Цяпер ніхто і не ўспомніць, але пяціхвілінны анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі!”, які 7 гадоў таму навёў шоргату ў медыйнай беларускай прасторы, першапачаткова задумваўся як рэклама. Аўтар ідэі, рэкламіст Юлія Ляшкевіч, атрымаўшы замову на стварэнне роліка пра дзейнасць кампаніі “Будзьма беларусамі!”, разважыла: чым здымаць ролік пра дзейнасць, лепш зняць ролік, які сам па сабе і будзе гэтай дзейнасцю ў найлепшым яе праяўленні. І прапанавала ідэю, нікім дагэтуль не скарыстаную: распавесці кароткую гісторыю Беларусі цікава.
У “Будзьме” ідэю падтрымалі, і праца пачалася . Вялася яна больш за год, але вынік быў варты і намаганняў, і часу. Кожны кадр мультфільма — невялікі шэдэўр ад рэжысёра-аніматара Юліі Рудзіцкай, які разышоўся на прынты, застаўкі, нават татуіроўкі, гэтак жа як тэкст Лявона Вольскага ў выкананні Аляксандра Памідорава — на цытаты. Мультфільм запусціў новую хвалю беларускасці, змяніў стылістыку, візуальны код ідэі. Мы сустрэліся з удзельнікамі тых падзей, каб успомніць, як вялася праца над мультфільмам.
Так выглядаў трэйлер мультфільма
Юлія Ляшкевіч, аўтар ідэі і прадзюсар
— Юля, у чым быў ваш асабісты інтарэс?
— Неўміручасць і слава! (смяецца) Проста хацелася зрабіць гэта добра. Пасля выхаду “Будзьма беларусамі!” я шмат разоў чула, колькі каштуюць такія вось мультфільмы. Гэта касмічныя лічбы. Наш бюджэт быў дастаткова сціплым. Але жаданне зрабіць добры прадукт і класная каманда вызначылі ўсё.
Унутры каманды былі вельмі добрыя чалавечыя адносіны, свабода дзеяння, што важна, і ўпэўненасць адно ў адным: што ўсе зробяць, ніхто не кіне. Я разумела, што калі б Юля адмовілася, я б не пацягнула праект. Так што калі патрэбны рэцэпт, як зрабіць нешта крутое, ён просты: запрасі найлепшых, і ўсё атрымаецца. Для мяне гэта быў вырашальны момант.
— Чаму спыніліся на гэтай ці не самай відавочнай канцэпцыі: топ-10 фактаў пра Беларусь, ды яшчэ і на рускай мове?
— Таму што ў большасці сваёй гісторыю людзі ведаюць дрэнна. Ну, а што тычыцца мовы, дык нам адразу сказалі, што гісторыю Беларусі на мове не будзе глядзець ніхто. Успомніце: гэта было 8 гадоў таму. Не было гэтай мяккай “беларусізацыі”, гэтых вышыванак. З нас тады яно і пачалося.
Я цяпер, магчыма, нясціпла скажу, але гэта як Сальвадорам Далі. Калі трапляеш у ягоны музей у Фігейрасе, думаеш: якое яно ўсё другаснае. А потым разумееш: ён проста быў ПЕРШЫ. Гэта яго потым паўтаралі, цытавалі, паляпшалі. Вось і ў нас так атрымалася: уся гэтая культура папсовых прынтоў і малюнкаў на кашулях і сукенках, усе гэтыя вышыванкі пачаліся з нашага мультфільма. Дагэтуль усё было сумна і ўрачыста. Пасля выхаду нашага мультфільма стылістыка змянілася.
Але і не ўсе факты там шырока вядомыя. Мала хто ведае пра згадку Беларусі Герадотам, пра племя неўраў і легенду пра ператварэнне людзей ў ваўкоў. Памятаю, мы складалі спіс гістарычных фактаў і разважалі, з чаго пачаць. Мне сказалі: ну, вядома ж, з сабора Святой Сафіі. Я тады падвісла: а што, у нас да Сафіі нічога не было? Дыназаўры не бегалі? Людзі не жылі? Давайце ад пачатку, ад Бога. Ён сказаў: “Будзьма!” — і стала Беларусь. Што мы, іншыя, не Богам створаныя, а неяк інакш?
Яшчэ мы расстаўлялі нязвыклыя акцэнты. Напрыклад, да нас ніхто не казаў пра вайну Напалеона як пра вайну беларуса з беларусам, ці пра Скарыну як пра мажора. Скарына — гэта адліты ў бронзе герой, які стаіць каля Бібліятэкі. А насамрэч там усё было нашмат цікавей.
Зноў жа — канцоўка. Мы не хацелі навязваць гледачам сваё бачанне, бо апошнія 20 гадоў — не гісторыя, а сучаснасць. Так узнікла ідэя, каб гледачы прыдумалі кожны сваю версію. Гэта не пра страх, не пра нейкі палітычны разлік. Цікава было б, каб людзі паспрабавалі адрэфлексаваць сваю гісторыю. З розных прычынаў ад ідэі адмовіліся.
