Brutto. Міхалок вярнуўся дамоў

Герой Міхалка кінуў займацца агітацыяй і прапагандай на лініі фронту і проста вярнуўся дамоў, дзе адсутнічаў з другой паловы 90-х. Па сутнасьці, гэта тыя ж “песьні нашага двара”, што і ў “Ляпісе” першага разьліву. Толькі што пяе іх ня той разьдзяўбай, а хлопец з суседняга пад’езду – той, які ходзіць у качалку ў ЖЭС і ў якога над ложкам вісяць постэры Шварца, Рэмба і… Якуба Коласа.

Праект Brutto за 17 дзён свайго існаваньня ў публічнай прасторы выдаў два кліпы і адзін альбом ды выклікаў шквал крытыкі нават з боку тых, хто езьдзіў “на Міхалка” ў бліжняе замежжа. Падкрэсьленая спартовая скіраванасьць яго новага гурта і пазбаўленыя інтэлектуальнага налёту песьні частку публікі ўсьміхнулі. Пачалі жартаваць: ёсьць сьпевы пра мяч і гіры, а дзе ж пра маты і турнічок. За песьню “Веселей”, дзе пяецца пра “гапырэй”, якія “получат пі..люлей”, Brutto параўналі з “Сектором газа”, што ўжо казаць пра шматпакутны “Мяч” (той, хто пачуе ўступ і падумае, што зараз будзе “Я верю-2”, моцна расчаруецца). Абсурдысцкі радок “Вот летит грач, ты не бей его ногою, бей ногою мяч” стаў інтэрнэт-мэмам, спарадзіў дзесяткі пародый ды натхніў фэнаў на стварэньне іранічнага кліпа.

Між тым герой Міхалка кінуў займацца агітацыяй і прапагандай на лініі фронту і проста вярнуўся дамоў, дзе адсутнічаў з другой паловы 90-х. Па сутнасьці, гэта тыя ж “песьні нашага двара”, што і ў “Ляпісе” першага разьліву. (“Пойду к своей малой, ёй весело со мной”). Толькі што пяе іх ня той разьдзяўбай – “паренёк под следствием”, а хлопец з суседняга пад’езду – той, які ходзіць у качалку ў ЖЭС і ў якога над ложкам вісяць постэры Шварца, Рэмба і… Якуба Коласа. Ён заўзее за мясцовую футбольную каманду і заўжды гатовы паганяць гопнікаў, якія, на яго думку, нічога не разумеюць у гэтым жыцьці і лічаць гопнікам яго самога. Такі выходзіць партрэт нэалюбэра на беларускі лад, які, аднак, трохі больш падкаваны ў філязофіі жыцьця і ведае больш чым адну мову.

Без сумневу, Brutto – новая вяршыня Міхалка-крыэйтара. Гэта дакладны стрэл у акрэсьленую аўдыторыю, проста велізарную, з магутным патэнцыялам і яшчэ маладасьледаваную. Гэта антыгіпстэрская музыка для заангажаваных пацаноў. Музыка качалак, трэнажорак, спортзаляў, якая праз гэта можа загучаць шырэй – на рынгах, арэнах, стадыёнах урэшце рэшт. Размова вядзецца на зразумелай для гэтай публікі мове: “По.уй мажоры, по.уй понты”, вось так і не інакш. Дадатковая павага з боку простых рабятаў з пралетарскіх раёнаў усяго постсаўка гарантаваная з улікам таго, што размаўляюць (у песьнях тут якраз размаўляюць) несумнеўныя аўтарытэты ў пэўных колах, імёны якіх непасьвячонаму абываталю анічога ня скажуць – Агурэц, Тапор, Бразіл, Лэфт… Міхалок пакінуў сабе ўсяго чатыры песьні, часткова перанёс адказнасьць на іншых гульцоў сваёй каманды, але пры гэтым ён цалкам кантралюе ўвесь працэс.

Будзем шчырымі, слухаць Brutto вельмі няпроста, прынамсі ў стане поўнага спакою ў хатніх альбо офісных умовах. Уласна таго, што можна назваць песьнямі, на альбоме хіба з тры. Гэта дзьве сынглавыя рэчы – Brutto i Underdog, а таксама “Наша возьме” – яшчэ адзін досыць удалы экспэрымэнт па ўцягваньни адраджэнскай паэзіі XX стагодзьдзя ў сучасны кантэкст. Гэтым разам актуалізаваны раньні верш Якуба Коласа, які і сапраўды гучыць так, нібы яго напісаў Міхалок. Астатняе – зусім бясхітрасныя крычалкі або нецікава перасьпяваныя чужыя песьні. З “гірамі” ды “мячамі” ўся ясна, але вось навошта было перапяваць Andrew W.K. і Duran Duran на мове арыгіналу, не зусім ясна. Масьцерыў альбом чалавек, які працаваў над “American IdiotGreen Day – грошы свае засвоіў сумленна, але агульную сытуацыю ўратаваць аніяк ня мог.

У кожнага свой ніз. У Вольскага, напрыклад, гэтым нізам былі “Куплеты і прыпевы”, у Міхалка – “Underdog”. Інтрыга ў тым, ці здолее выканаўца пасьля такога зрабіць нешта сапраўды вартае яшчэ да таго часу, калі публіка не напружылася і не зразумела, што ёй упарылі фуфло.

Спампаваць альбом на 34mag

Ідэя: 5
Выкананьне: 5
Тэксты: 5
Запіс: 7
Аздабленьне: 7

Сяргей Будкін