• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Разумняты»
  • Словы мацней
  • Вандруем разам
  • Афіша
12.04.2022 | Культура Гісторыя Асоба

Згадкі пра Браніслава Эпімаха-Шыпілу — апекуна Янкі Купалы

У юбілейны год Янкі Купалы згадваюцца імёны людзей, якія адыгралі лёсавызначальную ролю ў яго жыцці і творчым станаўленні, піша «Звязда». Адным з першых, хто ўзяў апеку над будучым класікам беларускай літаратуры, быў Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла. Менавіта ён садзейнічаў паступленню паэта на агульнаадукацыйныя курсы Чарняева, быў рэдактарам яго першага зборніка «Жалейка», а з 1909 да 1913 г. даў прытулак Купалу ў сваёй кватэры на Васільеўскім востраве. Адрас: 4-ая лінія, д. 45, кв. 16 быў вядомы многім беларусам у Пецярбургу.


58.jpg

Ёсць у тым вялікая несправядлівасць: памятная дошка на доме ў Санкт-Пецярбургу, дзе была кватэра Эпімаха-Шыпілы, сведчыць толькі пра тое, што там жыў Янка Купала.

Радзіма. Радавод. Сям’я

Браніслаў Эпімах-Шыпіла нарадзіўся 4 верасня 1859 г. у фальварку Будзькаўшчына Лепельскага павета Віцебскай губерні ў сям’і Ігната Вікенцьевіча і Ганны Аляксандраўны з роду Алецкіх. Дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі паспрыялі некаторым удакладненням яго радаводу. З Будзькаўшчыны паходзіла маці Ігната Вікенцьевіча Варвара Скрындзеўская — бабуля Браніслава. Магчыма, што пасля смерці ўладальніцы фальварка Будзькаўшчына Лізаветы Скрындзеўскай — маці Варвары — і атрымання некаторай долі ад спадчыны там і стаў гаспадарыць сын Варвары Ігнат. У хуткім часе пасля нараджэння першынца Браніслава маладая сям’я перабралася ў фальварак Залессе, дзе гаспадарыў дзед Вікенцій Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла. У дзеда была вялікая сям’я: сыны Ігнат — бацька Браніслава, Фадзей, Іван, дочкі Ганна і Юзэфа. На час пераезду сям’і Ігната ў Залессе тут, відавочна, жылі ўжо толькі дзед Вікенцій і бабуля Варвара: сын Фадзей жыў і працаваў інжынерам у Рызе, Іван — у Люцыне (цяпер г. Лудза ў Латвіі), дочкі Ганна і Юзэфа выйшлі замуж і таксама пакінулі бацькоўскі дом.

Эпімах-Шыпілы паходзілі са старадаўняга роду, карані якога даследчыкі знайшлі аж у XV стагоддзі. Праз стагоддзі гэты род так і не нажыў вялікіх багаццяў, а ў другой палове ХІХ стагоддзя і ўвогуле адносіўся да малазямельнай дробнай шляхты. Лад іх жыцця мала адрозніваўся ад сялянскага, і, як успамінаў Браніслаў Ігнатавіч, яму ў дзяцінстве даводзілася, як і ўсім вясковым дзецям, зведаць клопаты сялянскай паўсядзённасці. Калі хлопчыку было дзевяць гадоў, памёр бацька Ігнат, пакінуўшы ўдавой маці з трыма сынамі. Гаспадаром у сям’і і мудрым дарадцам заставаўся дзед Вікенцій Ігнатавіч, які пражыў пасля смерці сына Ігната яшчэ восем гадоў і паспеў адчуць гонар за свайго ўнука Браніслава — выдатнага вучня Рыжскай Аляксандраўскай гімназіі.