— Наконт герояў. Як я ўбачыла, тут таксама быў пэўны акцэнт зроблены: на ваяроў, рэвалюцыянераў. Як вырашалі, каго з герояў пакідаць, каго выкрэсліваць?
— Але ж былі і касманаўты, і вучоныя, і мастакі… Нацыя праходзіць некалькі этапаў, і адзін з найбольш значных — усведамленне, што яна крутая. Наш мультфільм быў пра гэта. Адсюль і выбар герояў. Спіс быў велізарны. Шмат хто са знакавых асобаў не ўвайшоў.
Юлія Ляшкевіч падчас закрытага прагляду анімацыйнага фільма, 2011
У нас была цэлая экспертная каманда: Ніна і Алена з “Будзьмы”, Андрэй Эзерын, Багдан Арлоў, Зміцер Навіцкі, Севярын Квяткоўскі, Ігар Лялькоў. Спачатку мы проста накідвалі ўсе падзеі, што прыйшлі ў галаву. Потым выкрэслівалі, дадавалі, мянялі… Вы нават не ўяўляеце, якія бітвы ішлі за кожнага з герояў. За Ігната Дамейку, Васіля Быкава… Выбіралі старонкі, якімі можна ганарыцца. Падзеі, дзе мы не талерантныя, забітыя, сціплыя і нешчаслівыя, а тыя, дзе мы пераможцы, змагары, першапраходцы. Шмат хто ўпэўнены, што не было ў беларусаў ніякай гісторыі, акрамя 1945-га і 1917-га гадоў. А тут ім паказваюць гісторыю, ад якой дух займае.
— У тэксце ёсць словы “шалёны народ, беларускі народ”. Гэта не самая відавочная характарыстыка беларусаў. Мы ж па ўсіх падручніках — талерантныя. Гэта не выпадковыя словы?
— Вядома ж, не. Я наогул люблю слова “шалёны”. Ну і ўзяць хаця б цудоўную гісторыю пра Магілёў, калі за адну ноч ціхай сапай, без усялякага піяру, жыхары выразалі трохтысячны царскі гарнізон. Шалёныя, канечне! З аднаго боку. З іншага — гэта было фармаванне грамадскай думкі.
Аднойчы “Будзьма” праводзіла цікавае апытанне. У людзей пыталіся: якія беларусы? І яны адказвалі: сціплыя, працавітыя, талерантныя… ну, як вучылі. А потым у іх пыталіся: а ты які? І тут адказы вельмі парадавалі: я — змагар, я — круты, я — бескампрамісны… Ну, вы зразумелі.
— Якая была рэакцыя на мультфільм, памятаеце?
— Калі Юля (Рудзіцкая) паказала яго у Маскве, ёй адразу сказалі, што гэта дзяржзамова. Сапраўды, ён выглядае як прапагандысцкі. Калі мне пра гэта кажуць, дык заўсёды шэптам і просячы прабачэння. Але ж гэта так і ёсць. У любой іншай краіне гэта на 100 адсоткаў была б прапаганда. Любая краіна зацікаўленая ў такой рэкламе. Але не ў нас.
— А рэакцыя з боку дзяржавы?
— Канечне, куды ж без яе. Калі прайшла першая хваля праглядаў, журналісты tut.by патэлефанавалі ў Міністэрства замежных справаў, каб там распавялі пра сваё стаўленне да фільма. І там сказалі: добры мультфільм, але мы б не рэкамендавалі паказваць яго замежнікам. І на наступны дзень на партале выйшла навіна пра тое, што МЗС не рэкамендуе мультфільм да прагляду. Карацей, зрабілі рэкламу.
Мультфільм шмат каго натхніў тады, запусціў хвалю беларускасці. Літаральна на наступны год некалькі банкаў выдалі карпаратыўныя календары, прысвечаныя гісторыі Беларусі.
У школе мы яго паказвалі. Пасля прагляду да мяне падыходзілі бацькі і пыталіся: як атрымалася зрабіць такі антылукашэнкаўскі, такі апазіцыйны мультфільм? “Чаму апазіцыйны? — пытала я — Там няма ні слова пра Лукашэнку!” Яго спакойна можна паказваць на дзяржканале, і ніхто не заўважыць падвоху.
Рэакцыі было шмат, пры тым, што ён паказваўся толькі ў інтэрнэце, нічога, акрамя сацыяльных сетак, не было. Сыгралі сваю ролю фестываль “Аднак” і tut.by — дзякуй ім. У нас было каля мільёна праглядаў. А калі было 6 гадоў мультфільму, Ваня Шыла размясціў яго на “Свабодзе” яшчэ раз, і зноў — 60 тысяч праглядаў. Батлы на Youtube працягваюцца дагэтуль. Народ летапісы цытуе, дае спасылкі на навуковыя працы…. Я час ад часу люблю зайсці пачытаць.
Праца над праектам ішла больш за год. Паралельна ўсе вялі іншыя праекты. Былі знерваваныя тым, што вельмі марудна ўсё рухаецца. Патрэбна было пастаянна нагадваць, што звычайна так і бывае: ці доўга і якасна, ці хутка і абы-як. І дзякуй усім, хто цярпліва чакаў. Дзякуй “Будзьме”, якая верыла да апошняга і дала вялікую свабоду дзеяння!
