Брама горада, або Гісторыйка пра цуды і таямніцы

Адцяпер на сайце “Будзьма беларусамі!” кожныя два тыдні Міхаіл Валодзін ладзіць падарожжы па “нашым Вавілоне”, працягваючы распавядаць свае “Мінскія гісторыйкі”.

 

Гарады як людзі — нараджаюцца, растуць, старэюць. І, старэючы, забываюцца на ўласнае мінулае… Рэальныя падзеі падмяняюцца легендамі. І з’яўляюцца браты Кій, Шчэк з Харывам і сястрою Лыбеддзю ды ўзводзяць Кіеў-горад на высокім беразе Дняпра. І ваўчыца схіляецца над кошыкам, прынесеным водамі Тыбра, з двайнятамі Рэмам і Ромулам — і значыць, Рым адбудзецца!

 

Таямнічы млынар

Мы не горшыя за кіяўлянаў і не бяднейшыя за рымлянаў — наша легенда, як на мяне, нават прыгажэйшая і больш незвычайная! Паводле яе чарадзей Менеск, пасяліўшыся каля ўпадзення Пярэспы ў Свіслач, будуе цуд-млын, што начамі перамолвае не збожжа, а каменне. Навошта? Ніхто не ведае. Але грукат такі, што не спіцца ні чалавеку, ні зверу на сто вёрстаў вакол. Круцяцца-круцяцца Менескавы жорны, уздымаюць паветраныя віхуры — такія, што ажно стрэхі з хатаў здзмувае. Крочаць Менескавы вестуны па начных дарогах, хапаюць вясковых хлапцоў, і расце войска Менеска.

Расце Мінск — з каменнай мукі, уздымаецца як на дражджах. Менск, вядома! Менеск-таўн…

Вось які няпросты заснавальнік дастаўся нашаму гораду. З часам мінчане будуць радыя пазбавіцца ад Менеска, і дапаможа ім наймагутнейшы вядзьмак, ад якога ў памяці гараджанаў нават імені не засталося.

Минск. Фото 1860-х годов

Мінск. Фота 1860-х гадоў

І зноў чарадзей

Вы скажаце, легенда, што з яе ўзяць! Але па-першае, легенда не ўзнікае з нічога ніякага. А па-другое, з месцам, дзе паўстаў наш горад, штосьці напраўду не так: невыпадкова паводле летапісаў Мінск пачынаецца з разбурэння.

“У год 6575 (1067). Падняў раць у Полацку Усяслаў, сын Брачыслава, і заняў Ноўгарад. Трое ж Яраславічаў: Ізяслаў, Святаслаў, Усевалад, сабраўшы воінаў, пайшлі на Усяслава ў моцны мароз. І падышлі да Менска, і меняне зачыніліся ў горадзе. Браты ж гэтыя ўзялі Менеск і перабілі ўсіх мужоў, а жонак і дзяцей захапілі ў палон і пайшлі да Нямігі, і Усяслаў пайшоў супраць іх”.

Так сведчыць «Аповесць мінулых часоў» і называе заступніка мінчанаў — полацкага князя Усяслава, названага Чарадзеем за шматлікія цуды, здзейсненыя ім. І піша летапісец далей:

“І сустрэліся праціўнікі на Нямізе месяца сакавіка ў 3-ы дзень; і быў снег вялікі, і пайшлі адзін на аднаго. І была сеча жорсткая, і многія загінулі ў ёй, і адолелі Ізяслаў, Святаслаў, Усевалад, Усяслаў жа ўцёк”.

Уцёк ці не — пытанне. І хто перамог — таксама. Бо менавіта Яраславічы праз чатыры месяцы прапануюць перамір’е і пойдуць на клятвапарушэнне, каб завабіць Усяслава ў пастку.

Жыццё Чарадзея ў Полацку суправаджалася цудамі — цуды трываюць і ў Кіеве. Прасядзеўшы год у вязніцы, ён будзе вызвалены кіяўлянамі і зойме княскі пасад. Але неўзабаве пакіне Кіеў, каб вярнуцца ў Полацк. Пражыве яшчэ трыццаць гадоў і, паміраючы, пакіне Мінск сыну Глебу, які дзяліў з ім турэмныя нягоды.

Тады паўстане на Замкавай гары на беразе Свіслачы замчышча са схаваным за высокімі землянымі валамі княжацкім замкам.