Імператарскі Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт. Выпрабаванне навукай

Пасля заканчэння Рыжскай Аляксандраўскай гімназіі амаль не ўзнікала пытанняў, дзе працягваць навуку. З 1876 г. настаўнікам гімназіі пачаў працаваць Рыгор Андрэевіч Янчавецкі, вядомы ў той час філолаг, спецыяліст па старажытных мовах. Выдатныя лінгвістычныя здольнасці любімага вучня давалі ўсе падставы Янчавецкаму рэкамендаваць яму гісторыка-філалагічны факультэт Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Тым больш што ў Пецярбургу ён зможа спыніцца ў яго сябра, пісьменніка Пятра Мікалаевіча Палявога, і быць гувернёрам яго сыноў-гімназістаў.

У доме Палявога Браніслаў пражыў амаль два гады. Ён за кароткі час авалодаў больш чым дваццаццю старажытнымі і сучаснымі мовамі, свабодна валодаў латынню, вывучаў усходнія культуры. Вучобу ва ўніверсітэце скончыў са ступенню кандыдата гісторыка-філалагічных навук. Аднак дыплом, пасведчанне на права выкладання і выключная эрудыцыя, як выявілася, не маглі гарантаваць яму працу. Пазней сам патлумачыць: «Але з прычыны таго, што я па дакументах лічыўся каталіцкай веры і не быў велікарускага паходжання, таму што ўсіх каталікоў лічылі палякамі, мне ўсюды адмаўлялі». Браніслаў Ігнатавіч яшчэ чатыры гады існаваў з выпадковых заробкаў.

Была ў жыцці Эпімаха-Шыпілы служба, якую ён вельмі цаніў і якой ганарыўся — праца ў бібліятэцы Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, якой аддаў трыццаць чатыры гады свайго жыцця. Ужо праз кароткі час ён стаў вядомым бібліёграфам.

Пецярбург. Беларуская справа

Пецярбургскі беларус Эпімах-Шыпіла змог сабраць у сталіцы Расійскай імперыі разрозненае зямляцтва: усіх прымаў, усім дапамагаў і ўсіх падтрымліваў. Ён рабіў галоўную справу свайго жыцця — гадаваў новае пакаленне беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Моладзь часта запрашаў проста паабедаць, выпіць гарбаты ці паслухаць свой знакаміты грамафон. Многія выдатныя беларусы, як Купала, Тарашкевіч, Жылуновіч, Цётка і інш., па праве былі яго духоўнымі дзецьмі. У 1906 г. на кватэры Браніслава Ігнатавіча паўстала першая беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца». Суполка праіснавала да 1913 г. і выдала больш як дваццаць беларускіх кніг, тры сшыткі часопіса «Маладая Беларусь», асветныя лісткі, беларускія паштоўкі.

Пецярбург — Мінск. Вяртанне

Лета 1917 года, як і многія ў сваім жыцці вакацыі, Эпімах-Шыпіла правёў на роднай Полаччыне. Пасля прыезду ў Залессе ён напісаў свайму сябру мастаку Язэпу Драздовічу: «26 прошлага чэрвеня месяца выехаў я з Петраграда і ўцёк такім чынам ад страхоцця, каторае там здарылася 3га, 4га і 5 ліпеня». 3 ліпеня 1917 г. у Петраградзе стыхійна пачалася дэманстрацыя рабочых і салдат, якая па загадзе Часовага ўрада была расстраляна. Гэтая трагедыя моцна ўзрушыла Эпімаха-Шыпілу. Усяго некалькі месяцаў таму ён вітаў лютаўскую рэвалюцыю з надзеяй, што і беларускі народ атрымае правы і свабоды. Вярнуўшыся ў апошнія дні жніўня ў Петраград, апынуўся ў віры падзей, якія часам мала разумеў, бо, па ўласным прызнанні, палітыкам быў дрэнным. Ён працягваў кожны дзень спраўна хадзіць на службу ва ўніверсітэцкую бібліятэку, куды ўсё менш і менш прыходзіла чытачоў. Спынілася выдавецкая дзейнасць Эпімаха-Шыпілы, сустрэчы беларускай інтэлігенцыі на яго кватэры сталі рэдкія, а пасля і зусім спыніліся, большасць калег і аднадумцаў раз’ехалася. Ён застаўся амаль адзін, церпячы страшэнныя пакуты ад голаду і холаду.

