Навошта Беларусі «шляхецкі код»?

27.03.2026
Усё цікавае ў нашай гісторыі за апошнія 500 гадоў — гэта пра шляхту. Войны, касцёлы, цэрквы, друкарні, падарожжы, авантуры, прававая і грашовая культура — усё гэта шляхта. Нават «сялянскі міф» у Беларусі будавалі патомныя дваране: Каліноўскі, Багушэвіч, Купала. Без шляхты — нікуды!

Alieś Kirkievič
Алесь Кіркевіч. Фота з асабістага архіва

Не верыце? Гаворка не толькі пра Сапегаў і Агінскіх. Гаворка пра шырокі слой грамадства, па некаторых паветах да 5-10% насельніцтва, які цягнуў за сабой усіх астатніх. Пра эліту ўсіх узроўняў: ад умоўнага збяднелага Вайтовіча з ваколіцы Вайтовічы (у якога з уласнасці адно герб і шабля) да — алігархаў Радзівілаў, некаранаваных каралёў.

Разам з гербам чалавек атрымлівае Душу

Чаму так? Бо шляхта — гэта пра Асобу. Не пра шырокія «працоўныя масы», якія рухаюцца невядома адкуль і невядома куды. Шляхта — гэта людзі, з імёнамі і прозвішчамі. Таму побач з гербамі — заўжды ініцыялы ўласніка. Было нават павер’е, што разам з гербам чалавек атрымлівае Душу. То бок, сваё «Я». Таксама — пакет прывілеяў і адказнасці.

Šliachta
Шляхта. Ілюстрацыя з адкрытых інтэрнэт-крыніцаў

Безумоўна, паўнавартаснае жыццё можна пражыць і без гербу, і без прозвішча, і без сваёй індывідуальнасці. Але ўвайсці ў гісторыю — цяжка. Прыналежнасць да шляхты — «палітычнага народу» — накладала нямала абавязкаў, але рабіла цябе суб’ектам гісторыі. Дазваляла сцвярджаць: «Я — ёсць».

Kaciaryna Vadanosava
Кацярына Ваданосава — спявачка і тэлевядучая, рэканструктарка гістарычных і традыцыйных беларускіх строяў, вядучая відэапраекта «Трызуб і Пагоня» на ютуб-канале «Будзьма беларусамі!»

Монстр, які паўстаў з сатыры Багушэвіча

Як жа сталася, што мы часцяком завёмся «сялянскай нацыяй»? Усё тут у нас, маўляў, даматканае і чорна-глінянае... Не жылі добра — не варта і пачынаць. Адкуль гэта? І што з гэтым не так? У канцэпце «сялянскай нацыі» нічога дрэннага няма. Акурат такім шляхам ішлі фіны або эстонцы. Там усё, бадай, з-пад саламяных стрэхаў — як мы любім.

Але ёсць розніца. Вось селянін-гаспадар, землеўласнік, хутаранін. А вось — селянін-люмпен: ні кала, ні двара. Акурат люмпенскую ідэалогію нам навязвалі ўсё ХХ стагоддзе. З сацыяльнай сатыры Багушэвіча паўстаў монстр «халопскай нацыі». Яго паднялі на штандар у БССР. І акурат ён, той самы монстр, перамог у 1994.

Згадайце мэйнстрымныя лозунгі тых выбараў: «адняць у багатых і раздаць бедным», «наказаць жырных акул», «чалавек із народа з чыстыми руками»...

Па вялікім рахунку, у 1994-м годзе перамог не канкрэтны чалавек, але — архетып. Тое халопскае і прымітыўнае, што жыло ў калектыўнай свядомасці.

Простыя рашэнні. Простыя адказы. Простыя людзі. Суцэльнае спрашчэнне і прымітывізацыя. Які вынік? Азірніцеся навокал. Усё гэта — плён перамогі калектыўнага люмпена. Або — калектыўнага «нішто» — Nothingness.

Нацыянальны прававы код без Сораса

Дык навошта нам узгадваць «шляхецкі код» сёння — у 2026 годзе? Гэта шлях да нармальнасці. Вяртанне да сябе. А вось адмаўляючы шляхецкі пласт нашай гісторыі, мы замыкаем кола. Сцвярджаем тое Nothingness як вечную парадыгму. Нічога іншага, маўляў, на беларускай глебе не расце.

А вось узгадка пра тое, што тут у нас усё было па-іншаму — гэта сапраўдная рэвалюцыя.

Нагадаю, у першасным значэнні «рэвалюцыя» — гэта вяртанне да колішняга правільнага парадку. Revolvere — каціць назад, вяртацца. А вяртацца — ёсць да чаго:

● недатыкальнасць асобы
● недатыкальнасць прыватнай уласнасці
● першанства закону
● права грамадзянаў на валоданне зброяй
● права грамадзянаў на паўстанне...

Vasiĺ KalačВасіль Калач — актор, рэжысёр, фехтавальшчык, рэканструктар у Беластоцкім клубе «Інвіктус», вядучы відэапраектаў «Сармат», «Беларусь 1863»

Усё гэта прыдумаў не Сорас, як нас стараюцца пераканаць.

Гэта — наш нацыянальны прававы код, прапісаны ў Статутах больш за 400 гадоў таму. Той самы, паводле якога і функцыянавала шляхецкая рэспубліка — Рэч Паспалітая абодвух народаў.

Час узгадваць. Час вяртацца.
Бо нам — ёсць куды вяртацца.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org