 

Цудоўны абраз

Минская чудотворная икона Божией МатериМожна ўявіць, як праз чатыры стагоддзі, у жніўні 1500 года, рака вынесе да падножжа Замкавай гары цудоўны Абраз Маці Божай. Як прыбягуць князевы людзі да іконы з нетутэйшым ззяннем. Як уздымецца яна над натоўпам, як панясуць святыню на руках у Замкавую царкву…

Вось што кажа паданне:

“Ці то па плыні вады, ці то супраць плыні, цудоўным чынам, а мо Анёламі перанесены да Мінска, на рацэ Свіслачы пад замкам стаў, а святлом незвычайным з сябе сыходзіўшым выяўлены, ад жыхароў месца з вады здабыты, і да царквы Замкавай года 1500 дня 13 жніўня быў суправоджаны”.

Ад гэтага моманту Дзева Марыя возьме Мінск пад абарону і зойме месца на гарадскім гербе. Яе заступніцтва, да жалю, не ўратуе горад ад пажараў і разбурэнняў. Сёння пра тыя часы, апроч самога Абраза, нагадвае толькі вулачка са старажытнай назвай — Замкавая. Вулачка, дзе не захавалася ніводнага «жывога» будынка — усе знеслі! Бясследна зніклі і замак, і замчышча… Нават Замкавая гара засталася толькі ў падручніках гісторыі: у 50-я гады мінулага стагоддзя яе скапалі. Разам з зямлёй зніклі і мінскія таямніцы.

Але штосьці ўсё ж захавалася.

 

Два першыя храмы

Калі абмінуць злева будынак «Працоўных рэзерваў» і зазірнуць пад кроны не надта разгалістага гаю на беразе Свіслачы, можна пабачыць складзены з граніту падмурак невялікага трохнефавага храма. Гэткі ж, але складзены з цэглы, цікаўны падарожнік адшукае праз сто метраў, за спінай спарткомплекса.

Гэта два першыя мінскія храмы.

Два? Першыя? Храмы?!

Так і ёсць, не сумнявайцеся! У нас і не такое бывае.

Каб супакоіць чытачоў, скажу: той, што ў гаі, — фальшывы. Затое тут збіраюцца п’яніцы, бо на новым сядзець нязручна.

 

«Старый» Первый храм и «новый» Первый храм – точнее, их контуры. И расстояние в сотню метров между ними

“Стары і новы” Першыя храмы — дакладней, іх контуры. І адлегласць у сто метраў паміж імі.

Археолагі сцвярджаюць, што фальшывы падмурак месціцца далёка за межамі замчышча. І ніхто не памятае, калі і як ён з’явіўся. Можна хіба здагадвацца, каму спатрэбілася выкладваць падмурак храма і выносіць яго за гарадскі вал. Хутчэй за ўсё, гэта адбылося ў 1967 годзе, калі адзначалі 900-годдзе Мінска. Беларускія ўлады імкнуліся зрабіць свята запамінальным — нават піўную бутэльку выпусцілі з цісненнем «Мінску — 900». Заадно, відаць, вырашылі і храм пазначыць — таксама да горада ж мае нейкае дачыненне! Да таго ж за некалькі гадоў да гэтага завяршыліся самыя маштабныя раскопкі мінскага замчышча.

 

Брама, якой не было

І тут з-пад шматметровага слою зямлі праглядвае яшчэ адна таямніца.

Кіраваў раскопкамі зусім малады тады археолаг Эдуард Загарульскі. У выніку трохгадовых работ не толькі ўдакладнілі месцазнаходжанне храма, але і адкапалі замкавую браму. Дакладней, тое, што ад яе захавалася. Зрабілі рэканструкцыю, і брама Мінска — дзве магутныя драўляныя вежы, увянчаныя пірамідальнымі стрэхамі, — сталася не толькі эмблемай свята, але і сімвалам поўнага таямніц старажытнага горада!

“Дзе ж тут таямніца?” — спытае нецярплівы чытач.

Ёсць, ёсць таямніца! Але не ў браме, адкапанай Эдуардам Загарульскім, а ў іншай, намаляванай Язэпам Драздовічам.

«Городец». Я.Дроздович. 1920

“Гарадзец”, Я. Драздовіч, 1920

Пра мастака Драздовіча патрэбны асобны аповед — ён і сам чарадзей, і лёс мае поўны таямніц. Адны ягоныя відзежы гарадоў на Марсе ды Сатурне чаго вартыя! Тут дарэчы дадаць, што Язэп Нарцызавіч пражыў у Мінску паўтара года і за гэты час паспеў перадаць выгляд горада з графічнай дакладнасцю. Маляваў ён і Замкавую гару — у першай чвэрці ХХ стагоддзя не было там нічога гераічнага: звычайныя драўляныя будынкі на высокім пагорку…

Ёсць сярод малюнкаў мінскага перыяду адзін, што выбіваецца з шэрагу. Хоць і называецца ён «Гарадзец», выяўленае там, без сумневу, мінскае замчышча: і рака, і пагорак побач дакладна супадаюць з рэльефам Свіслачы і Замкавай гары. На вяршыні пагорка, за драўлянай сцяной, адгадваецца замак, а сама сцяна завяршаецца магутнай двухвежавай брамай. Такой самай, як у Загарульскага!