59.jpg

У 1921 г. урад БССР зрабіў спробу арганізаваць пераезд Эпімаха-Шыпілы ў Мінск. Але ўзніклі праблемы з вывазам маёмасці вучонага. Беларускі наркамат асветы, жадаючы дапамагчы яму, у 1924 г. звярнуўся ў СНК БССР з хадайніцтвам, і 17 снежня 1924 г. СНК БССР прыняў рашэнне аб прызначэнні яму пенсіі. Да таго ж Эпімах-Шыпіла быў абраны членам Інбелкульта. Яго жыццё вярталася ў вартае рэчышча. З’явілася шчаслівая неабходнасць прыязджаць у Мінск, ён актыўна перакладаў, рэцэнзаваў, кансультаваў праз перапіску.

І ўсё ж на Радзіму Эпімах-Шыпіла вярнуўся, і вяртаўся з вялікай радасцю. А галоўнае — вучоны і збіральнік прыняў рашэнне аб перадачы сваіх унікальных збораў Інстытуту беларускай культуры. Пасля прыезду ў Мінск Эпімах-Шыпіла быў прыняты ў доме паэта Альберта Паўловіча, а яго калекцыю размясцілі ў будынку Інстытута беларускай культуры па вул. Рэвалюцыйнай, 21. Разборам і апісаннем калекцый у Мінску займаўся сам Эпімах-Шыпіла. Пра гэта гаворыць заўвага Каспяровіча ў артыкуле «Там, дзе тварыў Каганец», які быў надрукаваны ў часопісе «Наш край» (№ 10 за 1928 г.): «Магчыма, што ў канцы разьбіраньня сваіх колекцый проф. Эпімах-Шыпіла (Менск, Рэвалюцыйная, 21) знойдзе якія-небудзь творы нябожчыка (К. Каганец)». Як бачым, у канцы 1928 г. калекцыі ўсё яшчэ разбіраліся і апісваліся, і іх поўная перадача ў Інстытут беларускай культуры да арышту вучонага ў 1930 г. так і не была завершана.

Спадчына і смутак страты

У зборах Эпімах-Шыпілы на час пераезду ў 1925 г. у Мінск значылася звыш 5000 адзінак кніг, рукапісаў і дакументаў. У выпадку, калі ўладальнік рарытэта не мог саступіць яму арыгінал, Эпімах-Шыпіла рабіў дакладную каліграфічную копію. Мэтанакіраваны пошук беларускіх рарытэтаў пазнаёміў яго з многімі калекцыянерамі, у тым ліку і з Аляксандрам Ельскім, які жыў у Замосці на Міншчыне. Вядома, што апошні прыслаў яму рукапіс недрукаванай камедыі Дуніна-Марцінкевіча «Залёты» разам з рэдкім здымкам шаноўнага аўтара, пачынальніка новай літаратуры. Паводле бездакорнай копіі Браніслава Ігнатавіча нам і вядомы сёння гэты выдатны твор. З далёкага Кракава дырэктар Ягелонскай бібліятэкі і знакаміты бібліёграф Эстрайхер у знак поўнага даверу прысылае яму ў арыгінале ўнікальны экзэмпляр марцінкевічаўскага перакладу «Пана Тадэвуша», забароненага, як вядома, у свой час царскай цэнзурай. Эпімах-Шыпіла робіць каліграфічную копію і з гэтага выдання, як капіруе і адшуканы недзе ў бібліятэчных нетрах верш Адама Плуга 1856 года «Да В. Марцінкевіча, беларускага пісьменніка».

