Творчы тандэм у складзе Эдуарда Акуліна і Леаніда Дранько-Майсюка выступіў у Рэспубліканскім цэнтры турызму і краязнаўства 11 ліпеня. Пра тое, як прайшла сустрэча з юнымі краязнаўцамі, апавядае намеснік старшыні СБП, паэт і бард Эдуард Акулін:
“Сустрэча прайшла з велізарным поспехам. Пры канцы зала праводзіла нас, як оперных артыстаў: стоячы і з крыкамі “Брава!” Гэта мы расцэньваем не як наш асабісты поспех, а як поспех сучаснай беларускай Паэзіі і Песні. Тым болей што выступалі мы не перад выпадковай аўдыторый. У Рэспубліканскім цэнтры турызму і краязнаўства сабраліся пераможцы абласных краязнаўчых конкурсаў з усёй Беларусі. Тэма згаданага конкурсу гучала як “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”, што вельмі сугучна з мэтамі культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой адбылася літаратурна-музычная імпрэза”.
На здымках:
1. Прыз ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” уручае Эдуард Акулін.
2. Леанід Дранько-Майсюк: “Беларускае краязнаўства трэба пачынаць з “вільнязнаўства”!