Памятаю тую раніцу, калі мы выклалі фільм для прагляду, хваляванне ад рэакцыі гледачоў. Я год пасля прэм’еры не магла глядзець ролік. Памятала ўсё, што зрабілі, і асабліва — што не зрабілі. А калі паглядзела праз год, падумала: “Божа! Якую класную рэч мы стварылі!”
Юля Рудзіцкая, рэжысёр-аніматар
— Юля, як вы ўспрынялі ідэю зрабіць мультфільм пра гісторыю Беларусі?
— Мне яна падалася вельмі цікавай, бо анімацыю пра нашу гісторыю так яшчэ не рабілі. Быў і пэўны прафесійны інтарэс: распавесці гісторыю краіны, каб атрымалася кампактна і яскрава, не афіцыйна. Гэта быў цікавы творчы выклік.
Усё рабілася на энтузіязме, днямі і начамі. Бо вялікіх бюджэтаў не было. Але матывацыя была вельмі моцная, бо і праект незвычайны, і хацелася падтрымаць, натхніць людзей, узняць настрой.
Юля Рудзіцкая на фестывалі Аднак, 2014
— Вы неяк сказалі, што мультфільм быў выклікам. З чым была найвялікшая складанасць для вас як для мастака?
— Так, некалькі рэчаў былі выклікам. Па-першае, патрэбна было назбіраць шмат аўтэнтычнага візуальнага матэрыялу: усе гэтыя дакументы, ілюстрацыі, каб потым зрабіць калаж ці стылізацыю або скарыстаць нейкі элемент. Вось гэта было вельмі складана. Вельмі дапамаглі Багдан Арлоў і Уладзімір Арлоў. Саша Мілевіч далучыўся.
Таксама з рэжысёрскай пазіцыі: як гэта ўсё ўціснуць у кароткі фільм? Вельмі хутка тэкст ідзе, імгненна змяняюцца падзеі: 1 секунда, 3 секунды. Нельга было губляць рытм, дынаміку. Калі б мы хацелі проста распавесці пра важныя гістарычныя падзеі, дык было б значна прасцей. А задача была натхніць, таму тэмп трэба было трымаць. Хаця, канечне, мне дзе-нідзе вельмі не хапала паўзы.
Першапачаткова мы хацелі ўзяць сцены розных гарадоў і зрабіць іх як графіці. Аднак пасля ад гэтай ідэі адмовіліся. І прыйшлі да той, якая ў выніку атрымалася: калаж з анімацыяй, з вельмі дынамічнай зменай кадраў. Яшчэ вельмі важную ролю сыграў колер.
— Як вы шукалі візуал для фільма? Якія візуальныя коды выкарыстоўвалі?
— Я думаю, тут гэты культурны код бачны лепш людзям замежным. Я шмат разоў чула, што для еўрапейскага ці амерыканскага гледача ў маіх творах адчуваецца пэўны “Eastern European style”, для ўсходніх суседзяў — заходняя стылістыка. Яны адчуваюць нейкую інтанацыю. І так, я, зразумела, свядома выкарыстоўвала і колеры, і фактуры, і арнаменты, і гравюры… усе гэтыя элементы — часткі пэўнага культурнага коду, якія вызначаюць беларускасць, але асноўны пошук вобразаў, мастацкага ўвасаблення адбываецца на падсвядомым узроўні. Так што гэта такі мікс: свядомага і інтуітыўнага.
— Які з сюжэтаў стаўся самым запамінальным? Ці былі такія, над якімі давялося шмат разважаць?
— Сюжэт з падзелам Рэчы Паспалітай — разразанне пірага. Ён, памятаю, неяк адразу прыйшоў у галаву. Яшчэ хацелася пазбегнуць банальнасцяў, вобразаў, якія ўжо не ўспрымаюцца, у сюжэце пра Другую сусветную вайну. Доўга шукала гэтыя вобразы — метамарфозы мора ахвяр, са званамі Хатыні, пэўны рытм, маятнік.
Ёсць і персанальны момант у мультфільме. У мяне дома ёсць фотаальбом з выявамі Мінска. І ў тым ліку чорна-белае фота майго двара — раён Асмалоўкі, 50-я гады. Так ён выглядаў у дзяцінстве маёй маці. Там дагэтуль жывуць мае бацькі. І я яго выкарыстала, каб паказаць пасляваенны Мінск.
— Калі б была замова на працяг, пра якую частку гісторыі Беларусі вам было б цікава яго зрабіць?
— Ой… мне шмат чаго цікава. Можна было б зрабіць гумарыстычны анімацыйны серыял у стылістыцы Nickelodeon пра сучаснасць, напрыклад, ці рамантычную драматычную гісторыю пра сярэднявечча. З візуальнага пункту гледжання мне вельмі цікавая эпоха паганства, ну і сучаснасць таксама. У нас вялізны недахоп сучасных сюжэтаў.
Таксама было б цікава пра БНР зрабіць. Бо тэма 100-годзя з дня абвяшчэння для мяне не была раскрытая.
Каця Петухова