:B:N:. Рок на мяжы. Напачатку зімы

2-га снежня ў межах кампаніі “Будзьма!” у адным з самых папулярных мінскіх клубаў – “Рэактары” – адбудзецца вялікі канцэрт гурту :B:N:. З аднаго боку – іх не назавеш дыназаўрамі ці старажыламі беларускай рок-сцэны. З другога – “маладняк, які падае надзею” таксама не пра іх. Вось такі рок-н-ролл на мяжы. Іх любіць публіка. Яны ёй адплачваюць той жа манетай. Аб тым, што менавіта чакае гледачоў на канцэрце ў “Рэактары”, а таксама аб сваіх асабістых марах, паведаміў мне Алесь Лютыч – франтмэн гурта :B:N:.

-Алесь, нагадай-ка мне, калі была прэзентацыя вашага альбому “Жыве Рок-н-Ролл” у Мінску?

Алесь: – Прэзэнтавалі “Жыве Рок-н-Ролл” мы ў снежні 2006-га года – 1-га снежня ў мінскай былой “Юле” (сённяшні R-Club).

-…Так, памятаю… Тады таксама адбыўся вялікі канцэрт, арыентаваны ў першую чаргу на :B:N:. А ў гэты раз мерапрыемства, якое будзе праходзіць 2 снежня ў “Рэактары” таксама нечаму прысвечана? Ці гурт вырашыў проста парадаваць мінскую публіку?

Алесь: – Гэты канцэрт больш прысвечаны перавыданню нашага першага альбому “Не трывай”, і таксама вырашылі парадаваць сталічных слухачоў. У Мінску заўжды атрымліваюцца выбуховыя нашыя выступы. Дзякуючы нашым прыхільнікам!!!

-Мабыць, падчас канцэрту вы запланавалі нейкія сюрпрызы ды “нечаканкі” для гледачоў?

Алесь: – Ну, па-першае, будуць песні, якіх не было ні ў “Не трывай”, ні ў “Жыве Рок-н-Ролл”. А па-другое, будзе такі сюрпрыз ад :B:N: feat. Самусік Вольгі – вакалісткі гурта TARPACH, “Рок-князёўны 2007”, будзе, канечне, і Някрасава Настка…

-А хто будзе грэць публіку? І чаму менавіта гэтыя музыкі?

Алесь: – Для падтрымкі мы вырашылі ўзяць два гурты – “Абшар” і “Спрат” (Брэст). “Абшараўцы” нам спадабаліся на Рок-школе, з імі мы неяк ужо гралі разам на “Union Of Rock” у Польшчы. А Спрат – гэта нашыя землякі, і за апошні час яны значна выраслі у музычным плане. Трэба ж і сваіх падтрымліваць!!!

-Алесь, аб чым сёння марыць гурт :B:N:? І ты – асабіста? Ці хіба пасля выступу з SOULFLY на адной сцэне “наступныя” мары яшчэ не паспелі сфарміравацца (пабачыццца з Кавалерай – і памерці)?

Алесь: – Зайграць на адной сцэне разам з SOULFLY было, канечне, ганарова, але гэта ўжо мінулы этап. Шмат з кім яшчэ хочацца падзяліць сцэну… але гэта справа часу! У кожнага з удзельнікаў :B:N: – свае мары. Некаторыя з іх перакрыжоўваюцца з марамі іншых. Але, калі ты светла марыш, атрымліваецца зусім наадварот. Таму загружаць усю галаву марамі не трэба. Неабходна проста думаць пра гэта і рабіць крокі насустрач сваім марам! Але без фанатызму!

-Раскажы падрабязней, чым гурт займаўся на працягу апошняга году?

Алесь: – Мы зайгралі шэраг канцэртаў у Польшчы, гралі на фестывалі “Be Free” у Львове, у Брэсце, Мінску, на закрыцці байк-сезону ў Лідзе. Далі некалькі канцэртаў у роднай Бярозе, запісалі тры песні на студыі “Осмас” з гукарэжысёрам Харытонавым Анатолем. Ён, дарэчы, з’яўляецца саунд-прадзюсарам гурту. 22 лістапада зладзілі у Бярозе трэці фестываль “РОКавая Восень-2008”, галоўным спонсарам якой з’яўляецца LACINKA.ORG, як заўжды.

-Што чуваць з новым альбомам?

Алесь: – Матэрыялу назбіралася ўжо амаль на дзве плыткі… Патрэбна адабраць песні, на якія і рабіць асноўны націск, сядаць у студыю і пісаць. Тут ужо больш справа фінансавая.

-На канцэрце 2 снежня ў “Рэактары” будуць песні з новай праграмы? Ці ўсё ж такі асноўны націск будзе зроблены менавіта на “Жыве Рок-н-Ролл”?

Алесь: – Я лічу, што граць шмат з новага не мае сэнсу. Спачатку трэба запісаць матэрыял, пусціць яго “ў людзі”. А тады ўжо, калі слухач будзе ведаць гэтыя песні, граць іх на канцэртах, каб людзі ведалі, як рэагаваць на той ці іншы твор. На Захадзе так і робяць практычна. Але мы заўжды граем некалькі песень з тых, якіх яшчэ няма ў студыйнай якасці.

-Алесь, нагадай, калі там у гурта бліжэйшы творчы юбілейчык? Святкаваць збіраецеся? Як?

Алесь: – У наступным, 2009-м годзе, :B:N: будзе адзначаць сваё 10-ці годдзе! Як і дзе гэта будзе адбывацца, вы даведаецеся пазней!

-Слухай, вось калі б табе прапанавалі азірнуцца і паглядзець на гэты шлях – ад заснавання каманды да гэтага канцэрту 2-га снежня – і ўзгадаць тых людзей, уплыў якіх найбольш яскрава адбіўся на лёсе калектыву … мабыць, нават падзякаваць за што-небудзь гэтым таварышам… каго б ты прыгадаў? І калі б дзякаваў ім, то за што менавіта?

Алесь: – Такіх людзей вельмі шмат, таму я не буду нават называць іх прозвішчы, бо яшчэ каго забуду і пакрыўджу гэтым! Усе тыя, хто дапамагаў і дапамагае гурту, яны усе гэта ведаюць! Я скажу так: усім, хто за ўвесь гэты час быў разам з :B:N:, дапамагаў нам і верыў у нас… Дзякуй вам вялікі, мы заўжды разам з вамі!!!! Назаўжды!!!!! Жыве Рок-н-Ролл!!!

2 снежня. Клуб Рэактар. Вялікі сольны канцэрт гурту :B:N:, пры удзеле “Спрат” і “Абшар”. Пачатак 19.00. Квіткі 15 000 – 25 000. Даведкі па тэл. 6490888