Ціхан Чарнякевіч аналізуе на budzma.by раптоўнае закрыццё межаў уладамі.
У Беларусі 2.0/2.0 цяжка чымсьці здзівіць. Усё большым і ўсё шырэйшым робіцца разрыў паміж прычынай і вынікам, мэтай і дзеяннем, афіцыёзам і рэальнасцю.
Што праўда, за апошнія колькі месяцаў чытачы і паважаныя тэлеслухачы прывыклі, што кожнаму, нават самаму, скажам так, недальнабачнаму ходу з нетраў афіцыйнага дыскурсу спадарожнічае якое-кольвек тлумачэнне. Прынамсі яго спроба. Як найменш — фрагмент малаўцямнай фразы з малаўцямнай прамовы аднаго персанажа, прааналізаваны аналітыкамі са скрупулёзнасцю філолагаў-санскрытолагаў.
Калі ўлада толькі руйнуе – гэта эмблема паразы
Таму апошнімі днямі мяне крыху дзівіць, што такі сур’ёзны крок, як забарона перасячэння мяжы (пад якую не трапіла і так маладаступнае авіяспалучэнне), не дачакаўся практычна ніякага афіцыйнага каментара, акрамя самой канстатацыі факта.
Зразумелым такое маўчанне можа быць толькі ў тым выпадку, калі афіцыёзу ў прынцыпе няма чаго сказаць, каб гэта не выглядала чымсьці ідыятычным. Бо падчас першай хвалі пандэміі дзейнічала забарона/абмежаванне на ўезд замежным грамадзянам, асабліва гэта датычылася краінаў з найбольш складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй. І ўсё гэта было спалучана з лакдаўнам унутры краіны.
У нас жа выпадак іншы. Лакдаўну не было і няма. Больш за тое — небяспека з каранавірусам распаўсюджваецца збольшага на адвакатаў, якім забараняюць наведваць падабаронных, і на суддзяў, якія за 15 хвілін праводзяць завочныя працэсы.
На агульнанацыянальным узроўні праблема па-ранейшаму не існуе альбо высмоктваецца з пальца. Таму называць пандэмію ў якасці прычыны забараніць беларусам выязджаць (і вяртацца) не выпадае.
Наўпрост сказаць, што мы тут робім бульбяную Паўночную Карэю і мяккую берлінскую сцяну, таксама неяк няёмка. Хаця ўжо столькі ўсяго было. Як казалі апрычнікі з кніжкі Уладзіміра Сарокіна, «мы ж у сябе на радзіме, чаго саромецца».
Ператварэнне Беларусі ў закрытую краіну, відавочна, даўно хвалюе «партыю і кіраўніцтва». Гутаркі пра ўвядзенне надзвычайнага становішча і каменданцкай гадзіны хадзілі яшчэ некалькі месяцаў таму. Працяглы характар пратэстаў, пастаянныя спецаперацыі і зняволенні хацелася б спыніць як мага хутчэй, для чаго, адпаведна, хацелася б знайсці нейкі адзін рычажок, рубільнік, пасля чаго ўсё, так сказаць, заілюмінуе.
Віктар Марціновіч: Калі дворнікі зрабіліся Агентам Смітам
Уласна кажучы, пошукі «дзе ў яго кнопка» — гэта тое, чым месяцамі напружана займаецца ўся ўладная вертыкаль і гарызанталь. У сувязі з гэтым шпіталі зноў заваленыя хворымі, Астравецкая АЭС то дыміць, то не дыміць, а пясок на ходніках у галалёд з’яўляецца значна менш рэгулярна, чым альпінісцкія рэйды па чарговыя стужкі, сцяжкі і шторы.
Па сутнасці, у імкненні да закрыцця краіны можна бачыць лагічны працяг усёй звышідэі «эпохі». Ядро гэтай звышідэі адпачатку было ў рэстаўрацыі Савецкага Саюза. Варта азірнуцца на прамінулыя гады і ўбачыць, як вярталася камандна-адміністрацыйная і планавая сістэма ў эканоміку, ліквідавалася незалежнасць судоў, у тым ліку Канстытуцыйнага суда, зніштажалася права выбіраць і быць абраным, свабоды сходаў і вольных прафесійных аб’яднанняў, права мець сур’ёзны ўплывовы бізнес, не залежны ад меркавання «партыі і кіраўніцтва»; як вярталіся савецкія, а дакладней, уласныя, рэстаўратарскія, сімвалы (таму і крывавая вайна за іх, бо ўласныя, сваёй рукой зацверджаныя); як вычышчаліся падручнікі на карысць «новага інтэрнацыяналізму» і пратэктарату Масквы.
З усіх заваёў сусветнай дэмакратыі да нядаўняга часу ў беларусаў заставаліся толькі смартфон у руцэ і канстытуцыйная свабода перамяшчэнняў і выбару месца жыхарства. Вядома, і на іх глядзелі грэбліва — «айфоны-плафоны», «тлустыя кацяры», помнім. Бо ідэальны сярэдні «выбаршчык» месца жыхарства не мяняе, а перамяшчаецца збольшага ад тэлевізара на працу і назад, праз гастраном. Гэта ягоны свет, за які, ціха намякаюць, выходзіць і не трэба. За межамі гэтага свету (акуратна шэпчуць) — вайна, эпідэмія, снежны буран і космасу чорныя дзіры. У дачыненні да тых, хто не згодны, асноўны палітычны пастулат рэстаўратара можна скараціць да адной інвектывы: «Куды ты лезеш? Закрый рот і сядзі ціха».
Зразумела, пакуль яшчэ рана казаць пра поўную ізаляцыю. Але нават калі жалезныя дзверы са скрыгатам зачыняцца, то, баюся, гэта не прынясе вярхоўным інтэлектуалам-таўсталобікам такой чаканай палёгкі.
Блізкі сябар маёй знаёмай расказваў мне, што неяк раз, у адну з восеньскіх нядзеляў, іх раптам заблакавалі ў раёне стэлы. Некалькі мастоў праз рэчку і праходаў былі запоўненыя кардонамі людзей з дубінкамі, праз якія дарога была адна — у аўтазак. І вось у гэты самы момант, калі стала ясна, што выхаду няма і ўсе знаходзяцца ў акружэнні, распавядаў ён, адчуўся стан невытлумачальнай свабоды дзеянняў. Людзі адразу сталі падыходзіць адно да аднаго, часам проста пазнаёміцца, падбадзёрыць, абмяняцца інфармацыяй і меркаваннямі, пашукаць шляхі вырашэння сітуацыі. Урэшце праз нейкі час, калі адзін з кардонаў быў часова зняты, большасць людзей сышла ў бяспечнае месца.
Калі я пачуў пра магчымае закрыццё краіны, я чамусьці адразу прыгадаў гэтую гісторыю. Не ведаю чаму.
Ціхан Чарнякевіч, budzma.by