Беларускамоўны гурт з Брэсту “Спрат”, што ўжо паспеў сыграць на сцэне з многімі гуртамі нашай краіны, а таксама выпусціць свой дэбютны паўнавартасны альбом “Не чакай”, нядаўна запісаў міні-альбом “На плынях вясны”.
Міні-альбом ёсць вынікам супрацоўніцтва з гукарэжысёрам Анатолем Харытонавым (дарэчы, супольна з ім запісаная і першая кружэлка). Паводле зместу “Не чакай” атрымаўся ў нечым падобным да сімвалічнага звяна, якое злучае тэматыку і адметныя рысы песняў першага альбому з досыць новым гучаннем, скіраванасцю і зменамі ў стылістыцы “Спрата”. Спадзяемся, нам нарэшце-такі ўдалося ўвасобіць усё гэта не толькі на канцэртах, але і падчас плённай студыйнай працы.
Былі запісаныя як “правераныя” шматлікімі выступамі песні (напрыклад “Казачныя Сны”), так і, у якасці невялічкага эксперыменту, творы, якія да запісу міні-альбому ўвогуле нідзе не гучалі і не выконваліся (“Памірае свет” і “Адчуй”).
Таму запрашаем слухачоў да водгукаў, каментароў, крытыкі і проста выказвання думак на сайте www.sprat.name ці на старонцы гурта “Укантакце” .
Дарэчы, усе трэкі міні-альбому “На плынях вясны” размешчаныя ў сеціве для свабоднага спампоўвання.
Тэгі: Берасце