30 лістапада ў гарадзкім палацы культуры адбудзецца дабрачынны канцэрт “Буду жыць”, прысьвечаны сусьветнаму Дню барацьбы са СНІДам. Выступяць два маладыя і нестандартныя беларускія гурты.
Удзельнікі:
Канцэптуальны праект «Harotnica» – гэта дэструктыўны пажарны аркестр з жаночым вакалам, элемэнтамі ска, клясыкі, джазу і ярка акрэсьленай маргінальнай творчай пазыцыяй. «Harotnica» – гэта малады праект заснаваны Андрусём Такіндангам у 2006 годзе. У яго склад уваходзілі тры жаночых акадэмічных вакалу, дамра, гітара, клярнэт, барытон, труба, барабаны. Дарэчы, заснавальнік – вядомы афрабеларус, які размаўляе па-беларуску. Андрусь ужо выступаў у Салігорску ў 2007 годзе на фэстывалі “Новы час” у складзе гурта “Рэха”.
Гурт «Ківач Фуко» нарадзіўся два гады таму. Творчыя рэсурсы гурту выцякаюць зь неўтаймаванага таленту Зьміцера Казлоўскага. Гэты апантаны майстар струны і вакалу досыць працяглы час выступаў у якасьці барда на шматлікіх вечарынах, сустрэчах, канцэртах па ўсёй Беларусі, Украіне і Польшчы (у тым ліку і на «Бардаўскай восені»), і нават запісаў свой дэма-альбом. Але з прычыны відавочнай рокавасьці ягоных тэкстаў і музыкі (хай сабе пад адну гітару) яго нават называлі – ня будзем сьціплымі – беларускім Бобам Дыланам.
Пасьля такіх заяваў стварэньне гурту было толькі пытаньнем часу. Сам Зьміцер Казлоўскі ўжо выступаў у Салігорску ў мінулым годзе ў межах аналягічнага дабрачыннага канцэрту.
Пачатак канцэрту ў 18:00, фае Гарадзкога Палаца культуры. (2 паверх)
Падчас мерапрыемства валянтэрамі будуць зьбірацца сродкі, які будуць перададзены дзецям на патрэбы дзецям, хворым на ВІЧ ад нараджэньня.
Уваход вольны.
Тэгі: Салігорск