Пісьменніца Эн Морган (Ann Morgan) паставіла перад сабой мэту: прачытаць па адной кніжцы з кожнай краіны ў свеце за год.
Сярод беларускіх кніг, якія мне параілі прачытаць, былі наступныя:
Артур Клінаў “Горад сонца”
Уладзімір Караткевіч “Дзікае паляванне караля Стаха”
Васіль Быкаў “Сотнікаў”
Віктар Марціновіч “Параноя”
Святляна Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”
Мне іх парэкамендаваў Джым Дынглі, выканаўца абавязкаў старшыні Англа-беларускага таварыства. Увогуле на ангельскую мову перакладзена зусім няшмат твораў беларускіх літаратараў, таму выбар вельмі маленькі.
Лідарам сярод прапанаваных кніг была “Параноя” – забаронены раман сучаснага беларускага аўтара Віктара Марціновіча. Дынглі быў упэўнены, што пераклад на ангельскую павінен з’явіцца ў найбліжэйшы час. На жаль, калі я звязалася з Марціновічам, выявілася, што пераклад кнігі будзе надрукаваны выдавецтвам Паўночна-Заходняга Універсітэта (North Western University Press) толькі ў 2013 г. А да таго часу ўсё, што мне заставалася рабіць, – задаволіцца рэцэнзіяй на гэтую кнігу ў Нью-ёркскім кніжным аглядзе.
Наступная кніга, якая прыцягнула маю ўвагу, – “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча. Мне спадабалася гэтая назва. Дынглі кажа, што Караткевіча лічаць “самым беларускім пісьменнікам”. Ён даслаў мне спасылку на бясплатны pdf-файл. Наколькі ён ведае, гэта адзіны твор аўтара, перакладзены на ангельскую мову. Таксама Дынглі адзначыў, што пераклад не вельмі добры. Пасля ўсіх гэтых папярэджанняў, я ўсё-ткі вырашыла рызыкнуць.
King Stakh’s Wild Hunt by Uladzimir Karatkievich, translated from Belarusian by Mary Mintz (Belarusian Literature in English Translations, 2006)
“Дзікае паляванне Караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча; перакладзена з беларускай Мэры Мінц (Беларуская літаратура ў ангельскіх перакладах, 2006)
У гэтай гістарычнай аповесці 96-гадовы Андрэй Беларэцкі расказвае пра падзеі 1888 года, калі ён, яшчэ малады этнограф, трапляе ў загадкавы аддалены край недзе ў Беларусі, дзе мае спадзеў запісаць народныя паданні і легенды. Пасля таго, як яго карэта загразла ў адным са шматлікіх мясцовых багнішчаў, Беларэцкі знаходзіць паратунак у змрочным замку Балотныя Яліны, але хутка вымушаны зразумець, што небяспечныя багны – нішто ў параўнанні з жахамі, якія хаваюцца за сценамі замка. Андрэй спачувае гаспадыні замка Надзеі – апошняй прадстаўніцы арыстакратычнага роду Яноўскіх – і вырашае зрабіць усё, што ў яго сілах, каб вызваліць яе ад старажытнага праклёну, які перашкаджае ёй жыць паўнавартасным жыццём. Час ідзе, і праз некалькі тыдняў Беларэцкі пачынае разумець, што мясцовыя прывіды і здані – зусім не тое, чым яны здаюцца на першы погляд.
Аўтар расказвае нам цудоўную гатычную гісторыю, якая захоплівае чытача ў палон і не адпускае да апошняй старонкі. Усё пачынаецца з барацьбы за жыццё, калі экіпаж галоўнага героя трапляе ў змрочнае балота, а потым з’яўляюцца жахлівыя Маленькі Чалавек і Блакітная Жанчына, што бадзяецца калідорамі замка з ночы ў ноч, а таксама вусцішныя паляўнічыя, што нячутна скачуць на сваіх конях па навакольных гушчарах і пераследуюць усіх, каго сустрэнуць, да смерці… Караткевіч – майстар саспэнсу. Ён ведае, як прымусіць нас трымцець ад страху і тым не менш не выпускаць кнігу з рук, бо сюжэт такі захапляльны, што немагчыма адарвацца. У нечым гэта нагадвае творы іншых гатычных раманістаў, такіх як Анна Рэдкліф. Здаецца, што Караткевіч упіваецца гульнёй з чытачамі, назіраючы за тым, як мы на дыбачках прадзіраемся праз лабірынт, створаны яго ўяўленнем. Часам ён нават пакеплівае з працы пісьменніка: адзін з персанажаў робіць заўвагу Беларэцкаму, бо той вельмі нецярплівы і хоча дабрацца да сутнасці рэчаў занадта хутка: “Толькі ў дрэнных раманах усё сюжэтныя хады разблытваюцца лёгка і лагічна”.
