе перамаглі, а я тут дзе? Дзе мой кайф?
Таму і канцэрт, прызначаны акурат на 9 жніўня, «перагортвае старонку», бо трэба неяк жыць далей. Інакш — суіцыд. І — сцвярджае маніфест пакалення — «жыць у кайф». Корж супакойвае: ты малады, моцны, ты не адзін, а жыццё яно вось тут і сёння, іншага не будзе. Гэта тэрапія.
Адначасна Макс Корж і ягоны «Дзвіж» — вышэйшая форма палітыкі на сёння. Бо акурат ён фармулюе ідэі, блізкія масам. Дае выйсце з пасткі, у якой наша грамадства трапіла. Хаця б ненадоўга.
Думаеце, гэта адзіны такі выпадак? А давайце ўзгадаем гісторыю Rammstein. Вось вам аб’яднаная Нямеччына 90-х. Заходнікам (ФРГ) гадамі казалі, што трэба стрымліваць агрэсію, выбачацца, а быць немцам — такое сабе. Усходнікаў (ГДР) душылі дыктатура і Штазі. Нацыя з надламаным хрыбетнікам. А самі музыкі, дарэчы, акурат з ГДР.
І вось, на канцэрце Rammstein ты скідваеш увесь гэты негатыў. Прычым, як і ў выпадку Каржа, тут няма тэкстаў наўпрост пра палітыку ці маніфестаў. Гэта пра кайф, вітальнасць, жывёльную агрэсію — усё тое, што і робіць нас жывымі. Сам музычны феномен паўстаў у канкрэтным серадовішчы на канкрэтным гістарычным этапе. Стаўся псіхатэрапіяй для шырокіх «працоўных масаў». І толькі пасля перарос маштаб гэтай гісторыі і выйшаў вонкі.
Корж — гэта сацыяльны феномен. Патрабаваць ад яго нешта — ідыятызм. Бо гэта не творчасць на замову палітыкаў і журналістаў. Не творчасць на патрэбу ўладаў. Гэта гісторыя пра грамадства. Прагаворванне яго — грамадства — болек. Калі вам «сорамна» за Каржа — ок — вам сорамна за беларусаў. Але, у такім выпадку, не Каржа з беларусаў трэба выпісваць, а — вас.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org