Магію забіваюць факты, магаў – інквізіцыя, адсюль я раблю выснову, што навукоўцы і цемрашалы – аднаго балота чэрці.
Гэта яшчэ няясна, ці ваўкалак – чалавек, які часам ператвараецца ў ваўка, ці ўсё ж воўк, які калі-нікалі бывае чалавекам.
Мой выпадак для марксістаў – наглядны прыклад таго, як сярэднявечны князь-феадал, паэксплуатаваўшы ўсмак прыгоннае сялянства, на вачах страчваў людское аблічча.
Хто гэтую назву – ваўкалак – увогуле прыдумаў? Я што, маляр ці прадавец у “Ваўкалакі і ваўкафарбы”?! Што гэта за “лак” такі?
Ваўкаluck? Ваўчынае шчасце? Гучыць не раўнуючы як «сабачае жыццё».
Ну, вялікая бяда – ваўкалак! Напрамілы Бог, шаноўны чытачу, у цябе ж ХХІ стагоддзе на дварэ: людзі больш не саромеюцца публічна прызнавацца, што яны, напрыклад, вегетарыянцы, ці, страшна падумаць, веганы. Наведваюць сабе свае веганскія капішчы, гадуюць дзетак у веганстве і веганшчыне. Нават ствараюць чыста веганскія шлюбы!
“Тры тысячы словаў аб паходзе Ігара” – гэтак называўся той няхілы закос пад фэнтэзі першапачаткова. Ну, я толькі губляюся ў здагадках, што зрабілі з астатнімі дзвюма тысячамі дзевяццюстамі дзевяноста дзевяццю словамі шматлікія пакаленні перапісчыкаў і рэдактараў. І якое адзінае слова яны ўсё ж літасціва пакінулі, таксама хацелася б дазнацца.
У лесе даўно пануе мультыкультуралізм і ліберальныя каштоўнасці, а таму адсутнічае такое часам бязлітаснае дзяленне на добрых і кепскіх. І калі цябе зжэрлі, гэта значыць не тое, што ты добры, але табе кепска, а твой крыўдзіцель – кепскі, але яму добра, гэта азначае, што баланс і раўнавага ў прыродзе прыйшла ў норму – і толькі. А адгэтуль крыўдаў і нараканняў на паскуднае абыходжанне і дрэнны лёс у нас няма.
Я не полацкі сепаратыст, я таксама збіральнік рускіх зямель… вакол сябе. Ведаеце, проста хочацца, каб Русь называлася не Кіеўская, а Полацкая.
Калі мяне запрашалі на княскі пасад у Кіеў, я, вядома, доўга адпіраўся, бо слова “пасад” мне да канца не зразумелае. “Княскі пасад” – гэта калі князёў садзяць, і яны кіруюць, ці калі іх садзяць, і яны адбываюць турэмнае зняволенне?
Ведаю я гэтых кіеўцаў: яшчэ проста так не дадуць княскую пасаду, а прымусяць з памаранчавымі харугвамі ў перадвыбарчую гонку ўключацца нароўні з іншымі кандыдатамі. Не тое што ў нас, у Полацку.
– Мы называемся полаўцы, – кажуць полаўцы, – а значыць, і горад Полацак – наш.
– А тады скажыце, калі ласка, дзе нам, палачанам, жыць? – пытаюся я.
– Вядома дзе – у рэчцы Палаце.