Выступы паэта Міхася Скоблы і салісткі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі Таццяны Матафонавай прайшлі на Валожыншчыне і Вілейшчыне 10 ліпеня.
Першы выступ адбыўся ў санаторыі-прафілакторыі “Іслач” Нацыянальнай акадэміі навук, які знаходзіцца ў маляўнічым лесе пад Ракавам.
Сваімі ўражаннямі падзяліўся Міхась Скобла: “Апошнім часам даводзіцца выступаць пераважна ў лясах: у летніках, на турысцкіх базах, у санаторыях. І я заўсёды ўспамінаю геніяльную беларускую прыказку, дзе кожны радок – суперлаканічная паэма і хваласпеў лесу: “У сасновым лесе – маліцца, у бярозавым любіцца, у дубовым – волю каваць, у яловым – душу д’яблу прадаваць”. З адпачыннікамі санаторыя “Іслач” мы сустракаліся ў саснова-бярозавым лесе, таму атмасфера была адпаведная… Пасля сустрэчы нам падаравалі слоік суніцаў, і гэта – адзін з самых памятных ганарараў у маім жыцці!”
Дзве наступныя сустрэчы прайшлі на Вілейшчыне – у намётавым летніку “Крынічка” на беразе Вілейскага вадасховішча і ў Дзіцячым аздараўленча-рэабілітацыйным цэнтры “Надзея”. На абедзвюх сустрэчах прысутнічала каля 100 чалавек. Прычым у летніку аўдыторыя была інтэрнацыянальная – там адпачываюць падлеткі з Расіі і ЗША. Паводле Таццяны Матафонавай, моўнага непаразумення не ўзнікала, беларуская песня з’яднала ўсіх:
“Я заўважыла, што сучасная моладзь, якой, відаць, ужо надакучыла папса, вельмі добра ўспрымае класічныя беларускія песні: “Не шукай ты мяне”, “Люблю наш край, старонку гэту”, “Дробненькі дожджык скача ля тына”, “Зорачкі”, “Мой родны кут”. Сонца, сосны і возера дапамаглі нам стварыць на сустрэчы дух яднання з Беларуссю і прыродай. А пасля спаткання арганізатары зрабілі нам нечаканы падарунак – пакаталі на байдарках па возеры”.
На сустрэчах ладзіліся конкурсы “Пазнай і растлумач”, пераможцы якіх атрымалі падарункі ад кампаніі, у межах якой праходзілі канцэрты, – “Будзьма беларусамі!”