“Больш цела!” — моладзевая жаночая ініцыятыва, якая існуе з ліпеня 2019 года. Яе заснавалі Марыя Колб (Мінск) і Лізавета Мімікава (Пінск). У жніўні быў зладжаны першы ў Беларусі летнік, прысвечаны тэматыцы бодзіпазітыву, цялеснасці, сексуальнасці, разладу харчовых паводзінаў.
Цягам трох дзён дзяўчаты ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў слухалі на прыродзе інтэрактыўныя лекцыі, займаліся арт-тэрапіяй, бралі ўдзел у гульнявых актыўнасцях і вельмі шмат размаўлялі пра тое, што іх хвалюе. Па выніках летніка сфарміравалася кам’юніці з людзей, якія цікавяцца пытаннямі прыняцця сябе. Што ж такое бодзіпазітыў і чаму кожнаму чалавеку важна прымаць сябе ды іншых такімі, якія яны ёсць?
Марыя Колб
Марыя Колб — гендарная актывістка. Прыйшла да бодзіпазітыву праз навучанне ў ECLAB. Правяла даследаванне на тэму, як маладыя беларускі ўспрымаюць сваё цела і сваю знешнасць (спойлер: высновы былі не вельмі добрыя). У выніку вырашыла, што неабходна як мага больш размаўляць пра гэта, пісаць у сацсетках, праводзіць мерапрыемствы. Пачынаючы з 2019 года штомесяц выступае з дыскусіямі ў розных гарадах Беларусі (Мінску, Пінску, Наваполацку, Бабруйску, Магілёве). Падчас івэнтаў Марыя дае кожнай удзельніцы магчымасць выказацца пра тое, што яе хвалюе. Асветніцкая дзейнасць прыносіць свой плён: некаторыя наведніцы мяняюць стаўленне да свайго цела.
Лізавета Мімікава
Лізавета Мімікава — студэнтка пятага курса біятэхналагічнага факультэта Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сацыяльным актывізмам займаецца ўжо другі год, з Акадэміі студэнцкага лідарства. Пачала ладзіць мерапрыемствы ў Пінску, бо лічыць, што “нават за 200 км ад Мінска не павінна заканчвацца жыццё”. У вольны час займаецца каліграфіяй.
Пра штуршок да дзеяння і сутнасць бодзіпазітыву
Марыя: Сацыяльны актывізм для мяне — гэта не толькі нефармальная адукацыйная дзейнасць. Усё, чым я займалася, узнікала не проста так. Бодзіпазітыў — гэта доўгі працэс прыняцця сябе, свайго знешняга выяўлення. Вядома, ёсць тут і спроба вырашэння асабістых пытанняў. Аднак так не атрымаецца — прыйсці на дыскусію і за адзін раз усё вырашыць, бо гэта, паўтаруся, працяглы працэс. Праводзячы івэнты, я хачу паказаць дзяўчатам, што яны не адны, і як мага больш уздымаць і абмяркоўваць тэмы, актуалізаваць іх.
Бодзіпазітыў — фемінісцкі рух, мэта якога — навучыцца прымаць сваё цела і целы іншых людзей такімі, якія яны ёсць. Хочацца разбурыць стэрэатып пра тое, што жанчыны прыдумалі бодзіпазітыў для таго, каб не сачыць за сваёй вагой, не займацца спортам, а толькі сядзець на канапе. Насамрэч усё зусім не так! У сферу бодзіпазітыву ўваходзяць усе мадыфікацыі цела, звязаныя з траўмай, хваробай або асабістым выбарам. Напрыклад, аперацыі, адсутнасць нейкай часткі цела, а таксама шнары, расцяжкі, пірсінгі, татуіроўкі… Ужыванне або неўжыванне макіяжу, фарбаванне валасоў, наяўнасць або адсутнасць валасоў на целе — усё гэта з’яўляецца прадметам абмеркавання і прыняцця ў бодзіпазітыве.