Віртуознасць аўтара ў закручванні сюжэтных ліній падмацоўваецца вельмі добрай мовай. Мы чытаем, напрыклад, як Беларэцкі “адчуваў, як вецер стагоддзяў праляцеў за спіною”, калі ён разглядаў партрэты сям’і Яноўскіх і што “трэба быць чалавеканенавіснікам, каб выдумаць такія мясціны {навакольныя балоты і пушчы}, і ўяўленне пра іх можа з’явіцца толькі ў пячорным мазгу зласлівага ідыёта”. Аповесць настолькі выразная і экспрэсіўная, што я раптам заўважыла, што яна апанавала не толькі мае думкі, але і змяніла свет вакол мяне таксама: вось ужо тэлевізар ў маёй гасцёўні, здавалася, ператварыўся ў камін, дзе патрэсквае агонь, а замест невялічкага дожджыку за акном я пачала бачыць танец сняжынак… Я чытала “Дзікае паляванне”, і разам са мной усё, што было навокал мяне, трапляла пад непераадольнае зачараванне Караткевічам.
Вось тут я згадала каментар Дынглі наконт якасці перакладу. Не прымаючы да ўвагі адзін ці два нязграбныя моманты ў самім тэксце і крыху няўцямныя каментары па спасылках у канцы кнігі, сам тэкст надзвычай прыемны і чытэльны, і таму зусім не дрэнны. Калі людзі кажуць пра якасць твора, перакладзенага з замежнай мовы, яны звычайна маюць на ўвазе нязграбны і граматычна няправільны пераклад. Але ў дадзеным выпадку нічога такога няма. Мне падаецца, што Дынглі казаў пра суадносіны перакладзенага тэксту і арыгіналу. І сапраўды: ёсць адчуванне нейкай фамільярнасці… Я задаю сама сабе пытанне, як далёка ад арыгіналу адышла перакладніца Мэры Мінц, каб зрабіць гэты літаратурны твор максімальна прываблівым для англамоўных чытачоў (калі вы можаце праліць святло на гэты конт, калі ласка, паведаміце мне).
Тым не менш, ёсць адна рэч у аповесці, якая застаецца бясспрэчна беларускай: тэма нацыянальнага гонару, якой прасякнуты ўвесь твор. Яна з’яўляецца ў шматлікіх абліччах: ад згадак апавядальніка пра “візантыйскую Беларусь” на першых старонках кнігі да яго далікатных і часцяком адчайна-несуцяшальных назіранняў адносна таго, што адбываецца з яго радзімай, якія галоўны герой і яго суайчыннікі падзяляюць. Ёсць у гэтай аповесці, надрукаванай за савецкім часам, і крыху “хуліганскі” аспект: шматлікія кпіны з імперскай Расіі і карумпаванасці службовых асоб, якія працуюць на царскі рэжым. Усё гэта прыдае аповесці пэўную пікантнасць, асабліва ў апошніх частках, дзе Беларэцкі падбухторвае мясцовых сялян узняцца супраць таямнічых сіл, якія прыгнятаюць іх.
Блізкі да арыгіналу тэкст перакладу ці не, яго надзвычай прыемна чытаць. Аповесць прываблівае чытача сваёй дасціпнасцю і вусцішнасцю; гэта ідэальнае чытво для перадкаляднага снежаньскага вечара: кілішак добрага віна, плет, любімы фатэль і “Дзікае паляванне” – што можа быць лепшым падарункам для зацятых прыхільнікаў гатычнага рамана ва ўсім свеце?