Цікавіўся Эпімах-Шыпіла і нацыянальнымі музейнымі каштоўнасцямі, выкарыстоўваючы для набыцця рарытэтаў любую нагоду. Нават Янку Купалу даваліся такога роду даручэнні. Улетку 1912 года Купала ў Акопах вёў перамовы з уладальнікам нейкай адмысловай старасвецкай шаблі, каб набыць яе для збораў свайго пецярбургскага сябра.

У архіве Эпімах-Шыпілы доўгі час зберагаўся рукапіс трэцяга паэтычнага зборніка Багушэвіча «Скрыпачка». Мастак Язэп Драздовіч перадаў яму на захаванне свае малюнкі.

Эпімах-Шыпіла на працягу свайго жыцця вёў актыўную перапіску з многімі дзеячамі навукі, літаратуры, мастацтва. Кожны ліст завяршаў нязменным «Застаюся адданы Вам...» Але ні адзін з лістоў, дасланых Эпімаха-Шыпілу, не захаваўся.

60.jpg

Гаворачы пра архіўную спадчыну Эпімаха-Шыпілы, мы нязменна гаворым аб стратах. Першую вялікую страту прынёс пажар у яго сядзібе ў Залессі ў 1910 г. Пра гэта Браніслаў Ігнатавіч успамінаў: «Увесну 1910-га года, калі Янка (Я. Купала) жыў у мяне, атрымаў я са сваёй сядзібы Залессе за 20 вёрстаў ад Полацка сумную вестку пра тое, што дамок мой, які я будаваў сабе на старасць на працягу 10 гадоў, разам з іншымі пабудовамі згарэў датла. Гэта мяне так засмуціла і прыбіла, што я не мог ні есці, ні спаць і ледзь быў не захварэў».

Найгоршым было тое, што ў пажары загінула этнаграфічная калекцыя Эпімаха-Шыпілы, а таксама некаторая частка рукапісных і кніжных збораў, якія павінны былі пакласці аснову беларускага музея ў Залессі.

Мінск — Ленінград. Апошнія дні

Самым непрадказальным і трагічным у жыцці Эпімаха-Шыпілы стаўся 1930 г. 18 чэрвеня 1930 г. Эпімах-Шыпіла трапляе пад следства па сумна вядомай справе «Саюз вызвалення Беларусі». Падчас вобыску забіраюць асабістыя дакументы і перапіску вучонага. Сямідзесяцігадовы хворы чалавек прабыў у турэмнай камеры да 12 верасня 1930 г. Фінал усяго гэтага быў больш чым сумны: яму загадалі ў самы кароткі тэрмін пакінуць Беларусь.

У Ленінград, такі блізкі і добра знаёмы горад з яшчэ не забытай назвай Пецярбург, Эпімах-Шыпіла павёз невялікі пакунак дарагога для яго скарбу, дзе паміж усім была яго знакамітая «Беларуская хрэстаматыя», перапісаная ім у 1893 г. паэма Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» у перакладзе Дуніна-Марцінкевіча на беларускую мову, фарс-вадэвіль «Zaloty» Дуніна-Марцінкевіча, спіс «Рэвізіі ваяводства Полацкага» з арыгінала 1552 г., «Калядная пісанка» на 1904 год, аркушы з перапісанымі ў розны час беларускімі творамі і інш.

У Ленінградзе Браніслаў Ігнатавіч пражыў свае апошнія і самыя цяжкія гады. Ленінградскі вучоны-славіст Канстанцін Аляксеевіч Пушкарэвіч, актыўны ўдзельнік дарэвалюцыйнага гуртка, які збіраўся на кватэры Эпімах-Шыпілы, у гэты час як мог падтрымліваў свайго старога сябра. Ім жа быў зроблены і гістарычны запіс на форзацы «Беларускай хрэстаматыі»: «2-га чэрвеня пасля другога ўдара Браніслаў Ігнатавіч страціў прытомнасць і сканаў 6.VІ.34 а 8-ай г. раніцы ў бальніцы імя С. Пяроўскай». Гэта сведчыць яшчэ і пра тое, што свой рукапісны скарб Эпімах-Шыпіла перадаў менавіта Пушкарэвічу, і да 1942 г. ён захоўваўся ў асабістым архіве вучонага.