У Беларусі гэтая праблематыка не настолькі пашыраная, як у ЗША або Еўропе, аднак у нас ёсць блогеркі, напрыклад, Зоя Прышывалка, якія асвятляюць тэмы сэксалогіі і бодзіпазітыву. Паняцце цялеснасці цікавіць навукоўку і паэтку Вольгу Гапееву. Шмат абмяркоўваюцца праблемы разладу харчовых паводзінаў (артарэксія, булімія, анарэксія). Менавіта бодзіпазітывам як грамадскай праблемай да нашай ініцыятывы “Больш цела!” шырока ніхто не займаўся. Цяпер “Больш цела!” запісвае падкасты сумесна з Зояй Прышывалка, якія можна будзе пачуць на жаночым радыё. Гэта размовы пра ўзаемадзеянне паняццяў цялеснасці, сэксуальнасці, бодзіпазітыву.
Для мяне бодзіпазітыў — гэта заўсёды пра выбар і пра павагу да свайго ўласнага цела і да цела іншага. Пра негвалтоўную камунікацыю. Калі нехта абірае не карыстацца макіяжам і не галіць на целе валасы — гэта асабістая справа гэтага чалавека. Ацэньваць дзяўчыну па тым, ці мае яна параметры 90-60-90, спрабаваць яе ўпісаць у нейкія “нормы”, а штосьці называць адхіленнем — няправільна. Пачынаецца бодзіпазітыў, вядома, з сябе і пра сябе, а працягваецца, паколькі мы жывём у соцыуме — стасункамі з іншымі людзьмі.
Лізавета: Бодзіпазітыў узнік з першай хваляй фемінізму, больш за сто гадоў таму, калі суфражысткі змагаліся за тое, каб іх не прымушалі насіць гарсэты. Цяпер трэцяя хваля фемінізму, і жанчыны хочуць самі распараджацца сваімі целамі і каб іх не дыскрымінавалі на падставе таго, што яны неяк “няправільна выглядаюць”. Ці можа крытыка цела быць аб’ектыўнай? Не. Бо ў кожнага ў галаве свой ідэал.
Індустрыя моды і бодзіпазітыў
Марыя: Бодзіпазітыў паступова прыходзіць у мадэльны бізнес, асабліва ў Заходняй Еўропе. У нас моладзь ставіцца да гэтага хутчэй станоўча, чым адмоўна, у адрозненне ад кансерватыўнага старэйшага пакалення. Аднак маркетынгавыя стратэгіі ў нас чамусьці не мяняюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу.
Мадэлінг памеру “плюс-сайз” і бодзіпазітыўны мадэлінг — розныя з’явы. У першым выпадку абіраюцца дзяўчаты, прапорцыі цела якіх строга рэгламентаваныя ў адпаведнасці з фэшн-індустрыяй. У другім мадэлі могуць быць зусім розныя, напрыклад, з рэдкай пігментацыяй скуры або іншае.
Буйныя кампаніі, такія як Nike, выкарыстоўваюць бодзіпазітыўных мадэляў, бо гэта становіцца трэндам, на якім можна зарабіць. У нас, наколькі я ведаю, з кампаніяй “Мілавіца” супрацоўнічала адна мадэль “плюс-сайз”, аднак яна не бодзіпазітыўная мадэль. Некаторыя маладыя прыватныя беларускія брэнды пачалі запрашаць “плюс-сайз” мадэляў.
Пра жанчын, мужчын і моц сацыяльных стэрэатыпаў
Марыя: Паколькі мы самі жанчыны, то ў першую чаргу мы арыентаваныя на працу з дзяўчатамі, бо маем адпаведны досвед, нам гэта прасцей. Аднак у нас ёсць мерапрыемствы і для ўсіх. Мужчыны таксама прыходзяць, і калі яны не баяцца выказвацца, то бачна, што часам ім таксама вельмі баліць. Напрыклад, адносна маскуліннай знешнасці хапае стандартаў прыгажосці, якім няпроста адпавядаць: высокі рост, шырокія плечы, пэўная модная прычоска, наяўнасць барады… Багата розных сацыяльных стэрэатыпаў.