 

Древние ворота Минска – по Э.Загорульскому и по Я.Дроздовичу

Старажытная брама Мінска – паводле Загарульскага і Драздовіча

— Што ж, — скажа той жа чытач, — археолаг раскапаў, мастак намаляваў, і што?

Сапраўды, нічога… Проста брама была намаляваная за сорак гадоў да таго, як яе раскапалі. Вось дзе таямніца! І адзінае рацыянальнае тлумачэнне — што ўсё было наадварот: археолаг ведаў пра існаванне малюнка Драздовіча (тады ён яшчэ не быў апублікаваны) і скарыстаў для рэканструкцыі, як бы гэта мякчэй сказаць, падказку мастака. Добра, калі б толькі гэта! Бяда яшчэ і ў тым, што двухвежавай брамы не існавала ні ў адным вядомым старажытнарускім горадзе — ні ў ХІ стагоддзі, ні пасля. Гэта, на жаль, не дадавала дакладнасці сімвалу старажытнага Мінска.

Да сярэдзіны 1980-х гадоў паўстала іншая мадэль — з адной вежай. Але загадка «Гарадца» нікуды не падзелася: брама на малюнку Драздовіча змяшчаецца акурат там, дзе яе адкапаў Загарульскі. А над замкавай сцяной вызірае макаўка храма — роўна там, дзе на яго падмурак пасля вайны натрапіў археолаг Тарасенка.

Калі дадаць, што Драздовіч маляваў свой «Гарадзец» у 1920 годзе, а першыя раскопкі замчышча адносяцца да пасляваеннага часу, застаецца паверыць, што цудоўны наш зямляк Язэп Нарцызавіч Драздовіч напраўду пранікаў пад зямлю і бачыў скрозь час.

 

Вид на Свислочь и Татарские огороды с Замковой горы. Фотография конца XIX века

Свіслач і Татарскія агароды з Замкавай гары. Здымак канца ХІХ ст.

Развалины на вершине Замковой горы. 1944 год

Руіны на вяршыні Замкавай гары. 1944 г.

 

Помнік вандроўніку

Выпадковасць гэта ці не, але помнік Драздовічу ў Мінску паставілі ў Траецкім прадмесці, насупраць замчышча. Вечны вандроўнік нібы спусціўся з Траецкай гары, каб працягнуць шлях да гары Замкавай. Вось яна — а дакладней, тое, што ад яе засталося — ляжыць перад чалавекам з посахам. Крыху лявей дзве прастакутныя адтуліны ў гранітным узбярэжжы — калектар, які толькі і нагадвае пра раку Нямігу. Справа Востраў Слёз — падказка, дзе праходзіла старое рэчышча Свіслачы. А ўсё навокал — наша гісторыя. Тая, якой няма.

Конец Замковой горы – здесь будут стоять «Трудовые резервы». 1956 год

Канец Замкавай гары — тут паўстануць «Працоўныя рэзервы», 1956

Хочаце ведаць, якой была Замкавая гара? Зірніце на «Працоўныя рэзервы» — іх вышыня роўная шасці метрам зямлі, скапаным у 1956 годзе, каб пабудаваць спарткомплекс.

Зрэшты, Драздовіч гэтага бачыць не мог. Ён памёр далёка ад Мінска за два гады да гэтага. Сярод яго мінскіх работ захаваўся і партрэт Усяслава Чарадзея, на якім полацкі князь дзіўным чынам нагадвае самога мастака.

Мінула тысяча гадоў, і кола замкнулася.

Всеслав Чародей и Язэп Дроздович - между ними тысяча "минских" лет. Вся наша история.

Усяслаў Чарадзей і Язэп Драздовіч — паміж імі тясыча “мінскіх” гадоў. Вось і ўся гісторыя.

 

 

Міхаіл Валодзін

Ілюстрацыі: Дар’я Мандзік

***

 

Гэтая гісторыйка не была б напісаная,

калі б не парады і дзейная дапамога археолага,

кандыдата гістарычных навук Мікалая Плавінскага,

за што яму сардэчная падзяка!