Пушкарэвіча не стала ў лютым 1942 г. На форзацы «Беларускай хрэстаматыі» з’явіўся яшчэ адзін запіс, на гэты раз рукой Лукі Бэндэ: «Атрымана ад Канстанціна Аляксеевіча Пушкарэвіча 13/1 — 1936 г. Завешчана ва ўласнасць 1.1.1942. Памёр Канстанцін Аляксеевіч у лютым 1942 у гасцініцы «Асторыя».

Так частка рарытэтаў са збораў Эпімаха-Шыпілы перайшла ў калекцыю Бэндэ, якая разам з асабістым архівам апошняга ў 1963 г. паступіла ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.

Вяртанне імя. Памяць

Эпімах-Шыпіла вельмі шчодра дзяліўся рарытэтамі са сваіх збораў. У рэдакцыю першага акадэмічнага збора твораў Максіма Багдановіча (1927–1928) перадаў пісьмы паэта ў выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». На пачатку 1929 г. перадаў Янку Купалу некалькі дзясяткаў яго вершаў дарэвалюцыйнага перыяду, якія ў свой час не друкаваліся з цэнзурных меркаванняў. Друкуючы гэтыя вершы ў часопісе «Полымя», Купала адзначыў: «Рукапісы гэтыя пакінутыя мною ў Браніслава Ігнатавіча, калі яшчэ я жыў у яго ў 1909 — 1913 гг. у Пецярбурзе і аб якіх я сам ужо быў забыўся... Адначасна выказваю тут шчырую падзяку праф. Эпімах-Шыпілу за яго мілую для мяне неспадзеўку».

Частку купалаўскіх матэрыялаў Эпімах-Шыпіла пераслаў літаратуразнаўцу Льву Клейнбарту, які распачаў працу над манаграфіяй пра Купалу. Колькі яшчэ людзей атрымалі неацэнныя дарункі ад Браніслава Ігнатавіча!? Не многае ацалела з яго багатых збораў. На вялікі жаль, згарэлі ў віхуры вайны многія рукапісы Купалы, страчаны рукапіс трэцяга паэтычнага зборніка Багушэвіча «Скрыпачка», зніклі «Беларускія адозвы і лісткі», і найвялікшая страта — вывезеная ў Германію ў Вялікую Айчынную вайну калекцыя, перададзеная ў свой час Інстытуту беларускай культуры, амаль цалкам загінула.

Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, «Звязда»

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Адукацыя Беларусы свету

40 дзён без Янкі Запрудніка. Яго сям’я дзякуе ўсім, хто выказаў спачуванне з нагоды смерці

40 дзён прайшло, як адышоў у лепшы свет Янка Запруднік, патрыярх беларускай дыяспары, доктар гісторыі, палітолаг,...

valiancina_shauchenka
Культура Грамадства Краіна

У Копысі адкрылі бюст Янкі Купалы аўтарства кітайскага скульптара

Скульптурную кампазіцыю з бюстам Янкі Купалы адкрылі 1 ліпеня ў пасёлку Копысь Аршанскага раёна — у месцы,...

valiancina_shauchenka
Грамадства

У Полацку затрымалі музыку гурта «Варган» Ксенію Глот

Пра гэта напісаў яе муж і музыка Канстанцін Путронак у сваім Facebook. «Яна пайшла ў РАУС даваць тлумачэнні...

valiancina_shauchenka
Музыка

«Біг-Біт» – лонгплэй, які злучае пакаленьні Віктар Сямашка выдаў альбом, запісаны зь піянэрамі белроку

«Біг-Біт» — лонгплэй, які злучае пакаленьні Віктар Сямашка выдаў альбом, запісаны зь піянэрамі белроку Музыка й паэта...