Вось самыя тыповыя з іх:
“Жанчына — кветачка, мужчына — здабытчык”;
“Жанчына павінная есці толькі лёгкія салаты”;
“Мужчына павінен насіць бараду”;
“Жанчына абавязаная выкарыстоўваць макіяж і галіць валасы на целе”;
“Жанчыне лепш быць прыгожай, чым разумнай”.
У рэгіёнах цікавасць да праблематыкі бодзіпазітыву вышэйшая, чым у сталіцы. Стэрэатыпы адносна знешнасці, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў розных гарадах, аднолькавыя. Калі ж разглядаць гендарную тэматыку і фемінізм, то хутчэй гэта залежыць не ад месца жыхарства, а ад узросту. Старэйшаму пакаленню наведніц цяжэй зразумець умоўна “новыя павевы”, напрыклад, што жанчына можа не хацець выходзіць замуж ці нараджаць дзіця, што яна сама можа рабіць свой выбар.
Пра наступствы нелюбові да сябе і разлады харчовых паводзінаў
Марыя: Дыскусіі праходзяць у камернай атмасферы, у іх удзельнічае не болей за 20 чалавек. Гутарка часта набывае спавядальны характар, людзі дзеляцца асабістымі гісторыямі. Калі бацька кажа сваёй дачцэ: “Я табе заплачу, каб ты схуднела”, — наўрад ці ён усведамляе наступствы. Пасля такой фразы, пасля стэрэатыпаў, навязаных у дзяцінстве, дзяўчыну чакаюць праца з псіхолагам, прачытанне стосаў тэматычнай літаратуры і гады нелюбові да сябе.
Калі чалавек не адчувае сваёй цялеснасці, не ўсведамляе і не прымае сваё цела, ад гэтага можа ўзнікнуць багата праблем. Пачынаючы ад пастаяннага стрэсу, “самаедства”, заканчваючы псіхасаматыкай і разладамі харчовых паводзінаў. Калі ўзнікаюць канкрэтныя праблемы з ежай, чалавек сам часта гэтага не ўсведамляе, і тут не абысціся без спецыяліста. Трывожны званочак, калі дзяўчына пачынае залішне засяроджвацца на пытаннях харчавання, жорстка лічыць калорыі і карае сябе за невыкананне правілаў, якая сама сабе ўсталявала. Анарэксія прыводзіць да таго, што знікаюць менструацыі, выпадаюць валасы і зубы, ломяцца пазногці — арганізм перастае функцыянаваць.
Лізавета: Тэма разладаў харчовых паводзінаў стыгматызаваная ў нашым грамадстве. Мы лічым, што пра гэта трэба казаць, бо вельмі шмат людзей маюць такія праблемы. Вядомы выпадак, калі дзяўчына пакутавала на булімію, аднак хавала гэта ад усіх, нават ад сваіх блізкіх, і яе сям’я да гэтай пары не ведае, што з ёй. Ёсць розніца ў тэрмінах: “парушэнне” — кароткатэрміновае, “разлады” — калі пачаліся і не заканчваюцца. Як правіла, РХП узнікаюць у дзяцей, якія маюць бацькоў-тыранаў. Мой зварот да тэмы бодзіпазітыву – асабісты. У пэўны момант я зразумела, што ў мяне эмацыйнае пераяданне, што я “заядаю” стрэс. Наш мэсыдж – падтрымліваць людзей, не казаць чалавеку “Перастань!”, бо гэта не працуе, а проста паказваць, што ты побач.
Мы павінныя думаць пра сябе, слухаць сваё цела, і гэта адносіцца і да дзяўчат, і да хлопцаў. Праўда, хлопцы часта маўчаць, таму мы не ведаем іх праблем і не можам дапамагчы. У выпадку ПХП асноўная дапамога — псіхатэрапія. Мы як актывісткі можам праводзіць асветніцкую дзейнасць і як мага часцей уздымаць і агучваць складаныя пытанні.
Маё пажаданне чытачам і чытачкам — каб людзі знайшлі ўсю інфармацыю пра свае страхі і перасталі іх баяцца.
Гутарыла Віка Трэнас, для budzma.by
Фота - Алесь Любянчук (Марыя), а таксама з асабістага архіва