Апошнія навіны

    Культура Грамадства Краіна
    У Копысі адкрылі бюст Янкі Купалы аўтарства кітайскага скульптара
    Грамадства
    У Полацку затрымалі музыку гурта «Варган» Ксенію Глот
    Музыка
    «Біг-Біт» – лонгплэй, які злучае пакаленьні Віктар Сямашка выдаў альбом, запісаны зь піянэрамі белроку
    Культура Мастацтва
    «Гэтая выстава як раз для тых, хто застаўся»: чым дзеляцца ў сваіх працах мастакі ў Беларусі?
    Замежжа Беларусы свету
    Тры папулярныя пытанні беларусаў пры пераездзе ў Польшчу: легалізацыя, медстрахоўка і нумар PESEL
    Грамадства
    Журналістку Таццяну Мацвееву выклікалі ў міліцыю і распытвалі пра «экстрэмісцкае фармаванне»
    Культура Гісторыя
    Як Рэч Паспалітая флот стварала.Лекцыя ад гісторыка Андрэя Радамана
    Музыка Беларуская мова Беларусы свету
    Топ-5 беларускіх трэкаў ад басіста гурта «Relikt» Змітра Наркевіча
    Гісторыя
    Дамашняя вайна роду Сапегаў
    Культура Каляндар
    «Прыйшоў Пятрок – апаў лісток». Народны каляндар беларусаў на ліпень
    Літаратура Беларуская мова Беларусы свету
    Кнігі беларускіх пісьменнікаў Альгерда Бахарэвіча і Андрэя Адамовіча трапілі ў доўгі спіс прэстыжнай польскай прэміі Angelus
    Грамадства
    Адзіны ў Беларусі музей вузкакалеек адкрыюць пад Лідай. Як купка энтузіястаў ратуе тэхніку і дарогі
    Грамадства
    У Мінску пачаліся грамадскія абмеркаванні рэканструкцыі парку Горкага
    Культура Беларусы свету
    Выйшаў альбом беларускіх святочных строяў канца ХІХ стагоддзя
    Грамадства Адукацыя
    ЦТ па беларускай мове на 100 балаў здалі 67 чалавек, па рускай мове — 43

Афіша

  • 02.07 — 03.07

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Купалле на Запаведным востраве на Глыбоччыне

  • 02.07 — 24.07Выстава Марка Шагала ў Варшаве
  • 02.07 — 30.07Выстава «Янка Купала і Якуб Колас. Досціпы ад класікаў» у Мінску
  • 02.07 — 14.08Фотавыстава Віталя Бутырына «Паэтыка фотаграфікі» ў Мінску
  • 02.07 — 10.08Спаборніцтва па спартыўным арыентаванні Street-O ў Гродне
  • 02.07 — 09.07Выстава Аліны Блюміс «Межы і сінякі» ў Лос-Анджэлесе
  • 02.07 — 31.08Зброя ВКЛ на выставе ў Нясвіжы
  • 02.07 — 24.07Выстава выпускнікоў «Глебаўкі» ў Мінску

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • «Дзейнічай як ЕГУ»: студэнтка ЕГУ абвесціла сухую галадоўку ля ўваходу ва ўніверсітэт
    • Актывістка Бондарава зноў вядзе вайну з кнігамі. На гэты раз — у краме «Green»
    • «Всё, что было, разделилось на до и после». Гурт «Би-2» выпусціў антываенны кліп на песню «Калыханка»
    • У Крэўскім замку знайшлі тунэль XIV стагоддзя. Чым карысная гэтая знаходка?
    • Выйшаў альбом беларускіх святочных строяў канца ХІХ стагоддзя
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM